Вераснёўская кампанія 1939 года

Уварванне ў Польшчу 1939 года – 1 верасня – 6 кастрычніка (таксама Абарона Польшчы 1939 года, Вераснёўская кампанія 1939 года, Оборона Польши 1939 года, Сентябрьская кампания 1939 года, kampania polska 1939, wojna polska 1939, obrona Polski 1939, wojna obronna Polski) – абарончая вайна Войска Польскага супраць краін-саюзніц Германіі і Славакіі (з 1 верасня), якія ўварваліся без фармальнага аб’яўлення вайны на тэрыторыі Польшчы і Вольнага горада Гданьска, а таксама СССР (з 17 верасня). Вайна скончылася паразай Польшчы і яе падзелам паміж пераможцамі. Аб’ява вайны Германіі 3 верасня 1939 года з боку гарантаў Польшчы – Вялікабрытаніі (яе дамініёнаў Аўстраліі і Новай Зеландыі) і Францыі – паклала пачатак Другой сусветнай вайне.

Вераснёўская кампанія 1939 года (+). Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Вераснёўская кампанія 1939 года (+). Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Польска-германскія адносіны напярэдадні вайны

Польскае Памор’е

Версальская дамова, якая ўстанавіла новыя межы ў Еўропе, нават у малой ступені не задавальняла Германію. У яе ўзнік шэраг сур’ёзных прэтэнзій да суседніх дзяржаў. За межамі Веймарскай рэспублікі засталіся значныя тэрыторыі з кампактным пражываннем нямецкага насельніцтва. Такія, напрыклад, як Судзеты, Клайпеда або Вольны Горад Гданьск (Данцыг, Danzig). Германія рашуча патрабавала перагляду Версальскай дамовы. У прыватнасці, у адпаведнасці з прынятымі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919 года прынцыпамі самавызначэння нацый, яна імкнулася вярнуць страчаныя землі. Прыход да ўлады Адольфа Гітлера і ўсталяванне нацысцкага рэжыму пацягнулі за сабой ужо не толькі патрабаванні, а і рэальныя тэрытарыяльныя змены. У 1936 годзе два батальёны германскіх войскаў увайшлі ў дэмілітарызаваную Рэйнскую вобласць. А ў 1938 годзе Нямеччына далучыла да сябе Аўстрыю ў выніку аншлюса. Гэта было моўчкі прынята абодвума падпісантамі Версальскай дамовы – Францыяй і Англіяй.

Гданьск-Данцыг у 1936 годзе

Адной з галоўных перашкод у германа-польскіх адносінах з’яўлялася існаванне польскага Памор’я – часткі польскай тэрыторыі з выхадам да Балтыйскага мора. Немцы назвалі Памор’е «Польскім калідорам» (Polish Corridor, Польский коридор, Korytarz polski), бо ён аддзяляў асноўную частку Германіі ад Усходняй Прусіі. Акрамя выключна палітычных пытанняў, Памор’е ўвабрала ў сябе цэлы комплекс нявырашаных эканамічных праблем. У прыватнасці, з транзітам нямецкіх грузаў з Германіі ва Усходнюю Прусію і яго аплатай. Дайшло нават да таго, што ў лютым 1936 года Польшча наклала абмежаванне на транзіт да рашэння дадзенага пытання. Другім найважнейшым пунктам ва ўзаемаадносінах дзвюх краін быў Данцыг (Гданьск).

Польскі калідор, зялёным колерам пазначана тэрыторыя Вольнага горада Гданьска. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia 

Польскі калідор, зялёным колерам пазначана тэрыторыя Вольнага горада Гданьска. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Гданьскі крызіс 1932

Немцы яшчэ з 20-х гадоў усяляк імкнуліся парушаць дамоўленасці па Вольным Горадзе і абмежаваць права Польшчы ў Горадзе. Вынікам такіх спробаў стаў Гданьскі крызіс. У 1930 годзе Сенат Вольнага Горада адмовіў Польшчы ў яе законным праве карыстацца Гданьскім портам, спаслаўшыся на рашэнне Пастаяннай палаты міжнароднага правасуддзя ў Гаазе. А неўзабаве Сенат зацвердзіў стварэнне ў порце нямецкай паліцыі, што таксама ішло ўразрэз з прынятымі раней пастановамі. У 1932 годзе ў Гданьскі порт прыбылі з візітам тры брытанскіх эсмінцы. Маршал Юзэф Пілсудскі прыняў рашэнне выкарыстаць гэту падзею для дэманстрацыі законных правоў 2-й Рэчы Паспалітай. 14 чэрвеня ў порт увайшоў польскі эсмінец «Віхер». Камандаванне эсмінца атрымала выразны загад адкрываць агонь па ўстановах порта ў выпадку малейшай абразы польскага сцяга. На шчасце, да канфрантацыі не дайшло. 15 чэрвеня «Віхер» гарматным залпам вітаў брытанскія караблі. А 13 жніўня пастанова Сената была адмененая.
Аднак, у далейшым у Гданьску актыўна праводзілі падрыўную дзейнасць асабістыя прадстаўнікі Гітлера – гаўляйтэр НСДАП Альберт Форстэр і прэзідэнт Сената Вольнага Горада Артур Грайзер (пасля обергрупенфюрэр СС), якія арганізавалі антыпольскія выступленні з патрабаваннямі далучыць Гданьск да Германіі яшчэ ў 1933 годзе.

Эсмінец польскі ВМС “Віхер”. Здымак з WWII in color

Эсмінец польскі ВМС “Віхер”. Здымак з WWII in color

Палітычны крызіс сакавіка 1939 года

Пасля акупацыі Судзетаў у кастрычніку 1938 года на першы план германскай знешняй палітыкі высунуліся пытанні германа-польскіх адносінаў. 24 кастрычніка міністр замежных спраў Германіі Іаахім фон Рыбентроп правёў у Берліне гутарку з амбасадарам Рэчы Паспалітай Юзэфам Ліпскім, дзе вылучыў наступныя прапановы (да канца сакавіка 1939 года яны заставаліся ў тайне):

  • Далучэнне да Германіі Вольнага Горада Гданьска
  • Пракладка аўтастрады і чыгункі праз польскае Памор’е
  • Далучэнне Польшчы да антыкамінтэрнаўскага пакта (або, прынамсі, адкрытая заява польскага кіраўніцтва аб тым, што Польшча з’яўляецца палітычным партнёрам Германіі і стратэгічным праціўнікам СССР).
  • Узамен Польшчы былі прапанаваныя:
  • Узаемнае прызнанне існуючых польска-германскіх межаў
  • Падаўжэнне дагавора аб ненападзенні яшчэ на 25 гадоў
  • Адабрэнне Германіяй польскіх тэрытарыяльных прэтэнзій на Усходзе і дапамога ў вырашэнні пагранічных пытанняў з Венгрыяй
  • Супрацоўніцтва ў пытанні эміграцыі яўрэяў з Польшчы і каланіяльных праблемах
  • Узаемныя кансультацыі па ўсіх знешнепалітычных пытаннях.

Візіт Рыбентропа ў Польшчу, суправаджае міністр МЗС РП Юзаф Бек, студзень 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Візіт Рыбентропа ў Польшчу, суправаджае міністр МЗС РП Юзаф Бек, студзень 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

6 студзеня 1939 года, падчас візіту міністра замежных спраў Польшчы Юзэфа Бека ў Германію, Рыбентроп ў Берхтэсгадэне ў самай рашучай форме запатрабаваў згоды на далучэнне Данцыга да Германіі і транспартныя лініі праз Памор’е. Паколькі ўсе гэтыя патрабаванні паўтарыў і Гітлер на сустрэчы з Бекам, польскаму кіраўніцтву стала зразумела, што яны зусім не з’яўляюцца асабістай ініцыятывай Рыбентропа, як меркавалася раней, а зыходзяць ад самога кіраўніка Трэцяга рэйха. Па вяртанні з Германіі Юзэфа Бека ў сталічным Каралеўскім замку адбылася нарада з удзелам прэзідэнта РП Ігнацы Масьціцкага і галоўнакамандуючага Войска Польскага Эдварда Рыдз-Сміглы. На гэтай нарадзе германскія прапановы былі прызнаныя абсалютна непрымальнымі. Тым больш, што яны, несумненна, з’яўляліся толькі першым крокам у антыпольскіх дзеяннях Гітлера. У заяве ўдзельнікаў нарады падкрэслівалася, што прыняцце германскіх прапаноў непазбежна прывяло б да страты незалежнасці і зрабіла б Польшчу васалам Германіі. Адразу ж пасля нарады Галоўны штаб ВП прыступіў да распрацоўкі аператыўнага плана «Захад» на выпадак германскай агрэсіі.

21 сакавіка Гітлер у сваім мемарандуме зноў вярнуўся да патрабаванняў па Гданьску. Заклікі Польшчы выконваць узаемныя гарантыі па статусу Вольнага Горада ў адпаведнасці з рашэннямі Лігі Нацый нямецкім бокам былі адвергнуты. 22 сакавіка маршал Рыдз-Сміглы зацвердзіў аператыўны план «Захад». А на наступны дзень, 23 сакавіка, начальнік Галоўнага штаба ВП брыгадны генерал Вацлаў Стахевіч правёў хуткую тайную мабілізацыю чатырох дывізій Інтэрвенцыйнага корпуса, дыслакаванага ў Памор’і. 26 сакавіка ўрад Польшчы афіцыйна адказаў адмовай на мемарандум Гітлера.

Генерал Вацлаў Стахевіч і генерал Эдмунд Айрансайд (у касцюме). Польска-брытанскія штабныя перамовы, Варшава 17-21 ліпеня 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Генерал Вацлаў Стахевіч і генерал Эдмунд Айрансайд (у касцюме). Польска-брытанскія штабныя перамовы, Варшава 17-21 ліпеня 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Адначасова польскае кіраўніцтва ўмацоўвала кантакты з еўрапейскімі дзяржавамі. 31 сакавіка 1939 года Вялікабрытанія дабраахвотна прапанавала Польшчы ваенную дапамогу ў выпадку нападу і выступіла гарантам яе незалежнасці. Адказам Гітлера на гэту заяву стаў яго загад, аддадзены ў ноч на 4 красавіка: да канца верасня завяршыць тайную падрыхтоўку па плане «Вайс», які прадугледжваў уварванне на тэрыторыю Польшчы і поўны захоп краіны.

Прамова міністра Юзафа Бека ў Сейме з нагоды разарвання Гітлерам германа-польскага дагавора аб ненападзе ад 1934 года 

6 траўня польскі міністр замежных спраў Юзэф Бек падпісаў у Лондане пагадненне аб узаемных гарантыях паміж Вялікабрытаніяй і Польшчай. Гэта пагадненне паслужыла Гітлеру нагодай для разрыву 28 красавіка германа-польскага дагавора аб ненападзе ад 1934 года. Чарговым саюзнікам Польшчы стала Францыя. 19 траўня ў Парыжы быў падпісаны сумесны польска-французскі пратакол, які прадугледжваў як ваенную дапамогу, так і ўдзел у баявых дзеяннях у выпадку германскага нападу на Польшчу. Дадзены ўдзел прадугледжваў: дапамогу авіяцыяй у першы дзень нападу, сухапутнымі часткамі – на трэці дзень, і генеральным надыходам на праціўніка – на пятнаццаты дзень вайны. У гэты ж самы час немцы пачалі серыю правакацый на ўсіх участках польска-нямецкай мяжы. Ужо 20 траўня яны здзейснілі напад на польскі мытны пост у Калдове.

Генерал Тадэвуш Каспшыцкі і генерал Марыц Гамелен (справа), Парыж, травень 1939 года. Польска-французскія штабныя перамовы. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Генерал Тадэвуш Каспшыцкі і генерал Марыц Гамелен (справа), Парыж, травень 1939 года. Польска-французскія штабныя перамовы. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Адначасова працягвалася збліжэнне Германіі і СССР. 19 жніўня 1939 года Гітлер даў згоду на тэрытарыяльныя прэтэнзіі Савецкага Саюза, якія ўключалі ўсю ўсходнюю палову Польшчы да лініі рэк Нараў, Вісла і Сан, а таксама тэрыторыі Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і румынскай Бесарабіі. У гэты ж дзень Сталін пры адабрэнні Палітбюро прыняў рашэнне аб заключэнні германа-савецкага дагавора, які фармальна з’яўляўся пактам аб ненападзе. А ў сакрэтных пратаколах – фактычна союзніцкім дагаворам паміж Германіяй і СССР аб падзеле сфер інтарэсаў ва Усходняй Еўропе. Для заключэння дагавора ў Маскву на спецыяльным самалёце праз Кёнігсберг прыбыў Іаахім фон Рыбентроп. У ноч на 24 жніўня Пакт Молатава-Рыбентропа быў падпісаны ў Крамлі.

Заключэнне Пакта азначала згоду СССР на германскую агрэсію супраць Польшчы і яго ваенны ўдзел у гэтай агрэсіі. З падпісаннем Пакта савецка-брытанска-французскія перамовы, якія ўсё яшчэ фармальна ішлі, канчаткова страцілі ўсялякі сэнс і завяршыліся. Яшчэ да падпісання дамовы, адразу ж пасля атрымання згоды Сталіна 19 жніўня, Гітлер прызначыў на 22 жніўня ў Берхтэсгадэне нараду для вышэйшых чыноў вермахта. На ёй ён абвясціў дату нападу на Польшчу ў адпаведнасці з планам «Вайс» – 26 жніўня 1939 года. Аднак, 25 жніўня германскі фюрэр атрымаў вестку аб заключэнні польска-брытанскага саюза і, адначасова, аб адмове Бэніта Мусаліні ад удзелу Італіі ў вайне. Пасля чаго прынятае раней рашэнне аб нападзе на Польшчу было адменена. Тым не менш, Гітлер зноў вярнуўся да яго 30 жніўня, усталяваўшы новую дату – 1 верасня 1939 года. Канчаткова новая дата была прызначаная ў 0.30 31 жніўня.

Аперацыя Гімлер

Пасля завяршэння плана «Вайс» немцам заставалася толькі знайсці фармальную нагоду да вайны (казус беллі). Для гэтага службамі бяспекі рэйха быў падрыхтаваны шэраг правакацый на ўсёй працягласці польска-германскай мяжы (т.з. Аперацыя “Гімлер”). А менавіта – у 39 пагранічных пунктах. Правакацыі насілі адзін і той жа характар – напад спецпадраздзяленняў СС на нямецкія аб’екты і ўскладанне ўсёй віны за гэта на польскі бок. Адказнасць за выкананне аперацыі «Гімлер» была ўскладзена на шэфа РСХА обергрупенфюрэра СС Рэйнхарда Гейдрыха. Аперацыя працягвалася і пасля пачатку вайны (адным з яе этапаў сталі драматычныя падзеі ў Быдгошчы). На працягу ўсяго лета 1939 года мелі месца дыверсійныя напады на польскія пагранічныя аб’екты (блок-пасты, лясніцтвы, фабрыкі, чыгуначныя станцыі і г. д.). Атакам падвергліся, напрыклад, Катовіцэ, Касцежын і Млава. Дыверсанты падрывалі бомбы ў месцах найбольшага збору народа. Так, напрыклад, у апошні тыдзень жніўня ў Тарнуве яны заклалі выбухоўку ў багажнай зале вакзала. Пры выбуху загінулі 18 чалавек. Самымі ж вядомымі перадваеннымі правакацыямі ў ходзе аперацыі «Гімлер» можна назваць наступныя:

  • Напад на лясніцтва ў Бычыне (Пітшыне)
  • Напад на мытны пункт у Рыбніку-Стадолах (Хахліндэне)
  • Напад на радыёстанцыю ў Глівіцэ (Гляйвіцэ) – галоўная частка аперацыі «Гімлер».

У ноч на 26 жніўня група дыверсантаў абвера з Брэслаў здзейсніла напад на Яблункоўскі перавал з мэтай захопу тунэля і чыгуначнай станцыі. Дыверсанты натрапілі на ахову станцыі, але здолелі сыйсці. У гэтыя ж самыя дні другая група паспрабавала захапіць у Тчэве мост праз Віслу, але, уступіўшы ў бой з пагранічнай аховай і атрымаўшы страты, вымушана была адступіць. 1 верасня, пасля пачатку вайны, нямецкая дыверсійная група зноў зрабіла спробу захопу тчэўскага маста, які быў падарваны польскімі сапёрамі.

Нямецкі план атакі на Польшчу ў 1939 годзе (+). Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Нямецкі план атакі на Польшчу ў 1939 годзе (+). Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Гляйвіцкі інцыдэнт

Акцыю 31 жніўня 1939 года правёў штурмбанфюрэр Альфрэд Наўёкс. Каля 20.00 яго група, пераапранутая ў грамадзянскую вопратку (а не ў польскія мундзіры, як сцвярджаецца ў некаторых крыніцах; яны павінны былі паказваць не салдат, а сілезскіх нацыяналістаў), здзейсніла напад на радыёстанцыю пагранічнага гарадка Гляйвіц. Сама станцыя не перадавала ўласных праграм, а толькі рэтранслявала перадачы з Брэслаў. З вялізнымі тэхнічнымі цяжкасцямі немцам ўдалося перадаць толькі адну фразу: «Глівіцкая радыёстанцыя знаходзіцца ў польскіх руках!» Каля ўвахода ў будынак немцы кінулі цела раней застрэленага імі сілезца Фрацішака Ханьёка, вядомага сваёй прапольскай дзейнасцю.

Радыёстанцыя ў Гляйвіцы – месца нямецкай правакацыі.

Радыёстанцыя ў Гляйвіцы – месца нямецкай правакацыі.

Рана раніцай, выступаючы ў рэйхстагу, Гітлер заявіў: «Сёння ноччу Польшча ўпершыню страляла па нашай тэрыторыі, выкарыстоўваючы рэгулярную армію. Мы адкажам агнём не пазней 5.45».

МЗС Нямеччыны перад уварваннем

Германская дыпламатыя таксама прыкладала намаганні ў пошуках фармальнай падставы да вайны. У ноч на 30 жніўня Рыбентроп накіраваў брытанскаму амбасадару сэру Нэвілу Хендэрсану загадзя невыканальныя германскія патрабаванні, выкладзеныя ва ультыматыўнай форме. Польшча павінна была безагаварочна пагадзіцца на заняцце Данцыга германскімі войскамі. А таксама на плебісцыт па Памор’і. Прычым, на нямецкіх умовах. Польскі амбасадар Юзэф Ліпскі папрасіў аўдыенцыю ў Рыбентропа. Яна, ужо ў апошні раз, адбылася 31 жніўня ў 18.30 і скончылася безвынікова. Позна ўвечары таго ж дня радыёстанцыя Deutschlandsender перадала тэкст германскага ультыматума, які складаўся з 16 пунктаў (ультыматумы да гэтага Польшчы ніколі фармальна не прадстаўляліся), і абвясціла аб іх непрыманні польскім бокам.

Загад Гітлера ад 31 жніўня 1939 года ад тэрміне пачатку наступлення на Польшчу. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Загад Гітлера ад 31 жніўня 1939 года ад тэрміне пачатку наступлення на Польшчу. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

24 жніўня сакратар германскай амбасады ў Маскве Ханс фон Херварт перадаў амерыканскаму дыпламату Чарльзу Болену і яго французскім калегам тэкст сакрэтных пратаколаў Пакта Молатава-Рыбентропа. Дзяржсакратар ЗША Кордзел Хал праінфармаваў аб гэтым брытанскі МЗС. У Варшаву, зрэшты, дадзеная інфармацыя не паступіла. Польскае кіраўніцтва да апошняй хвіліны было ўпэўнена ў тым, што СССР будзе прытрымлівацца нейтралітэту ў польска-германскім канфлікце. Аднак, ужо 1 верасня 1939 года савецкая радыёстанцыя ў Мінску дапамагала люфтвафэ вызначаць каардынаты для бамбардзіровак польскіх аб’ектаў.

Ваенныя прыгатаванні

Тэрыторыя Польшчы выключна не выгадная для вядзення абарончых ваенных дзеянняў. Акрамя палескіх балотаў на ўсходзе і Карпацкага ўзвышша на поўдні, краіна практычна не мела натуральных перашкод. З прыкладна 5 700 км сухапутных межаў 2 700 км займала мяжа з Германіяй, 120 – з Пратэктаратам, больш чым 1 400 км – з СССР. Польска-германская мяжа была практычна адкрыта. Паколькі Польшча не мела неабходных сродкаў для будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў на такім вялізным участку, а яе ваенная дактрына будавалася на хуткай перадыслакацыі войскаў, контратаках і контрударах, краіна мела толькі асобныя фрагменты такіх збудаванняў. Галоўныя з іх знаходзіліся ў прамысловай Сілезіі і (часткова) у Сілезіі Цешынскай.

Варшава 6 жніўня 1939 года – польскае ваеннае кіраўніцтва на чале з маршалам Рыдз-Сміглым. Здымак з WWII in color

Варшава 6 жніўня 1939 года – польскае ваеннае кіраўніцтва на чале з маршалам Рыдз-Сміглым. Здымак з WWII in color 

Польская пехота ў паходным маршы. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Польская пехота ў паходным маршы. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Паўночны ўчастак меў умацаванні ў раёне Нараў, а таксама на мяжы з Усходняй Прусіяй – пад Млавай. З самых першых дзён незалежнасці 2-й Рэчы Паспалітай краіна рыхтавалася да вайны на Усходзе. Да пачатку 1939 года ў Галоўным штабе не існавала нават ваеннага плана на выпадак нападу Германіі. Толькі тады, калі гэтая пагроза стала рэальнай, быў падрыхтаваны праект абароны. Праект абапіраўся на наступныя асноўныя прынцыпы: у выпадку нападу на Польшчу фашысцкай Германіі – СССР захоўвае нейтралітэт, а Францыя выконвае свае саюзніцкія абавязацельствы ад 1921 года ці наносіць удар па агрэсару. Задачай польскіх войскаў з’яўлялася стрымліванне агрэсара і захаванне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў да таго часу, пакуль Францыя не ўступіць у вайну. Пасля чаго ўсё ўжо залежала ад сітуацыі на фронце. Усходнюю мяжу па дадзеным плане павінен быў ахоўваць Корпус Аховы Памежжа (КАП), які ўваходзіў у падпарадкаванне міністэрства ўнутраных спраў.

Польскі бамбардзіроўшчык PZL P.37 “Лось”. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Польскі бамбардзіроўшчык PZL P.37 “Лось”. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Польшча аб’явіла мабілізацыю 30 жніўня, але пад націскам саюзнікаў адмяніла яе і зноў аб’явіла 31 жніўня. Такая позняя мабілізацыя і яе раптоўная адмена прывялі да трагічных наступстваў. 1 верасня не больш за 70 працэнтаў частак знаходзіліся ў стане баявой гатоўнасці. А многія ўвогуле не змаглі прыбыць да месца дыслакацыі, вызначанай ваенным планам. Польшча саступала праціўніку не толькі ў колькасці войскаў, але і ў якасці ўзбраення. Так, напрыклад, з нямецкімі самалётамі маглі параўнацца толькі 36 двухматорных сярэдніх бамбардзіроўшчыкаў PZL P.37 «Лось» канструкцыі Ежы Дамброўскага – самыя сучасныя польскія самалёты на той перыяд. Сур’ёзнае замяшальніцтва выклікалі дзеянні нямецкай «пятай калоны» і скінутых з паветра дыверсантаў, якія імкнуліся любым коштам падарваць супраціў баявых частак і выклікаць паніку сярод грамадзянскага насельніцтва. 1 верасня было зроблена адразу некалькі спробаў авалодаць найважнейшымі камунікацыйнымі аб’ектамі.

Нямецкае ўварванне ў Польшчу

1 верасня каля 5 гадзін раніцы германскія войскі, згодна з планам «Вайс», без аб’яўлення вайны перайшлі ў наступ на ўсёй працягласці польска-германскай мяжы, а таксама з тэрыторыі Маравіі і Славакіі. Лінія фронту склала каля 1600 км. План «Вайс» прадугледжваў знішчэнне ўсіх польскіх узброеных сілаў на захад ад Віслы не пазней, чым праз два тыдні пасля пачатку аперацыі. У 4.40 1-ы дывізіён глыбінных бамбардзіроўшчыкаў імя Макса Імельмана (з 76-га палка люфтвафэ) пад камандаваннем капітана Вальтэра Зігеля пачаў бамбёжку Велюня. А праз паўгадзіны бомбы ўжо ўпалі на Хойніц, Старагард і Быдгошч. У выніку атакі на Велюнь загінулі 1200 чалавек, у асноўным, грамадзянскія асобы. Горад быў знішчаны на 75%.

Збамбардаваны фашыстамі Велюнь. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Збамбардаваны фашыстамі Велюнь. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

У 4.45 навучальны лінкор «Шлезвіг-Гальштэйн» атакаваў польскі Транзітны склад у Гданьску (Данцыг). Пачалася сямідзённая абарона Вестэрплатэ. У гэты ж самы час нямецкія войскі ўварваліся ў горад, дзе завязаліся ўпартыя баі за будынак «Польскай пошты» на плошчы Яна Гевелія. Толькі праз 14 гадзін немцы здолелі авалодаць будынкам. 1 верасня Альберт Форстэр, абвешчаны «кіраўніком Вольнага Горада Данцыга» пастановай Сената яшчэ 23 жніўня 1939 года, выступіў з заявай аб далучэнні Данцыга да рэйху. І ў той жа дзень камісар Лігі Нацый Карл Якаб Буркхардт і яго камісія пакінулі Гданьск. У другой палове дня немцы арыштавалі ў Гданьску першых 250 палякаў, якіх размясцілі ў створаным 2 верасня канцлагеры Штутгаф.

Нямецкія салдаты знішчаюць польскі памежны шлагбаум у Сопаце 1 верасня 1939 года.

Нямецкія салдаты знішчаюць польскі памежны шлагбаум у Сопаце 1 верасня 1939 года.

Каля 7.00 каля Олькуша польскі лётчык Уладзіслаў Гнысь падбіў першы нямецкі самалёт. У гэты ж час немцы паспрабавалі з паветра атакаваць Варшаву, але былі адбітыя польскімі знішчальнікамі.

Уварванне ў Польшчу. Амерыканскі інфармацыйны бюлетэнь

1 верасня нямецкія самалёты атакавалі Гдыню, Пуцко і Хель. Масіраваным бамбардзіроўкам падвергліся Верхняя Сілезія, Чэнстахова, Кракаў і нават размешчаны ў глыбіні краіны Гродна. 2 верасня ў налёце на Люблін загінула каля 200 чалавек, а затым яшчэ 150 чалавек пры бамбёжцы эвакуацыйнага цягніка, які стаяў на вакзале ў Кало.

Валынская брыгада кавалерыі ўступіла пад Мокрай у бой з 4-й нямецкай танкавай дывізіяй са складу 10-ай арміі. Цэлы дзень кавалерысты вялі няроўны бой з бронетанкавымі часткамі, патрыманымі артылерыяй і авіяцыяй. У ходзе бітвы яны, тым не менш, здолелі знішчыць каля 50 танкаў і некалькі самаходак. Ноччу брыгада адступіла на другую лінію абароны. Аднак, нямецкія войскі здолелі абыйсці яе і нанеслі ўдар у тыл польскім пазіцыям.

У Шыманкове немцамі быў расстраляны 21 чалавек – служачыя чыгункі і мытнікі, якія затрымалі нямецкі браняпоезд, а таксама 20 чалавек – члены іх сем’яў.

Марш нямецкіх войскаў па Польшчы 1 верасня 1939 года. Здымак з РГАКФД

Марш нямецкіх войскаў па Польшчы 1 верасня 1939 года. Здымак з РГАКФД

Пагранічная бітва

Памор’е. Нямецкае наступленне пачалося і развівалася ў поўнай адпаведнасці з дактрынай бліцкрыга. Аднак, ужо ў першыя дні яно суткнулася з жорсткім супрацівам польскіх войскаў, якія саступалі праціўніку ў ваеннай сіле. Тым не менш, засяродзіўшы на галоўных напрамках вялізную масу бронетанкавых і матарызаваных злучэнняў, немцы нанеслі моцны ўдар па ўсіх польскіх баявых частках. Пагранічная бітва разгарнулася 1-4 верасня ў Мазовіі, Памор’і, Сілезіі, а таксама на Варце. Ужо ў першыя дні наступлення германскія войскі ўзламалі абарону польскіх войскаў і занялі Куявію, частку Велькапольскага ваяводства і Сілезіі.

На поўначы галоўныя польскія сілы, сканцэнтраваныя ў раёне Млавы і ў Памор’і, да 3 верасня пацярпелі паразу. Армія «Модлін», якую атакавала 3-я нямецкая армія каля Млавы, вымушана была адступіць з раёна Млавы на лінію Вісла – Нараў. Армія «Памор’е» Уладзіслава Бартноўскага пасля цяжкіх баёў і страт у ходзе акружэння ў Борах-Тухольскіх, пакінула раён Памор’я. Пры адступленні праз Быдгошч, часткі арміі падвергліся нападу нямецкай “пятай калоны”. Адразу ж пасля заняцця Памор’я немцы перакінулі 4-ю армію разам з 19-м танкавым корпусам ва Усходнюю Прусію, каб пачаць адтуль наступ на Асобную аператыўную групу «Нараў». Разам з тым і польскім войскам удалося нанесці праціўніку некалькі балючых удараў. Адным з іх стаў бой пад Краянтамі, падчас якога 18-ы полк паморскіх уланаў разграміў 2-гі матарызаваны батальён 76-га матарызаванага палка 20-й матарызаванай дывізіі вермахта.

Уварванне ў Польшчу. Амерыканскі інфармацыйны бюлетэнь

Сілезія. У гэты ж самы час на паўднёвым усходзе сілы 10-й нямецкай арміі да канца дня 1 верасня прабілі брэш паміж войскамі «Лодзь» і «Кракаў», глыбока зламаўшы лінію фронту. Польскія войскі падвергліся магутнай атацы з боку 8-й і 14-й нямецкіх армій. Пад пагрозай акружэння абодва польскія злучэнні вымушаны былі адступіць. У цяжкім становішчы апынулася армія «Кракаў». На яе прыйшоўся галоўны ўдар 14-й нямецкай арміі, якая сіламі 8-га корпуса акружыла Верхнюю Сілезію і атакавала Рыбнік. У той час, як яе 17-ы корпус пачаў наступ на Бельска-Бялу, 7-я пяхотная дывізія корпуса ўступіла ў бой з сіламі 2-га палка КАП, якія займалі абарону на «Венгерскай Горцы». 2 верасня камандуючы арміяй «Кракаў» генерал Антоні Шылінг аддаў загад аб адступленні з Сілезіі.

Між тым, наступ 8-га нямецкага корпуса (8-я і 28-я пяхотныя дывізіі) на левае крыло аператыўнай групы «Шлёнск» генерала Яна Ягміна-Садоўскага адразу ж сустрэла моцнае супраціўленне польскіх войскаў. Увесь дзень 1 верасня прайшоў у жорсткіх баях з удзелам пяхоты, артылерыі і танкаў. 2 верасня немцы ўсёй моцай абрынуліся на Міколаў, Выры і Кабюр. Раніцай у контрнаступленне перайшоў польскі 75-ы полк, падтрыманы 1-м батальёнам 73-га палка (сам 73-ці полк знаходзіўся ў выключна цяжкім становішчы). Контрнаступленне 75-га палка прасоўвалася вельмі павольна. Да 17 гадзінаў полк авалодаў Жвакавам і абрынуў на немцаў па мікалаўскім напрамку магутны агонь артылерыі. Усяго было задзейнічана 14 батарэй, у тым ліку 5 цяжкіх. Аднак, да вечара стала вядома пра прарыў нямецкіх танкавых частак у тылы ОГ «Шлёнск». У той жа дзень камандуючы арміяй «Кракаў» генерал Антоні Шылінг аддаў загад аб адступленні з Сілезіі.

Катастрофа 7-й дывізіі пяхоты

7-я ДП генерала Януша Гансяроўскага (у 1932-1935 гг. узначальваў Галоўны штаб ВП) уваходзіла ў склад арміі «Кракаў». Дывізія абараняла 40-км участак Люблінец – Кшэпіцэ на стыку армій «Кракаў» і «Лодзь». У ноч на 2 верасня пад націскам 1-й нямецкай танкавай дывізіі 7-я ДП адступіла да Чэнстахове і заняла пазіцыі каля горада. У Вілкавецку эскадрон дывізіённай кавалерыі быў разбіты нямецкімі танкавымі часткамі, адкрыўшы тым самым участак абароны на стыку дывізіі з Валынскай БК.

2 верасня генерал Гансяроўскі атрымаў загад камандуючага арміяй «Кракаў» Антоні Шылінга адступіць у раён Янова. Вечарам, адбіўшы некалькі атак, дывізія пачала адыход. Раніцай 3 верасня яна дайшла, нарэшце, да месца канцэнтрацыі. У гэты час прыбыў сувязны са штаба арміі з новым загадам – адступаць у раён Прадзел, злучыцца з Кракаўскай БК і ўжо разам з ёй адыйсці за Піліцу. Каля 10 гадзін раніцы Гансяроўскі расклаў карту, каб вызначыць далейшы план дзеянняў, зыходзячы з новай абстаноўкі. У гэты час пачулася страляніна. Гэта па пазіцыях 74-га палка пяхоты раптоўна ўдарыла 2-я нямецкая лёгкая дывізія.

У адно імгненне дывізія аказалася амаль цалкам дэзарганізаваная. З вялікай цяжкасцю Гансяроўскаму ўдалося спыніць панічнае адступленне і арганізаваць яго прыкрыццё ар’ергардными часткамі. І з тога, і з другога боку меліся ўжо сур’ёзныя страты. Апоўдні дывізія была акружаная ў лесе каля вёскі Залаты Паток. Спроба вырвацца з кальца аказалася няўдалай.

Спачатку атака дывізіённай кавалерыі мела пэўны поспех і выклікала паніку ў штабе 2-й лёгкай дывізіі. Аднак, агонь пяхотных частак, падтрыманы танкамі, аказаўся вырашальным. 74-ы полк, у якім засталося ўсяго некалькі дзесяткаў байцоў, працягваў змагацца ў коле.

Вечарам часткі 7-й ДП распачалі яшчэ адну спробу вырвацца з акружэння двума групамі. Першай, у якую ўвайшлі частка 74-га палка, рэшткі дывізіённай кавалерыі і батальён сапёраў пад агульным камандаваннем палкоўніка Вацлава Вільнеўчыца, удалося прарвацца з кальца. Другая ж, якую ўзначальваў намеснік камандзіра 74-га палка падпалкоўнік Станіслаў Вілімоўскі, панесла вялізныя страты і была разбіта.

Раніцай 4 верасня акружаныя рэшткі польскіх частак склалі зброю. У палоне аказаўся і генерал Януш Гансяроўскі, які правёў усю вайну ў афлагу VII А-Мурнаў. Асобныя падраздзяленні самастойна спрабавалі прабіцца да асноўных сіл арміі. Сярод тых, каму пашанцавала, былі 1-ы батальён 25-га пяхотнага палка і батальён НО «Клобук».

Дзіўная вайна

У сувязі з агрэсіяй супраць Польшчы, 3 верасня 1939 года Вялікабрытанія і Францыя абвясцілі Германіі вайну. Яны накіравалі таксама ультыматум германскаму кіраўніцтву з патрабаваннем неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і вываду ўсіх войскаў вермахта з тэрыторыі Польшчы і Вольнага Горада Гданьска. Такім чынам, абедзве дзяржавы, у адпаведнасці са ўзятымі на сябе саюзніцкімі абавязацельствамі, апынуліся ў стане вайны з Германіяй. Днём раней, 2 верасня, французскі ўрад аб’явіў мабілізацыю і распачаў канцэнтрацыю сваіх войскаў на германскай мяжы.

Пачатак і спыненне ваенных дзеянняў

7 верасня часткі 3-й і 4-й французскіх войскаў перайшлі германскую мяжу ў Саары і ўклініліся ў прадполле Лініі Зігфрыда. Ніякага супраціву ім зроблена не было, а нямецкае насельніцтва Саара эвакуіравалася. 12 верасня ў Абевіле адбылося пасяджэнне французска-брытанскага вышэйшага ваеннага савета з удзелам Нэвіла Чэмберлена, Эдуара Даладзье і галоўнакамандуючага французскай арміяй Морыса Гамелена. У ходзе пасяджэння было прынята рашэнне аб «максімальнай мабілізацыі сродкаў да пачатку буйных сухапутных аперацый, а таксама абмежаванні дзеянняў ВПС».

На практыцы дадзенае рашэнне азначала спыненне французскага наступу і адмову ад саюзніцкіх абавязацельстваў у адносінах да Польшчы, прынятых 19 траўня 1939 года. У адпаведнасці з імі Францыя павінна была ўсімі даступнымі сродкамі распачаць наземны наступ на 15-ы дзень з пачатку мабілізацыі. А баявыя паветраныя дзеянні – з самага першага дня нямецкага ўварвання ў Польшчу. Польскія паслы ў Францыі (Эдвард Рачынскі) і Англіі (Юліўш Лукасевіч) беспаспяхова спрабавалі паўплываць на пазіцыю саюзнікаў і схіліць іх да выканання прынятых абавязацельстваў. Між тым, увесь абарончы план «Z» польскага Галоўнага штаба абапіраўся менавіта на наступ саюзнікаў. Апошнія мелі унікальную магчымасць развіць наступленне ў той адзіны кароткатэрміновы перыяд сваёй ваеннай перавагі над вермахтам і паўплываць на далейшы лёс усіх народаў Еўропы, уключаючы ўласны. Да самага заканчэння баявых дзеянняў у Польшчы германскае камандаванне было не ў стане перакінуць на Заходні фронт ні аднаго злучэння (акрамя вышэйузгаданай дывізіі горных стралкоў). Аднак, свайго шанцу саюзнікі не выкарыстоўвалі. Гэта мела для іх катастрафічныя наступствы ў 1940 годзе.

У верасні 1939 года ФКП пачала антываенную кампанію, заклікаючы салдат дэзерціраваць з арміі. 2 верасня яе дэпутаты прагаласавалі супраць ваенных крэдытаў. Генеральны сакратар партыі Морыс Торэз, прызваны ў войска, дэзерціраваў і збег у СССР. Ваенным судом ён быў прысуджаны да смерці.

Развіццё нямецкага наступлення

5 верасня 10-я нямецкая армія атакавала пазіцыі рэзервовай арміі «Прусы». У ходзе баёў пад Пётркувам-Трыбунальскім і Тамашувам-Мазавецкім армія «Прусы» пацярпела паражэнне і 6 верасня адступіла на правы бераг Віслы. Няўдачай для арміі завяршылася таксама і бітва пад Ілжай. А 1-я і 4-я нямецкія танкавыя дывізіі, захапіўшы пётркуўскую шашу, атрымалі адкрыты шлях на Варшаву. На Варце 8-я нямецкая армія прарвала абарону арміі «Лодзь» і адкінула яе на ўсход. У той жа час 3-я нямецкая армія адціснула армію «Модлін» на лінію Віслы. Склалася рэальная пагроза адсячэння армій «Памор’е» і «Познань» ад асноўных сіл. У гэтых умовах маршал Рыдз-Сміглы аддаў загад агульнага адступлення на лінію Вісла-Сан. 6 верасня Галоўны штаб перамясціўся з Варшавы ў Брэст. І ў гэты ж дзень сталіцу пакінулі прэзідэнт Ігнат Масьціцкі і ўрад РП.

Польскія танкі Renault FT-17 як загарода ў браме брэсцкай цытадэлі. 16 верасня 1939 года. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Польскія танкі Renault FT-17 як загарода ў браме брэсцкай цытадэлі. 16 верасня 1939 года. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Каб перашкодзіць агульнаму адходу польскіх частак, 3-я нямецкая армія атрымала загад аб надыходзе на Седльце праз Нараў і Буг. Ён, аднак, замарудзіўся з-за жорсткага супраціўлення польскіх гарнізонаў ў Ружанскіх фартах. У той жа час 14-я нямецкая армія атрымала загад аб адсячэнні польскіх войскаў ад перапраў праз Сан і наступе на Люблін. 5 верасня яна, нарэшце, завяршыла знясільваючыя баі пад Йёрданавам з войскам «Кракаў», дзе 10-я польская брыгада кавалерыі палкоўніка Станіслава Мачака нанесла 22-му танкаваму корпусу цяжкія страты. Корпус, які валодаў 15-кратным пераўзыходжаннем у танках і падтрымкай люфтвафэ, страціў больш за 100 танкаў і на працягу некалькіх дзён здолеў прасунуцца не больш, чым на 30 км. Гэтая затрымка забяспечыла адступленне частак арміі «Кракаў», якія знаходзіліся пад пагрозай акружэння.

Пачатак абароны Варшавы

Рэзка абвастрылася сітуацыя вакол польскай сталіцы. 8 верасня 16-ы нямецкі танкавы корпус (са складу 10-й арміі) атакаваў горад з раёна Гуры-Кальварыі. Пачалася абарона Варшавы. Для абароны сталіцы былі створаны дзве новыя арміі – «Варшава» (генерал Юліўш Румель) і «Люблін» (генерал Тадэвуш Піскор). Абедзве арміі, аднак, не валодалі дастатковымі сіламі. Становішча яшчэ больш ускладнілася тым, што на паўночным участку нямецкія войскі прарвалі фронт на стыку арміі «Модлін» і асобнай аператыўнай групы «Нараў». План акружэння польскіх частак на ўсход ад Віслы быў, аднак, сарваны ў гераічнай абароне Візны. У ходзе трохдзённых баёў абаронцы Візны пад камандаваннем Уладзіслава Рагініса стрымлівалі націск 10-й танкавай дывізіі Фалькенхорста і 19-га танкавага корпуса Гудзерыяна. (Пасля бітва за Візну атрымала назву «Польскія Фермапілы»).

Гарыць Каралеўскі замак у Варшаве. Здымак Archiwa Pa?stwowe

Гарыць Каралеўскі замак у Варшаве. Здымак Archiwa Pa?stwowe

У новай сітуацыі камандаванне ОКХ аддало загад адсекчы польскім войскам шляхі адыходу на ўсход, а таксама – эвакуацыі ў Румынію. Для гэтай мэты Гудзерыян рушыў на Брэст, а 22-гі танкавы корпус з складу 14-й арміі ўдарыў у напрамку Хелма. Адначасова частка сіл 14-й нямецкай арміі атакавала Львоў, каб перашкодзіць адступленне польскіх войскаў у Румынію.

10 верасня з падраздзяленняў арміі «Люблін» Галоўны штаб ВП стварае тры фронта: Паўднёвы (генерал Казімеж Саснкоўскі), Цэнтральны (генерал Тадэвуш Піскор) і Паўночны (генерал Стэфан Домб-Бернацкі).

Уварванне ў Польшчу. Амерыканскі інфармацыйны бюлетэнь

Бітва на Бзуры

Бітва на Бзуры (9 верасня 1939 г. – 22 верасня 1939 г.) – адна з бітваў Другой сусветнай вайны. Бітва адбывалася паміж польскімі арміямі “Памор’е” і “Познань” і нямецкімі 8-й і 10-й арміямі Групы армій «Поўдзень».

Агрэсія СССР супраць Польшчы

Нота савецкага ўрада

17 верасня пасол Польшчы ў СССР Вацлаў Гжыбоўскі быў выкліканы ў НКЗС, дзе яму была ўручана нота савецкага ўрада, у якой сцвярджалася, што «польская дзяржава і яго ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеянне дагаворы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Прадастаўленая самой сабе і пакінутая без кіраўніцтва, Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсялякіх выпадковасцей і нечаканасцяў, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, будучы дагэтуль нейтральным, савецкі ўрад не можа больш нейтральна ставіцца да гэтых фактаў», а таксама аб безабаронным стане ўкраінскага і беларускага насельніцтва. «З прычыны такой абстаноўкі савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». Польскі амбасадар адмовіўся «прыняць ноту, бо гэта было б несумяшчальна з годнасцю польскага ўрада». У выніку нота была перададзена ў амбасаду Польшчы, пакуль амбасадар знаходзіўся ў НКЗС. Што ж тычыцца савецкага пасла ў Польшчы Мікалая Шаронава, то ён разам з вайсковым аташэ Паўлам Рыбалка адбыў у Маскву 11 верасня «для атрымання ўказанняў».

Уварванне РСЧА ў Польшчу

У 5 гадзін раніцы 17 верасня 1939 войскі Беларускага і Украінскага франтоў перайшлі польска-савецкую мяжу на ўсёй яе працягласці і атакавалі блок-пасты КАП. Тым самым СССР парушыў па меншай меры чатыры міжнародных пагадненні:

  • Рыжскі мірны дагавор 1921 г. аб савецка-польскіх межах
  • Пратакол Ліцвінава, ці Усходні пакт аб адмове ад вайны
  • Савецка-польскі дагавор аб ненападзенні ад 25 студзеня 1932 г., працягнуты ў 1934 г. да канца 1945 г.
  • Лонданскую канвенцыю 1933 г., якая змяшчае вызначэнне агрэсіі, і якую СССР падпісаў 3 ліпеня 1933 г.

Урады Англіі і Францыі ўручылі ў Маскве ноты пратэсту супраць нічым не прыхаванай агрэсіі СССР супраць Польшчы, адхіліўшы ўсе апраўдальныя аргументы Молатава. 18 верасня лонданская «Таймс» ахарактарызавала дадзеную падзея як «удар нажом у спіну Польшчы». Разам з тым, сталі з’яўляцца і артыкулы, якія тлумачылі дзеянні СССР як маючыя антыгерманскую накіраванасць.

Знішчэнне савецкімі салдатамі польскіх памежных слупоў 17 верасня 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Знішчэнне савецкімі салдатамі польскіх памежных слупоў 17 верасня 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Уварваўшыяся часткі РСЧА сустрэлі жорсткі супраціў пагранічных частак. Тым не менш, вялікая перавага ў людзях і ўзбраенні дазволіла ім узламаць абарону КАП і пачаць хуткае прасоўванне на захад. У дадатак да ўсяго маршал Эдвард Рыдз-Сміглы аддаў у Кутах т. з. «Дырэктыву агульнага зместу», якая была зачытаная па радыё: “Саветы ўварваліся. Загадваю ажыццявіць адыход у Румынію і Венгрыю найкарацейшымі шляхамі. З Саветамі баявых дзеянняў не весці, толькі ў выпадку спробы з іх боку раззбраення нашых частак. Задача для Варшавы і Модліна, якія павінны абараняцца ад немцаў, без змяненняў. Часткі, да размяшчэння якіх падыйшлі Саветы, павінны весці з імі перамовы з мэтай выхаду гарнізонаў ў Румынію, або Венгрыю…”

Дырэктыва галоўнакамандуючага прывяла да дэзарыентацыі большасці польскіх вайскоўцаў, іх масавага палона і наступнай гібелі. У сувязі з савецкай агрэсіяй, прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі, знаходзячыся ў гарадку Косаў, звярнуўся да народа. Ён абвінаваціў СССР у зняважанні ўсіх юрыдычных і маральных нормаў і заклікаў палякаў захоўваць цвёрдасць духу і мужнасць у барацьбе з бяздушнымі варварамі. Масьціцкі таксама абвясціў аб пераносе рэзідэнцыі Прэзідэнта РП і ўсіх вышэйшых органаў улады «на тэрыторыю аднаго з нашых саюзнікаў». Увечары 17 верасня Прэзідэнт і ўрад РП на чале з прэм’ерам Феліцыянам Складкоўскім перасеклі мяжу Румыніі. А пасля апоўначы 17-18 верасня – Галоўнакамандуючы ВП маршал Эдвард Рыдз-Сміглы. Удалося таксама эвакуіраваць 30 тысяч ваенаслужачых у Румынію і 40 тысяч – у Венгрыю, уключаючы матарызаваную брыгаду, батальён чыгуначных сапёраў і паліцэйскі батальён «Голендзінув».

Жыхары вёскі Грудзевічы на Гродзеншчыне вітаюць савецкія войскі. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Жыхары вёскі Грудзевічы на Гродзеншчыне вітаюць савецкія войскі. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Нягледзячы на загад галоўнакамандуючага, многія польскія падраздзяленні ўступілі ў бой з надыходзячымі часткамі Чырвонай Арміі. Асабліва ўпарты супраціў часткі ВП аказалі пры абароне Вільні, Гродна, Львова (які з 12 па 22 верасня абараняўся ад немцаў, а з 18 верасня – таксама і ад РСЧА) і пад Сарнамі. 29-30 верасня польскія войскі разграмілі 52-ю стралковую дывізію РСЧА ў бітве пад Шацкам. У наваколлях Львова да 7 кастрычніка 1939 г. працягваўся супраціў асобнай польскай танкавай роты (каля 10 машын R-35/H-35), якая, не здолеўшы сыйсці ў Румынію, жорстка змагалася да апошняга танка (калі скончыліся боепрыпасы і паліва, экіпаж знішчыў танк).

Вайна на два фронта

Уварванне СССР рэзка пагоршыла і без таго катастрафічнае становішча польскай арміі. У новых умовах галоўны цяжар супраціву германскім войскам выпаў на Цэнтральны фронт Тадэвуша Піскора. 17-26 верасня адбыліся дзве бітвы пад Тамашувам-Любельскім – самыя буйныя ў Вераснёўскай кампаніі пасля бітвы на Бзуры. Задача складалася ў тым, каб сіламі армій «Кракаў» і «Люблін» пад агульным камандаваннем Тадэвуша Піскора (1-я бітва) і асноўнымі Паўночнага фронта (2-я бітва) прарваць нямецкую заслону ў Раве-Рускай, якая заступала шлях на Львоў (3 пяхотныя і 2 танкавыя дывізіі 7-га армейскага корпуса генерала Леанарда Векера). У ходзе найцяжэйшых баёў, якія вялі 23-я і 55-я дывізіі пяхоты, а таксама Варшаўская танка-матарызаваная брыгада палкоўніка Стэфана Равецкага, прабіць нямецкую абарону так і не ўдалося. Вялізныя страты панеслі таксама 6-я дывізія пяхоты і Кракаўская брыгада кавалерыі. 20 верасня 1939 г. генерал Тадэвуш Піскор абвясціў аб капітуляцыі Цэнтральнага фронта. У палоне апынуліся больш за 20 тысяч польскіх жаўнераў (у тым ліку і сам Тадэвуш Піскор).

Сустрэча нямецкіх і савецкіх салдат, верасень 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча

Сустрэча нямецкіх і савецкіх салдат, верасень 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча 

Цяпер галоўныя сілы вермахта сканцэнтраваліся супраць польскага Паўночнага фронта, у склад якога на дадзены момант ўваходзілі:

  • Армія «Модлін» генерала Эміля Пшэджымірскага (была цалкам скавана абаронай Модліна)
  • 39-я дывізія пяхоты (рэзервная дывізія разбітай арміі «Люблін»)
  • Часткі ОГ «Вышкув»
  • 1-я дывізія пяхоты легіёнаў
  • 41-я (рэзервная) дывізія пяхоты
  • 33-я дывізія пяхоты (рэзерв асобнай ОГ «Нараў»)
  • Аператыўная кавалерыйская група (генерал Уладзіслаў Андэрс)
  • Навагрудская брыгада кавалерыі
  • Часткі Мазавецкай брыгады кавалерыі
  • Часткі Валынскай брыгады кавалерыі
  • Часткі Пагранічнай брыгады кавалерыі
  • Камбінаваная брыгада кавалерыі (палкоўнік Адам Закшэўскі)

23 верасня пачалася новая бітва пад Тамашувам-Любельскім. Паўночны фронт знаходзіўся ў цяжкай сітуацыі. З захаду на яго насоўваўся 7-ы армейскі корпус Леанарда Векера, а з усходу – войскі РСЧА. Часткі Паўднёвага фронта генерала Казімежа Саснкоўскага ў гэты час спрабавалі прабіцца да акружанага Львова, наносячы шэраг паражэнняў нямецкім войскам. Аднак, у прадмесцях Львова яны былі спыненыя вермахтам і панеслі цяжкія страты. Пасля весткі аб капітуляцыі Львова 22 верасня войскі фронта атрымалі загад падзяліцца на невялікія групы і прабірацца ў Венгрыю. Аднак, далёка не ўсім групам удалося дабрацца да венгерскай мяжы. Сам генерал Казімеж Саснкоўскі быў адрэзаны ад асноўных частак фронта ў раёне Бжуховіц. У грамадзянскай вопратцы ён здолеў прайсці праз тэрыторыю, занятую савецкімі войскамі. Спачатку да Львова, а затым, праз Карпаты, у Венгрыю. 23 верасня адбылася адна з апошніх конных бітваў падчас Другой сусветнай вайны. 25-ы полк Велькапольскіх уланаў падпалкоўніка Багдана Стахлеўскага атакаваў нямецкую кавалерыі ў Краснабрудзе і захапіў горад.

Далейшае прасоўванне РСЧА

20 верасня савецкія войскі задушылі апошнія ачагі супраціўлення ў Вільні. Былі ўзятыя ў палон каля 10 тысяч польскіх вайскоўцаў. Раніцай танкавыя часткі Беларускага фронта (27-я танкавая брыгада 15-га танкавага корпуса са складу 11-й арміі) разгарнулі наступленне на Гродна і фарсіравалі Нёман. Нягледзячы на тое, што ў штурме прымалі ўдзел не менш за 50 танкаў, з ходу ўзяць горад не ўдалося. Частка танкаў была знішчана (абаронцы горада шырока ўжывалі бутэлькі з палаючай сумессю), а астатнія адыйшлі назад за Нёман. Гродна абаранялі вельмі невялікія падраздзяленні мясцовага гарнізона. Усе асноўныя сілы некалькімі днямі раней увайшлі ў склад 35-й дывізіі пяхоты і былі перакінутыя на абарону Львова, які быў асаджаны немцамі. Да частак гарнізона далучыліся дабраахвотнікі (у тым ліку харцэры).

Войскі Украінскага фронта пачалі падрыхтоўку да штурма Львова, намечанага на раніцу 21 верасня. Між тым, у асаджаным горадзе спынілася падача электраэнергіі. Да вечара германскія войскі атрымалі загад Гітлера адыйсці ад Львова на 10 км, бо, па пагадненні, горад адыходзіў да СССР. Немцы распачалі апошнюю спробу змяніць гэтую сітуацыю. Камандаванне вермахта зноў запатрабавала ад палякаў здаць горад не пазней за 10 гадзін 21 верасня: «Калі здадзіце Львоў нам – застанецеся ў Еўропе, калі здадзіце бальшавікам – станеце назаўсёды Азіяй». У ноч на 21 верасня германскія часткі, што асаджалі горад, пачалі адыход. Пасля перамоваў з савецкім камандаваннем генерал Уладзіслаў Лангнер прыняў рашэнне аб капітуляцыі Львова. Яго падтрымала большасць афіцэраў.

Абарона ўзбярэжжа

У адпаведнасці з планам «Пекін» дывізіён эсмінцаў польскіх ВМС (у складзе караблёў «Гром», «Блыскавіца» і «Бужа») быў адпраўлены ў Англію яшчэ да пачатку вайны. Да 1 верасня 1939 года на Балтыцы заставаліся толькі дзве падводныя лодкі – «Ожэл» (здолеў сыйсці з Таліна пасля інтэрніравання) і «Вілк». Астатнія буйныя надводныя судны – эсмінец «Віхер» і мінны загараджальнік «Грыф» загінулі пасля паветраных налётаў люфтвафэ ў першыя дні верасня. Тральшчыкі «Мева» і «Рыбітва» прымалі ўдзел у баях да другой паловы верасня. І, нарэшце, тры астатнія падлодкі – «Семп», «Рысь» і «Жбік» – пасля заканчэння баёў былі інтэрніраваныя ў Швецыі.

Канец вайны

Канец верасня і пачатак кастрычніка сталі завяршэннем існавання незалежнай польскай дзяржавы. Да 28 верасня абаранялася Варшава, да 29 верасня – Модлін. 2 кастрычніка завяршылася абарона Хеля. Апошнімі склалі зброю абаронцы Коцка – 6 кастрычніка 1939 года. На гэтым скончылася ўзброенае супраціўленне рэгулярных частак Войска Польскага на тэрыторыі Польшчы. Для далейшай барацьбы з Германіяй і яе саюзнікамі былі створаны ўзброеныя фарміраванні, складзеныя з польскіх грамадзян:

  • Польскія ўзброеныя сілы на Захадзе
  • Армія Андэрса (2-гі Польскі корпус)
  • Польскія ўзброеныя сілы ў СССР (1943-1944)

Супраціў жа германскаму акупацыйнаму рэжыму на тэрыторыі зноў створанага Генерал-губернатарства ажыццяўляла Польская падпольная дзяржава.

Пераклад артыкула з Энцыклапедыі Wikipedia «Вторжение в Польшу (1939)»
Пераклад і ўкшталтаванне ww2pl.info

Чытайце таксама:

  • «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 — 1948»
  • Выстава “Помню. Катынь 1940” у Віцебску
  • У Мінску адкрылася выстава пра Катынь
  • Учора скончылася вайна…
  • Катынскія дакумэнты рассакрэчаныя (фота)
  • line
    footer
    © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
    Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes