Беспрэцэндэнтны акт вандалізму шакаваў Польшчу. Невядомыя скралі шыльду з надпісам “Arbeit macht frei” (па-нямецку “Праца вызваляе”) з тэрыторыі былога нацысцкага лагера смерці Аўшвітц (Асвенцім). Здарэнне адбылося ўначы. Тэрыторыя лагеру кантралюецца чатырма ахоўнікамі, працуе відэаманіторынг, але нават гэта не перашкодзіла злачынцам здзейсніць гнюсны ўчынак.
Ахова не змагла патлумачыць, якім чынам яна не заўважыла злачынцаў. Тэрыторыя лагера – каля 200 гектараў.
Паліцыя Малапольскага ваяводства паабяцала буйную ўзнагароду за інфармацыю пра злодзеяў. Паводле паліцыянтаў, іх павінна быць некалькі. Шыльда з надпісам “Arbeit macht frei” мае ў даўжыню каля 4,5 метраў.
Галоўны камендант польскай паліцыі Анджэй Матэюк паведаміў Польскаму радыё, што праваахоўныя органы разглядаюць некалькі версій здарэння: “Гэта могуць быць калекцыянеры. Мы не выключаем, што злачынцамі кіравала жаданне прадаць шыльду ў пункце прыёму металалому”.
Мясцовыя праваахоўнікі перакананыя, што злачынцы загадзя падрыхтавалі свой план. “Яны мелі з сабою ўсе неабходныя інструменты,” – падрэсліў прэс-сакратар малапольскай паліцыі Дарыюш Новак. – Версія, што гэты маглі быць зборшчыкі металу, натуральна, магчымая. Але яна маларэальная. Гэты была падрыхтаваная акцыя. Некалькі чалавек увайшлі на тэрыторыю лагера, прынеслі з сабою лесвіцу, адкруцілі шрубы. У такі мароз гэта няпростая справа. Акрамя таго, у выніку даследавання слядоў злачынцаў мы ведаем, што шыльда была выцягнутая праз дзірку ў сцяне. Мы дапускаем, што пасля гэтага яе вывезлі на аўтамабілі”.
Навіна пра здарэнне ў Асвенцыме разышлася па ўсім свеце. Самыя ўплывовыя і масавыя СМІ паведамляюць пра варварскі акт вандалізму. Урад Ізраіля звярнуўся да ўладаў Польшчы знайсці адказных.
“Цяжка зразумець крадзеж з такога месца, як Аўшвітц” – сказаў Лешак Шустэр з Міжнароднай асвенцымскай рады. – У такія моманты не хапае словаў. У розныях музеях свету захоўваюцца рэчы, якія каштуюць мільёны. Брама ў лагер Аўшвітц знаходзіцца па-за гэтым крытэрам. Гэта беспрэцэндэнтнае здарэнне. Адзінае, што нам застаецца – гэта выказаць сваё абурэнне й надзею, што ў найбліжэйшы час шыльду знойдуць”.
Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі звярнуўся да палякаў з просьбай дапамагчы паліцыі злавіць злачынцаў. Павел Выпых з канцылярыі галавы дзяржавы сказаў: “Лагер Аўшвітц – гэта надзвычайнае месца. Учынак невядомых злачынцаў неабходна надзвычай моцна асудзіць. Прэзідэнт спадзяецца, што дзеянні паліцыі і ўсіх зацікаўленых дапамогуць як мага хутчэй знайсці вінаватых. Я спадзяюся, што гэтая шыльда вернецца”.
Прэм’ер Дональд Туск выказаў глыбокае абурэнне з нагоды апаганьвання мемарыяльнага комплексу на месцы былога нацысцкага канцлагера Аушвіц-Біркенаў у Асвенцыме. Кіраўнік урада Польшчы выказаў перакананне, што праваахоўнымі органамі будуць распачатыя энергічныя дзеянні для выяўлення зламыснікаў і вяртання гістарычнага надпісу, бо інцыдэнт можа негатыўна паўплываць на міжнародны імідж краіны: “Тым больш, што Польшча зрабіла на міжнароднай арэне эфектыўныя намаганні з мэтай стварэння фонду па ахове і рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу ў Асвенцыме. Я моцна абураны здарэннем. Гэты скандальны выпадак кладзецца ценем на нашыя намаганні па стварэнні міжнароднага асвенцымскага фонду”.
Галоўны польскі рабін Міхаэль Шудрых абураны крадзяжом шыльды: “Лагер Аўшвітц – гэта месца памяці і напаміну будучым пакаленням… Гэта месца, дзе адбыўся самы страшны генацыд у гісторыі чалавецтва. Гэта месца, якое павінна нагадваць кожнаму: ніколі болей…”
Шыльду “Arbeit macht frei” зрабілі лагерныя вязні. Апрача Асвенцыма, такія надпісы знаходзіліся ў некалькіх іншых нацысцкіх лагерах смерці.
Юрый Сцяпанаў паводле www.radyjo.net
Здымкі fot. Jacek Bednarczyk/PAP, interia.pl
Каментаваць
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |