17 верасня 1939 года.
Да 16 верасня нямецкія войскі занялі Брэсцкую крэпасць і выйшлі на лінію Асавец – Беласток – Бельск – Камянец-Літоўск – Влодава – Уладзімір-Валынскі – Замосць – Львоў – Самбор, на адлегласць 150-200 км ад савецкай мяжы. Варшава была акружаная, польскі ўрад і стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага маршала Эдварда Рыдз-Сміглы былі перанесеныя ў Каламыю, каля польска-румынскай мяжы. Польскія дывізіі, якія знаходзіліся на мяжы з СССР, былі перакінутыя на захад, для ўзмацнення польска-германскага фронту.
Становішча нямецкіх дывізій на раніцу 17 верасня 1939 года (+). Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
У 2 гадзіны ночы з 16 на 17 верасня Сталін выклікаў Шуленбурга і паведаміў яму, што «Чырвоная Армія перасячэ савецкую мяжу ў 6 раніцы … Савецкія самалёты сёння пачнуць бамбіць раёны на ўсход ад Львова». У 3 гадзіны ночы замнаркама замежных спраў В. П. Пацёмкін зачытаў польскаму паслу ў Маскве В. Гжыбоўскаму ноту, у якой было заяўлена, што вайна выявіла ўнутраную нежыццяздольнасць Польшчы, і што да гэтага часу польскі ўрад збег, войскі не аказваюць супраціву, а гэта азначае спыненне дзеяння дагавораў паміж Польшчай і СССР. Гжыбоўскі адмовіўся прыняць ноту:
«Ні адзін з аргументаў, выкарыстаных для апраўдання ператварэння польска-савецкіх дагавораў у пустыя паперкі, не вытрымлівае крытыкі. Па маёй інфармацыі, кіраўнік дзяржавы і ўрад знаходзяцца на польскай тэрыторыі [...]. Суверэннасць дзяржавы існуе, пакуль салдаты рэгулярнай арміі змагаюцца [...]. Тое, што нота кажа аб становішчы меншасцяў, з’яўляецца бязглуздзіцай. Усе меншасці даказваюць дзеяннем сваю поўную салідарнасць з Польшчай у барацьбе з германшчынай. [...] Напалеон увайшоў у Маскву, але, пакуль існавалі арміі Кутузава, лічылася, што Расія таксама існуе».
17 верасня савецкія войскі рушылі насустрач нямецкаму наступу. 21-я стралковая і 13-я кавалерыйская дывізіі, 16 танкавых і 2 мотастралковыя брыгады Чырвонай Арміі перайшлі мяжу. У наступленні ўдзельнічала 700 тысяч чалавек, 6000 гармат, 4500 танкаў, 4000 самалётаў. Як заявіў у той жа дзень па радыё Молатаў, іх мэта складаецца ў тым, каб «узяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». Ноччу 18 верасня польскі ўрад збег з краіны і загадаў польскім вайскоўцам не ўступаць ва ўзброены канфлікт з РККА. Галоўнакамандуючы польскай арміяй Рыдз-Сміглы аддаў загад наступнага зместу:
“З Саветамі ў баі не ўступаць, аказваць супраціў толькі ў выпадку спроб з іх боку раззбраення нашых частак, якія ўвайшлі ў сутыкненне з савецкімі войскамі. З немцамі працягваць барацьбу”.
20 верасня ў сваім данясенні Сталіну начальнік Палітупраўлення РККА Мехліс піша, што польскія афіцэры
«як агню баяцца ўкраінскіх сялян і насельніцтва, якія актывізаваліся з прыходам Чырвонай Арміі і распраўляюцца з польскімі афіцэрамі. Дайшло да таго, што ў Бурштыне польскія афіцэры, якіх адправілі корпусам у школу і якіх ахоўваў нязначны каравул, прасілі павялічыць колькасць байцоў, што ахоўвалі іх, як палонных, каб пазбегнуць магчымай расправы з імі насельніцтва».
Савецкія салдаты ў паходным маршы па тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай 17 верасня 1939 года. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
“Каб пазбегнуць усякага роду неабгрунтаваных чутак наконт задач савецкіх і германскіх войскаў, якія дзейнічаюць у Польшчы, урад СССР і ўрад Германіі заяўляюць, што дзеянні гэтых войскаў не пераследуюць якой-небудзь мэты, якая ідзе насуперак інтарэсаў Германіі ці Савецкага Саюза і супярэчыць духу і літары пакта аб ненападзенні, заключанага паміж Германіяй і СССР. Задача гэтых войскаў, наадварот, складаецца ў тым, каб аднавіць у Польшчы парадак і спакой, парушаныя распадам польскай дзяржавы, і дапамагчы насельніцтву Польшчы перабудаваць умовы свайго дзяржаўнага існавання”. (Газета “Правда”. 19 верасня 1939).
“Нямецкае насельніцтва аднадушна вітае рашэнне савецкага ўрада ўзяць пад абарону роднае савецкаму народу беларускае і ўкраінскае насельніцтва Польшчы, пакінутай на волю лёсу збегшым польскім урадам. Берлін у гэтыя дні прыняў асабліва ажыўлены выгляд. На вуліцах каля вітрын і спецыяльных шчытоў, дзе вывешаныя карты Польшчы, увесь дзень збіраюцца людзі. Яны актыўна абмяркоўваюць паспяховыя аперацыі Чырвонай Арміі. Прасоўванне частак Чырвонай Арміі пазначаецца на карце чырвонымі савецкімі сцяжкамі”. (Газета “Правда”. 19 верасня 1939).
На працягу 27 верасня часткі Чырвонай Арміі, працягваючы прасоўванне да дэмаркацыйнай лініі, занялі Грабава (заходней Аўгустова 15 км), Мазавецк, Драгічын, Краснастаў, ст. Завада (заходней Замосця 10 км), Кракавец, Масціска і ст. Сянкі (раён вытокаў ракі Сан). Аперацыі па ачышчэнню тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ад рэшткаў польскіх войскаў працягваюцца”. (Газета “Правда”. 28 верасня 1939 года).
Дырэктыва наркома абароны К. Варашылава ад 22 верасня 1939 года прадугледжвала: “Пры звароце германскіх прадстаўнікоў да камандавання Чырвонай Арміі аб аказанні дапамогі ў справе знішчэння польскіх частак або банд, якія стаяць на шляху руху дробных частак германскіх войскаў, камандаванне Чырвонай Арміі, начальнікі калон, у выпадку неабходнасці, вылучаюць неабходныя сілы, якія забяспечваюць знішчэнне перашкод, якія ляжаць на іх шляху руху …”.
Улеткі-звароты 17 верасня 1939 года да польскіх жаўнераў ад камандуючага Беларускім фронтам Міхаіла Кулакова і камандуючага Украінскім фронтам Сямёна Цімашэнкі. Націсніце на здымкі, каб пачытаць. Здымкі fronta.cz
23 верасня ў Львоў прыбыла дэлегацыя з чатырох нямецкіх афіцэраў, якая паведаміла, што на захад ад г. Грубешова збіраюцца буйныя сілы палякаў (да 3-х пяхотных, 4-х кавалерыйскіх дывізій, а таксама артылерыя). Было сказана, што германскае камандаванне збіраецца нанесці ўдар у фланг танкамі ў паўночным напрамку па грубешоўскай групоўцы. «Адначасова прапаноўваюць, – паказваў камдыў Іваноў у данясенні камандуючаму КОВО, – каб мы ўдзельнічалі ў сумесным знішчэнні дадзенай групоўкі. Штаб нямецкіх войскаў знаходзіцца ў Грудэк-Ягельёнскім, куды просім выслаць нашу дэлегацыю». Пасля гэтага савецкі 8-ы стралковы корпус быў накіраваны ў раён Грубешова, дзе ўступіў у бой з польскімі часткамі.
У горадзе Бяроза-Картузская былі вызваленыя камуністы, яўрэі, палякі, беларусы, а таксама палонныя нямецкія вайскоўцы, якія ўтрымліваліся ў канцэнтрацыйным лагеры. Наступленне Чырвонай Арміі ў тыле польскага войска сарвала апошнія спробы польскага камандавання арганізаваць абарону ў раёне Львова. Рэшткам польскай арміі заставалася толькі прарывацца ў Румынію праз польска-румынскую мяжу. Уладзіслаў Андэрс пасля сцвярджаў, што Савецкі Саюз, верны сваім дагаворам з Германіяй, спрабаваў спыніць усе спробы прарыву і нават сыходу асобных польскіх жаўнераў праз мяжу.
28 верасня нямецкія войскі захапілі Варшаву, а цалкам польская армія спыніла супраціў 5 кастрычніка, калі апошняе рэгулярнае польскае злучэнне Асобнай аператыўнай групы «Палессе» генерала Клэберга, якое пераследавалася адначасова нямецкімі і савецкімі войскамі, здалося немцам.
Сустрэча нямецкіх і савецкіх акупацыйных войскаў – вітанне афіцэраў, канец верасеня 1939. Здымкі з Энцыклапедыі Wikipedia
У канцы верасня савецкія і нямецкія войскі сустрэліся каля Львова, Любліна і Беластока. У Львове паміж імі адбылося невялікае сутыкненне, падчас якога абодва бакі мелі невялікія страты. Паводле сцвярджэнняў шэрагу гісторыкаў, вермахт і Чырвоная Армія правялі сумесныя парады. У Гродне парад прымаў камкор В. І. Чуйкоў і германскі генерал, а ў Брэсце – генерал Гейнц Гудзерыян і камбрыг Сямён Крывашэін. Відэа сумеснага парада было паказана ў нямецкай кінахроніцы Wochenschau N435. Некаторыя рускія даследчыкі адмаўляюць, што савецкія часткі прымалі ўдзел у парадзе ў Брэсце. Ваенныя парады праводзіліся ў рамках цырымоній, прысвечаных вываду нямецкіх войскаў і перадачы гарадоў пад кантроль савецкай адміністрацыі.
Гейнц Гудзерыян у сваіх мемуарах так апісвае вывад нямецкіх войскаў з Брэста:
”Наша знаходжанне ў Брэсце скончылася развітальным парадам і цырымоніяй з абменам сцягамі ў прысутнасці камбрыга Крывашэіна”.
Генерал Гудэрыян і камбрыг Крывашэін прымаюць вайсковы парад у Берасці 22 верасня 1939 года. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Крывашэін у сваіх успамінах піша, што ён настаяў на наступнай схеме:
“У 16 гадзін часткі вашага корпуса ў паходнай калоне, са штандарамі наперадзе, пакідаюць горад, мае часткі, таксама ў паходнай калоне, уступаюць у горад, спыняюцца на вуліцах, дзе праходзяць нямецкія палкі, і сваімі сцягамі салютуюць праходзячым часткам. Аркестры выконваюць ваенныя маршы”.
Сустрэча нямецкіх і савецкіх салдат у цэнтры Любліна 3 кастрычніка 1939 года. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Насельніцтва ўсходніх ваяводстваў Польшчы – украінцы, беларусы, яўрэі – у асноўным прыязна сустракала савецкія войскі.
31 кастрычніка 1939 года, падводзячы вынікі аперацыі, Вячаслаў Молатаў заявіў:
«Аказалася дастаткова кароткага ўдару па Польшчы з боку спачатку германскай арміі, а затым – Чырвонай Арміі, каб нічога не засталося ад гэтага пачварнага стварэння Версальскай дамовы, якое жыло за кошт прыгнёту няпольскіх нацыянальнасцяў». Молатаў такім чынам перафразаваў выказванне Пілсудскага наконт «штучна і пачварна створанай Чэхаславацкай Рэспублікі».
Савецкі плакат верасня 1939 года “Чырвоная армія вызваляе сялян з-пад польскага ярма”. Здымак fronta.cz
Ён заявіў таксама, што паняцці «агрэсія» і «агрэсар» «набылі новы сэнс», так што цяпер нацысцкая Германія з’яўляецца міралюбным бокам, а яе праціўнікі – агрэсіўнымі.
3 кастрычніка 1939 года Савет Народных Камісараў СССР прыняў «Пастанову аб ваеннапалонных» №1626-390сс, у адпаведнасці з якой ваеннапалонныя радавога складу – украінцы, беларусы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, радзімай якіх зяўляліся тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, – былі адпушчаныя з лагераў і прыёмных пунктаў дадому.
Бой з венгерскімі войскамі
Да 26 верасня перадавы атрад 16-й савецкай кавалерыйскай дывізіі прыбыў на станцыю Бескід, якая, як выявілася, была 23 верасня занята венгерскімі войскамі. Спроба ўсталяваць з імі кантакт выклікала абстрэл з іх боку. Савецкія войскі адкрылі ў адказ артылерыйскі агонь з бронемашынаў. Гэта прывяло да спынення страляніны з венгерскага боку і адходу венгерскіх войскаў у чыгуначны тунэль на мяжы. Паводле паведамленняў мясцовых жыхароў, тунэль быў замініраваны. Сітуацыя на дадзеным участку мяжы была нармалізаваная пасля савецка-венгерскіх перамоваў.
Становішча нямецкіх і савецкіх войскаў 20 верасня 1939 года (+). Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Падзел Польшчы
Гітлер збіраўся стварыць з рэшткаў Польшчы сатэлітную дзяржаву, аднак Сталін рэзка запрацівіўся планам захавання польскай дзяржаўнасці ў якой бы то ні было форме. Акрамя таго, ён прапанаваў карэкцыю планаў 23 жніўня: Савецкі Саюз цяпер прэтэндаваў толькі на тэрыторыі на ўсход ад лініі Керзона, а ў кампенсацыю павінен быў атрымаць Літву (якая раней адносілася да германскай сферы ўплыву). 19 верасня Молатаў у перамовах з Шуленбургам «намякнуў, што першапачатковае меркаванне, якое зводзілася да існавання Польшчы на астатняй тэрыторыі, прывяло да ідэі падзелу Рэчы Паспалітай па лініі Піса-Нараў-Вісла-Сан. Савецкі ўрад жадае неадкладна пачаць перамовы па дадзеным пытанні». 25 верасня Сталін асабіста правёў перамовы са Шуленбургам. Згодна са справаздачай Шуленбурга, ён заявіў, што
«лічыць памылковым захаваць незалежнасць Польшчы (на тых землях, якія застануцца пасля канфіскацыі часткі зямель на карысць Германіі і Расіі). Ён прапанаваў тэрыторыі на ўсход ад дэмаркацыйнай лініі, усю Варшаўскую правінцыю (…) дадаць да нашай долі. За гэта мы павінны адмовіцца ад дамаганняў на Літву».
Акрамя таго, Сталін выказаў намер «неадкладна ўзяцца за вырашэнне праблемы Прыбалтыйскіх дзяржаў».
27 верасня ў Маскву зноў прыбыў Рыбентроп. Перамовы, што пачаліся ў 10 гадзін вечара, ішлі да позняй ночы. У 5 гадзін раніцы 28 верасня быў падпісаны Дагавор аб сяброўстве і мяжы, які замацоўваў падзел Польшчы на ўмовах Сталіна. Да яго прыкладаліся два сакрэтных дадатковых пратаколы: першы замацоўваў змены ў межах сфер уплыву, другі абвяшчаў:
“Абодва бакі не дапусцяць на сваіх тэрыторыях ніякай польскай агітацыі, якая дзейнічае на тэрыторыі іншай краіны. Яны ліквідуюць зародкі падобнай агітацыі на сваіх тэрыторыях і будуць інфармаваць адзін аднаго аб мэтазгодных для гэтага мерапрыемствах”.
Рэакцыя заходніх дзяржаў
Рэакцыя Францыі і Вялікабрытаніі на ўварванне СССР у Польшчу была стрыманай. Па ўмовах брытанска-польскага пакта аб ваенным саюзе ад 25 жніўня 1939, Вялікабрытанія абяцала ваенную дапамогу Польшчы ў выпадку нападу любой еўрапейскай дзяржавы. Аднак, калі польскі амбасадар Рачынскі нагадаў аб гэтым міністру замежных спраў Вялікабрытаніі Вуду, апошні без хітрыкаў адказаў, што гэта справа Вялікабрытаніі, каму аб’яўляць вайну, а каму – не. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмберлен абмежаваўся толькі заявай з агульным асуджэннем дзеянняў СССР.
Пасля ўводу савецкіх войскаў у Польшчу Францыя і Вялікабрытанія вырашылі, што хутка дапамагчы Польшчы яны ўжо нічым не змогуць, і замест гэтага пачалі планаванне доўгатэрміновай вайны. У пачатку верасня Францыя нерашуча накіравала свае войскі ў Саарскую вобласць, але 4 кастрычніка, пасля паражэння Польшчы, зноў адвяла іх за лінію Мажына.
Французскія салдаты на лініі Мажыно. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Уінстан Чэрчыль, які займаў у гэты час пост Першага лорда Адміралцейства, у сваім выступе па радыё 1 кастрычніка 1939 года сказаў: “Тое, што рускія арміі павінны былі стаць на гэтай лініі, было цалкам неабходна для бяспекі Расіі супраць нацысцкай пагрозы. Як бы то ні было, гэтая лінія існуе, і створаны Усходні фронт, які нацысцкая Германія не адважыцца атакаваць. Калі спадар Рыбентроп на мінулым тыдні быў выкліканы ў Маскву, яму давялося даведацца і прыняць той факт, што ажыццяўленне нацысцкіх планаў у адносінах да прыбалтыйскіх краін і Украіны павінна быць канчаткова спынена”.
Вынікі
Польская дзяржава часова спыніла сваё існаванне. Нягледзячы на паражэнне арміі, частка народа Польшчы не спыніла супраціву. У Лондане быў створаны польскі ўрад у выгнанні, ваеннаслужачыя польскай арміі ўліліся ў шэрагі армій многіх дзяржаў, была створана разгалінаваная сетка падпольных ячэек супраціву Арміі Краёвай.
Савецкія салдаты і афіцэры, удзельнікі паходу ў Заходнюю Беларусь аглядаюць зваленую кучу польскага ўзбраення. Здымак з фотахронікі ТАСС
СССР перасунуў сваю мяжу на захад, аб’яднаўшы амаль усе этнічныя беларускія і ўкраінскія тэрыторыі. Савецкая гістарыяграфія апраўдвала дзеянні СССР тым, што перанос мяжы на захад пасля адыграў значную ролю ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны, перашкодзіўшы германскім войскам завяршыць наступ на Маскву да надыходу халадоў і прывёўшы да паразы немцаў у бітве пад Масквой.
У “Вялікай Савецкай энцыклапедыі” выкладаецца наступная кропка гледжання:
“Паход на Захад быў неабходны і для прыпынення распаўсюджвання гітлераўскай агрэсіі на ўсход. Савецкі ўрад, упэўнены ў непазбежнасці ў недалёкай будучыні германскай агрэсіі супраць СССР, імкнуўся аддаліць зыходны рубеж будучага разгортвання войскаў патэнцыйнага ворага, што было ў інтарэсах не толькі Савецкага Саюза, але і ўсіх народаў, якім пагражала фашысцкая агрэсія.
Устанаўленне лініі падзелу Рэчы Паспалітай паміж СССР і Германіяй.
Падпісаны ў Маскве 28 верасня 1939 года «Дагавор аб дружбе і мяжы паміж СССР і Германіяй» усталёўваў мяжу па лініі Ціса-Нараў-Вісла-Сан, да сярэдзіны кастрычніка 1939 года ажыццявілася яе дэмаркацыя.
Літва. Паводле падпісанага ў Маскве 10 кастрычніка 1939 года «Дагавора аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой» Літоўскай Рэспубліцы быў перададзены Віленскі край з Вільнюсам, які раней належаў Польшчы. Пазней, пасля далучэння Літвы да СССР, ёй у кастрычніку 1940 года дадаткова былі перададзеныя Друскенікі (Друскінінкай), Свенцяны (Швенчыёніс), Адуцішкіс і ваколіцы. Гэтая перадача было прычынай аб’явы польскім эмігранцкім урадам вайны СССР, якая фармальна працягвалася да лета 1941 года.
Украіна і Беларусь. Ужо 4 верасня, яшчэ задоўга да ўварвання, Палітбюро ЦК ВКП(б) пачало абмяркоўваць пытанні пасляваеннага ўладкавання Усходняй Польшчы. Рашэнне Палітбюро, датаванае 4 верасня – 3 кастрычніка 1939 года, было аформлена адзіным Пратаколам N7113. У ім загадвалася:
“1. Склікаць Украінскі Народны Сход з выбарных па абласцях Заходняй Украіны (…) і Беларускі Народны Сход з выбарных па абласцях Заходняй Беларусі (…). Гэтыя Народныя Сходы павінны: 1) Зацвердзіць перадачу памешчыцкіх земляў сялянскім камітэтам; 2) вырашыць пытанне аб характары ствараемай улады; 3) вырашыць пытанне аб уваходжанні ў склад СССР, ці аб уваходжанні ўкраінскіх абласцей у склад УССР, аб уваходжанні беларускіх абласцей у склад БССР ; 4) вырашыць пытанне аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці”.
Савецкімі акупацыйнымі ўладамі была створана Камуністычная партыя, якая адзіная і мела права вылучаць сваіх кандыдатаў на выбарах.
Савецкі агітацыйны плакат, верасень-кастрычнік 1939 года. Здымак fronta.cz
22 кастрычніка 1939 года адбыліся выбары дэпутатаў у Народны сход Заходняй Украіны, што ў СССР афіцыйна тлумачыцца як рэферэндум аб аб’яднанні з Украінай. Па афіцыйных дадзеных, у галасаванні прынялі ўдзел 4 433 тысяч (92,83%) выбаршчыкаў, з якіх «за кандыдатаў блока рабочых, сялян і інтэлігенцыі» прагаласавала 90,93%. Народны сход пачаў працу 26 кастрычніка і 27 кастрычніка прыняў Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Украіны ў склад УССР. 1-2 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет СССР задаволіў просьбы аб прыняцці Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза. 14 лістапада Закон аб прыняцці Заходняй Украіны ў склад Украінскай ССР быў зацверджаны Вярхоўным Саветам УССР.
Па ацэнцы публіцыста А. Гагуна, вынікі выбараў былі «відавочна сфальсіфікаванымі», аднак канкрэтных фактаў, на падставе якіх была зроблена выснова, аўтар не прыводзіць. Па сцвярджэнні студэнта А. А. Проніна, «якое бы то ні было рэальнае народнае прадстаўніцтва на выбарах выключалася манаполіяй Кампартыі».
Аднак мэтазгоднасць фальсіфікацый ва ўмовах заяўленай манаполіі – сумнеўная. На думку доктара гістарычных навук М. І. Семірагі, «вынікі выбараў паказалі, што пераважная большасць насельніцтва гэтых рэгіёнаў пагадзілася з устанаўленнем савецкай улады і далучэннем да Савецкага Саюза». Доктар гістарычных навук М. І. Мельцюхоў мяркуе, што «цяжка не пагадзіцца» з гэтым меркаваннем М. І. Семірагі.
Далучэнне ўсходніх рэгіёнаў Польшчы да СССР не было, аднак, прызнана міжнародным правам, з пункту гледжання якога Польшча з’яўлялася акупіраванай краінай, гэта значыць заставалася ў сітуацыі in status quo ante bellum (у даваенным становішчы); адпаведна, і тэрыторыі Усходняй Польшчы працягвалі лічыцца польскімі, а іх жыхары – польскімі грамадзянамі. Аднак СССР абвяшчаў, што з-за падзення Польскай дзяржавы ў выніку «кароткага ўдару з боку спачатку германскай арміі, а затым – Чырвонай Арміі», «аб аднаўленні старой Польшчы (…) не можа быць і гаворкі».
«Рандеву». Карыкатура Дэвіда Ло. Надрукаваная ў брытанскай газеце Evening Standard 20 верасня 1939 года, паказвае Гітлера і Сталіна пасля падзелу Польшчы.
Гітлер: «Ашмецце чалавецтва, калі не памыляюся?». Сталін: «Крывавы забойца працоўных, я мяркую?»
Пасля нападу Германіі на СССР, 30 ліпеня 1941 года, амбасадар СССР у Вялікабрытаніі І. М. Майскі і прэм’ер-міністр польскага ўрада ў эміграцыі Уладзіслаў Сікорскі падпісалі пагадненне, у якім урад СССР прызнаў савецка-германскія дагаворы 1939 года, што датычыліся тэрытарыяльных пераменаў у Польшчы, страціўшымі сілу.
Пазней рашэннямі саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі – ЗША, Вялікабрытаніі і СССР – была замацавана прыналежнасць Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі Савецкаму Саюзу. Польскае насельніцтва гэтых тэрыторый пасля вайны было ў асноўным пераселена ў Польшчу. Польшча ў якасці кампенсацыі атрымала частку тэрыторыі пераможанай Германіі (Сілезскі басейн, Уроцлаў, Гданьск).
16 жніўня 1945 года ў Маскве быў падпісаны дагавор паміж СССР і Польшчай, які замацаваў тэрытарыяльныя змены. Два рэгіёны, з гарадамі Беласток і Перамышль, былі вернуты Польшчы. Новая мяжа СССР стала ў асноўным супадаць з «лініяй Керзона» з некаторымі адступлення на карысць польскага боку.
Страты бакоў
Баявыя страты РСЧА падчас польскай кампаніі 1939 года, па савецкіх архіўных дадзеных, упершыню апублікаваным гісторыкам Мельцюховым, склалі: 1 173 чалавекі забітых, 2 002 параненых і 302 прапаўшых без вестак. У выніку баявых дзеянняў страчана таксама 17 танкаў, 6 самалётаў, 6 гармат і мінамётаў, 36 аўтамашын. Па дадзеных польскіх гісторыкаў, Чырвоная Армія страціла забітымі каля 2,5 тыс. салдат, 150 бронеаўтамабіляў і 20 самалётаў.
Паводле даследаванняў Асьмачка С.Г., СССР страціў усяго 882 чалавекі і 97 прапаўшымі без вестак
Страты польскага боку ў дзеяннях супраць савецкіх войскаў склалі 3 500 чалавек забітымі, 20 000 прапаўшымі без вестак і 454 700 палоннымі. З 900 гармат і мінамётаў і 300 самалётаў пераважная большасць дасталася РСЧА ў якасці трафеяў.
Палонныя
Пасля ўступлення савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі і падзелу Польшчы паміж Германіяй і СССР на занятай савецкімі войскамі тэрыторыі апынуліся дзесяткі тысяч польскіх грамадзян, захопленых у палон Чырвонай Арміяй і інтэрніраваных – вайскоўцаў польскай арміі і чыноўнікаў мясцовых органаў дзяржаўнай улады, «асаднікаў» (ваенных каланістаў), паліцэйскіх. У канцы 1939 года было створана Упраўленне па ваеннапалонных і інтэрніраваных на чале з Пятром Сапруненка, у падпарадкаванні якога знаходзіліся зняволеныя лагераў Цэнтральнай Расіі, турмаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
Палонныя польскія жаўнеры канваююцца чырвонаармейцамі да памежных чыгуначных станцый. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Усяго ў ходзе баявых дзеянняў Чырвоная Армія захапіла ў палон да чвэрці мільёна салдат і афіцэраў польскай арміі. Радавых і унтэр-афіцэраў, ураджэнцаў тэрыторый Польшчы, якія адыйшлі да СССР, распусцілі па дамах, больш за 40 тысяч жыхароў заходняй і цэнтральнай Польшчы перадалі Германіі (пры гэтым яшчэ прыкладна 20-25 тысяч чалавек былі накіраваны на працу на шахты Крывога Рога і Данбаса).
Паводле пастановы Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 3 кастрычніка 1939 года, 6 тысяч паліцэйскіх і жандармаў утрымліваліся ў Асташкоўскім лагеры (Калінінская вобласць), 4,5 тысячы кадравых і прызваных з запасу афіцэраў – у Казельскім, і яшчэ каля 4 тысяч – у Старабельскім (пад Луганскам).
У красавіку-траўні 1940 года па прапанове Лаўрэнція Берыя было расстраляна каля 21 857 польскіх афіцэраў. У пачатку лістапада 1940 года ў Берыя і Сталіна ўзнікла ідэя стварэння ў РСЧА дывізіі з польскіх ваеннапалонных, якую можна было б выкарыстоўваць на выпадак вайны з Германіяй; аднак гэтая ідэя была адкінута.
Рашэнне Палітбюро ЦК УКП(б) ад 5 сакавіка 1940 г. аб ліквідацыі польскіх ваеннапалонных.
30 чэрвеня 1941 года ў Лондане паміж польскім урадам у эміграцыі і прадстаўнікамі СССР было падпісана «Пагадненне аб узаемнай дапамозе ў вайне супраць Германіі і стварэнні на тэрыторыі СССР польскіх воінскіх фарміраванняў». 12 жніўня выйшаў указ аб амністыі для палякаў. Усяго было амніставана 389 тысяч чалавек. Значная частка з іх уступіла ў польскую армію, якую фарміраваў на тэрыторыі СССР генерал Уладзіслаў Андэрс, і ў яе складзе пакінула СССР у 1942 годзе. Другая частка ў 1943 годзе ўступіла ў дывізію імя Тадэвуша Касцюшкі.
Становішча ў Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі ў канцы 1939 года
У Вікітэцы ёсць поўны тэкст загаду НКО СССР ад 10 лістапада 1939 года № 0059.
Пасля ўступлення РСЧА на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны па іх пракацілася хваля стыхійных забойстваў сялянамі членаў мясцовай польскай адміністрацыі. Адзначыліся выпадкі самасудных расстрэлаў войскамі палонных і мірных жыхароў; ваенная пракуратура спрабавала з імі змагацца, але, як прызнавалі яе прадстаўнікі, без асаблівага поспеху.
Ваенны пракурор 6-й арміі Нечыпарэнка так апісвае сітуацыю ў лісце Сталіну і Варашылаву:
“21 верасня 1939 года Ваенны савет 6 арміі [...], знаходзячыся ў частках 2-га коннага корпуса, вынес відавочна злачынную пастанову аб здзяйсненні ў парадку самасуда – расстрэле 10 чалавек (прозвішчы ў пастанове не ўказваюцца). На гэтай падставе начальнік асобага аддзела 2-га коннага корпуса Кабернюк, адправіўшыся ў г. Злочуў, зрабіў арышты розных служачых польскай турмы, паліцыі і г. д. [...], і ўсіх гэтых асоб, за кошт усталяванага Ваенным саветам 6-й арміі ліміту, у будынку турмы расстраляў. [...] Пасля гэтага імі ж была дадзена ўстаноўка работнікам асобага аддзела 2-га коннага корпуса хутка арыштаваных, як ворагаў народа, расстрэльваць спрошчаным парадкам без суда, што і было зроблена работнікамі асобага аддзела корпуса”.
“Гэта злачыннае рашэнне Ваеннага савета аб самасудзе хутка перадалося ў кіруючыя колы камандзіраў і камісараў злучэнняў і частак 2-га коннага корпуса, а гэта прывяло да цяжкіх наступстваў, калі шэраг камандзіраў, ваенкомаў і нават чырвонаармейцаў па прыкладзе сваіх кіраўнікоў пачалі рабіць самасуды над палоннымі, падазронымі затрыманымі, і меліся выпадкі (расправы) над мірнымі жыхарамі кулацкага паходжання [...]”.
Такія паводзіны кіруючых работнікаў частак садзейнічалі шырокаму ўцягванню чырвонаармейцаў і малодшых камандзіраў у барахольства і марадзёрства і прыводзілі да таго, што байцы і камандзіры ў кожным занятым горадзе натоўпамі накідваліся на крамы, ладзілі таўкучкі, стваралі чэргі і закуплялі ў гандлёвых лаўках што траплялася і ў вялікім памеры не патрэбных для вайскоўца рэчаў, як: па некалькі пар жаночага абутку, сукенак і т.п. Ваенная пракуратура [...] рашуча і бязлітасна вяла барацьбу з усімі вышэйназванымі злачынствамі, дзесяткі вайскоўцаў былі асуджаныя на розныя тэрміны і нават да расстрэлу, аднак вялікага эфекту нашы прысуды не давалі”.
Польскі генерал Уладзіслаў Андэрс перадае ў сваіх мемуарах расповеды відавочцаў аб тым, як пасля ўступлення ў Львоў
«бальшавікі рабавалі маёмасць не толькі прыватную, але і дзяржаўную, як НКУС усё мацней пранікае ва ўсе сферы жыцця, аб натоўпе бежанцаў, якія, даведаўшыся, як жыць пры бальшавіках, нягледзячы ні на што, хочуць пайсці на землі, акупіраваныя немцамі».
Савецкая калерыя на парадзе ў занятым Львове, восень 1939. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Згодна з уласнымі назіраннямі Андэрса, у канцы восені 1939 года Львоў меў наступны выгляд:
«Крамы разрабаваныя, вітрыны разбітыя, толькі на адной – некалькі капелюшоў. Бясконцыя чэргі каля прадуктовых крамаў. [...] Настрой у людзей змрочны. На вуліцах поўна энкавэдэшнікаў і салдатаў. Маставыя і тратуары брудныя, заваленыя снегам. Уражанне жахлівае».
У той жа час, каля трохсот тысяч польскіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці перайшлі з зоны нямецкай акупацыі на тэрыторыю, якая кантралявалася савецкімі войскамі. Тыя з іх, хто паспеў эвакуіравацца разам з савецкімі войскамі летам 1941 года, выратаваліся ад нацысцкага генацыду. З яўрэяў, якія вярнуліся з СССР у 1945-46 гг., была адноўлена яўрэйская абшчына ў пасляваеннай Польшчы.
Дадзеныя, якія прыводзяцца ў розных крыніцах, аб маштабах рэпрэсій у адносінах да мясцовага насельніцтва, што суправаджалі далучэнне Усходняй Польшчы да СССР, устанаўленне тут савецкай улады і перабудову жыццёвага ўкладу, моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго.
Тэкст дэпартацыйнай інструкцыі НКУС 001223 ад 10 кастрычніка 1939 года (Інструкцыя Івана Сярова), па-ангельску
Згодна са статыстычнымі зводкамі Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі НКУС, што былі вывучаны А. А. Гарланавым і А. Б. Рагінскім, па абвінавачванні ў контррэвалюцыйных злачынствах з верасня 1939 года па чэрвень 1941 года там было арыштавана 108 тысяч чалавек.
Акрамя таго ў 1940 годзе былі праведзеныя тры масавыя дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны:
Нямецкі гісторык габрэйскага паходжання Арно Люсцігер адзначае, што за перыяд з 1939 па 1941 год на тэрыторыі Усходняй Польшчы, якая перайшла пад савецкі кантроль, ад рэпрэсій пацярпелі каля 500 тысяч чалавек – гэта значыць больш, чым за той жа перыяд на польскіх тэрыторыях, захопленых Германіяй. Сярод рэпрэсаваных палову складалі палякі, 30% – яўрэі, 20% – украінцы і беларусы.
Аляксандр Татаранка прыводзіць дадзеныя, паводле якіх толькі ў Баранавіцкай вобласці Беларусі з кастрычніка 1939 па 29 чэрвеня 1940 года было рэпрэсавана не менш за 29 тысяч чалавек, прыкладна столькі ж, колькі падчас акупацыі вывезлі немцы на прымусовыя працы ў Германію (каля 34 тысяч чалавек).
У энцыклапедыі «Кругосвет» прыводзяцца дадзеныя, якія адрозніваюцца на парадак. Сцвярджаецца, што з 13 мільёнаў чалавек, якія пражывалі на тэрыторыях, што адыйшлі да Савецкага Саюза (з іх 5 мільёнаў палякаў), не менш за 1,5 мільёны было ў 1939-1941 гады дэпартавана ў цэнтральныя раёны і на ўсход СССР. Да чэрвеня 1949 года 1503,8 тысячам этнічных палякаў дазволілі вярнуцца ў Польшчу; у 1956-1958 гадах рэпатрыіраваліся яшчэ 200 тысяч палякаў.
Пераклад артыкула з Энцыклапедыі Wikipedia «Польский поход РККА (1939)»
Пераклад і ўкшталтаванне ww2pl.info
Каментаваць
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |