Польскі паход РСЧА (17 верасня – 5 кастрычніка 1939 года) – ваенная аперацыя Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі (Armia Czerwona / Рабоче-Крестьянская Красная Армия) па ўстанаўленню кантролю над усходнімі тэрыторыямі Польшчы: Заходняй Беларуссю, Заходняй Украінай і раёнам Беластока; афіцыйная назва ў савецкай гістарыяграфіі – Вызваленчы паход у Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь 1939 года.
На думку шэрагу гісторыкаў, аперацыя ажыццяўлялася ў адпаведнасці з размежаваннем сфер інтарэсаў па сакрэтным дадатковым пратаколе да Дагавора аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Гісторык Ю. В. Рубцоў мяркуе, што:
«У прынцыпе, гэтыя землі былі аднесены да сферы інтарэсаў, што зусім не азначала ні акупацыі, ні анэксіі».
Тагачаснае савецкае кіраўніцтва гэтую аперацыю неафіцыйна называла «чацвёртым падзелам Польшчы»; такая назва часам ужываецца ў яе адносінах і ў сучаснай гістарыяграфіі.
4-ты падзел Польшчы Савецкім Саюзам, Нямеччынай і Славакіяй. Ілюстрацыя з Энцыклапедыі Wikipedia
Згодна з заявамі савецкага кіраўніцтва, мэтай аперацыі з’яўлялася абарона ўкраінскага і беларускага насельніцтва ўсходніх раёнаў польскай дзяржавы ва ўмовах яе распаду, які адбыўся ў выніку германскага ўварвання. У міжнароднай супольнасці не ўзнікла на той момант сумненняў у тым, што СССР страціў свой нейтралітэт у дадзеным ваенным канфлікце ў выніку ўводу войскаў на тэрыторыю Заходняй Украіны, Заходняй Беларусі і Віленскага краю. СССР захоўваў нейтралітэт ажно да нападзення Германіі 22 чэрвеня 1941 года, аднак фактычна супрацоўнічаў з Германіяй, на думку некаторых гісторыкаў, фактычна ўступіўшы ў Другую сусветную вайну на баку Нямеччыны.
У выніку аперацыі СССР узяў пад свой кантроль усходнія тэрыторыі Польшчы, у якіх з 13 мільёнаў насельніцтва большасць складалі ўкраінцы і беларусы, а палякі, па розных крыніцах, складалі ад 1 мільёна да 5 мільёнаў. Гэтыя землі былі занятыя Польшчай у ходзе савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў і знаходзіліся ў яе складзе з 1921 года згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным Савецкай Расіяй і Польшчай. Мяжа, устаноўленая гэтым дагаворам, праходзіла значна на ўсход ад «Лініі Керзона», рэкамендаванай Антантай у якасці ўсходняй мяжы Польшчы ў адпаведнасці з этнічным прынцыпам перавагі насельніцтва: на захад ад яе – палякі, на ўсход – украінцы, беларусы, літоўцы і інш.
Савецкі агітацыйны плакат 1939 года. Здымак з fronta.cz
Пасля далучэння Заходняй Украіны да УССР і Заходняй Беларусі да БССР савецкае кіраўніцтва перадало частку гістарычнай літоўскай тэрыторыі (Вільня і Віленскі край) Літве, якая ў адпаведнасці з сакрэтнымі пратаколамі да дамовы аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй увайшла ў савецкую сферу інтарэсаў. Германія ўзамен атрымала пад свой кантроль Варшаўскае і Люблінскае ваяводствы Польшчы. Гэта пагадненне атрымала ў гістарыяграфіі назву «абмен тэрыторыямі».
Храналагічна ваенная кампанія доўжылася з 17 верасня да поўнага спынення супраціўлення польскіх сілаў у пачатку кастрычніка (называюцца даты 7 і 12 кастрычніка) 1939 года.
Тэрытарыяльныя набыткі СССР у выніку падзелу Рэчы Паспалітай былі пацверджаны пасляваенным польскім урадам у савецка-польскім дагаворы аб мяжы 1945 года. Лінія польска-савецкай мяжы стала такім чынам у асноўным адпавядаць “Лініі Керзона”, з адступленнямі ў шэрагу раёнаў на карысць польскага бока.
Аб назве. У савецкай гістарыяграфіі гэтыя падзеі атрымалі назву «Вызваленчы паход Чырвонай Арміі». У Польшчы і ўвогуле на Захадзе яны называюцца «Савецкім уварваннем у Польшчу» (па-польску Radziecki atak na Polsk?; па-англійску Soviet invasion of Poland) або «Чацвёртым падзелам Польшчы» (што сустракаецца таксама і ў расійскіх крыніцах).
Перадгісторыя. Гісторыя рэгіёна, у якім праводзілася ваенная аперацыя
Тэрыторыі, на якіх разгарнуўся канфлікт, уваходзілі ў склад адзінай старажытнарускай дзяржавы, а пасля яе распаду адносіліся да розных старажытнарускіх княстваў: Галіцкага, Валынскага, Кіеўскага, Полацкага, Луцкага, Цярэбаўльскага, Турава-Пінскага і г. д. Пасля татара-мангольскага нашэсця гэтыя тэрыторыі становяцца аб’ектам экспансіі польскага каралеўства і літоўскага княства. У 1569 годзе, згодна з Люблінскай уніяй паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім, заходне-рускія землі, якія да таго знаходзіліся ў складзе апошняга, пераходзяць пад уладу польскай кароны. На гэтых землях распаўсюджваецца прыгоннае права, адбываецца насаджэнне каталіцтва.
Савецкі плакат “Так было – так ёсць!”. Здымак з fronta.cz
Мясцовая арыстакратыя масава паланізуецца, узнікае культурны, моўны і рэлігійны разрыў паміж вышэйшымі і ніжэйшымі пластамі грамадства. Спалучэнне сацыяльнага прыгнёту з моўным, рэлігійным і культурным разрывам прыводзяць да разбуральных народных паўстанняў сярэдзіны XVII стагоддзя і крывавага паўстання 1760-х гг., ад якіх Польска-літоўская дзяржава так і не змагла акрыяць. У 1772-1795 гг., у выніку трох падзелаў Польска-літоўскай дзяржавы, Заходняя Беларусь і большая частка Заходняй Украіны пераходзяць пад уладу расійскай кароны, аднак галіцкія тэрыторыі трапляюць у склад Аўстрыі. У 1919-1921 гг. Польшча, якая аднавіла сваю незалежнасць у выніку польска-савецкай і польска-ўкраінскай войнаў, захоплівае тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі з пераважна няпольскім насельніцтвам. На гэтых тэрыторыях не выконваюцца прынцыпы раўнапраўя этнічных груп, што ўзмацняецца з устанаўленнем ў Польшчы аўтарытарнага рэжыму «санацыі».
Падзеі другой паловы 1930-х гг.
Пачынаючы з 1935 года Германія перастае выконваць ваенныя артыкулы Версальскага мірнага дагавора. У краіне ўводзіцца ўсеагульны вайсковы абавязак і пачынаецца пераўзбраенне арміі, што не сустракае процідзеяння з боку заходніх дзяржаў, гарантаў Версальскага міру. Германія і саюзныя ёй па «Антыкамінтэрнаўскім пакце» дзяржавы праводзяць усё больш агрэсіўную палітыку. У прыватнасці, Германія і Італія аказваюць ваенную падтрымку фашысцкаму путчу ў Іспаніі, Германія анексіруе Аўстрыю, Італія захоплівае Эфіопію і Албанію, Японія акупіруе паўночны Кітай і ажыццяўляе агрэсію супраць СССР у раёне возера Хасан.
Герынг і польскі міністр замежных спраў Юзаф Бек з жонкамі ў ліпені 1935 года. Міністр Бек да апошняга імкнуўся прытрымлівацца пранямецкага вектару ў знешняй палітыцы. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
У выніку Мюнхенскага пагаднення 1938 года ўрады Вялікабрытаніі і Францыі пагаджаюцца на перадачу чэшскай Судзецкай вобласці нацысцкай Германіі. На думку савецкіх гісторыкаў, германскаму кіраўніцтву тым самым даецца «зялёнае святло» для агрэсіі на Усход. У раздзеле Чэхаславакіі, які адбыўся неўзабаве, удзельнічае і Польшча, якая анексіруе вуглездабываючы рэгіён Цешын.
Польскія танкі ў чэхаславацкім Цешыне ў 1938 годзе. Здымак з nazdarru.livejournal.com
24 кастрычніка 1938 года Германія ўпершыню прад’яўляе прэтэнзіі Польшчы: міністр замежных спраў Германіі Рыбентроп патрабуе ад польскага амбасадара, каб Польшча далучылася да Антыкамінтэрнаўскага пакту (то бок адмовілася ад абавязацельстваў перад СССР), вярнула Германіі Данцыг (Гданьск) і пагадзілася на экстэрытарыяльнасць шашы і чыгункі з Брандэнбурга ва Усходнюю Прусію. Палякі адказваюць катэгарычнай адмовай і са свайго боку спрабуюць палепшыць адносіны з СССР: пакт аб ненападзенні 1932 года быў падоўжаны да 1945 года, былі наладжаны пагранічныя праблемы і падпісаны гандлёвы дагавор.
Што тычыцца пазіцыі СССР, то большасць гісторыкаў мяркуе, што варта рабіць адрозненне паміж пазіцыяй НКІД (які ўзначальваў Літвінаў – цвёрды прыхільнік сістэмы калектыўнай бяспецы), і асабістай пазіцыяй Сталіна, які імкнуўся, на думку многіх гісторыкаў, да пагаднення з Германіяй. Намеснік наркома замежных спраў Пацёмкін яшчэ ў кастрычніку 1938 года заяўляў французскаму паслу:
«Для нас я не бачу іншага выхаду, як чацвёрты падзел Польшчы».
На думку даследчыкаў А. Рыда і Д. Фішэра, з выказванняў Пацёмкіна выходзіць, што Сталін
«разглядаў раздзел Польшчы як подкуп Гітлера з мэтай адцягнуць яго ўвагу ад СССР і як сродак устанаўлення прыязных адносінаў з Германіяй».
Гітлер жа спадзяваўся выкарыстаць палякаў для заваёвы Украіны, а затым скончыць і з самой Польшчай, аднак рашучая адмова Польшчы ад адведзенай ёй ролі прымусіла яго змяніць планы.
У студзені 1939 года немцы аднаўляюць націск на палякаў, яшчэ больш пашырыўшы свае патрабаванні. Палякі зноў адмаўляюць, прычым міністр замежных спраў Польшчы Юзэф Бек падкрэслівае, што Польшча трактуе Пакт аб ненападзенні з СССР сур’ёзна. У Польшчы пачынаюцца антыгерманскія дэманстрацыі.
Імперскі міністр Рыбентроп у кампаніі Юзафа Бека пад час афіцыйнага візіту ў Польшчу, 25 студзеня 1939 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча
10 сакавіка 1939 года Сталін, выступаючы на XVIII з’ездзе ВКП(б), абвінавачвае «англа-французаў» у правакацыі вайны і заяўляе аб гатоўнасці да «палітыкі міру» ў адносінах да Германіі і нежаданні Савецкага Саюза даць уцягнуць сябе ў канфлікты «правакатарам, якія звыклі заграбаць жар чужымі рукамі» (на Захадзе гэтая прамова атрымала назву «прамовы аб смажаных каштанах»). У Берліне ўспрымаюць гэта як сігнал, што СССР не будзе супраціўляцца германскай агрэсіі. 21 сакавіка Рыбентроп прад’яўляе Беку рашучы ультыматум і зноў атрымлівае адмову. 31 сакавіка Чэмберлен аб’яўляе ад імя Англіі і Францыі аб прадастаўленні гарантый Польшчы на выпадак агрэсіі. 6 красавіка гэтыя гарантыі афармляюцца ў польска-брытанскую ваенную канвенцыю.
У прамове ў рэйхстагу ад 28 красавіка Гітлер аб’яўляе аб разрыве германа-польскага пакта аб ненападзенні ад 26 студзеня 1934 года і англа-германскай марской канвенцыі. Назіральнікі асабліва адзначаюць, што Гітлер у сваёй прамове «пазбег традыцыйных нападак на Савецкі Саюз».
У пачатку красавіка Літвінаў у гутарцы з польскім амбасадарам Гжыбоўскім ад імя СССР прапануе Польшчы дапамогу і ваенны саюз супраць Германіі; Гжыбоўскі адмаўляе на той падставе, што Польшча не жадае ўдзельнічаць у шматбаковых камбінацыях, накіраваных супраць аднаго з сваіх суседзяў. Аднак затым пазіцыя Варшавы мяняецца. 10 траўня Бек запрашае на гутарку намесніка наркома замежных спраў В. П. Пацёмкіна, які праязджаў праз Варшаву, і канстатуе «неабходнасць для Польшчы абаперціся на СССР у выпадку нападзення на яе Германіі». У Маскве гэта расцэнена як доказ, што Польшчы не ўдасца дамовіцца з Германіяй.
Юзаф Бек размаўляе з камісарам замежных спраў СССР Максімам Літвінавым, здымак 1934 года. Здымак з Нацыянальнага лічбавага архіву (NAC), Польшча
У чэрвені Бек і прэм’ер-міністр Ф. Славой-Складоўскі ў гутарках з савецкім палпрэдам канстатуюць поўную адсутнасць якіх-небудзь супярэчнасцяў. Аднак да гэтага моманту ў самым НКІД адбыліся важныя перамены. 3 траўня Літвінаў – этнічны габрэй і паслядоўны прыхільнік «калектыўнай бяспекі» – быў адпраўлены ў адстаўку і заменены Вячаславам Молатавым. У Берліне гэта ўспрынялі як абнадзейваючы знак. Нямецкім газетам забаранялі ўсялякія нападкі на СССР; ужо 9 траўня ў Берліне распаўсюдзіўся слых, што Германія «зрабіла або збіраецца зрабіць Расіі прапановы, накіраваныя на раздзел Польшчы».
Тым часам на Далёкім Усходзе, пагранічны ўзброены канфлікт каля ракі Халхін-Гол, развязаны Японіяй у траўні 1939 года, разрастаецца 2 ліпеня да неаб’яўленай вайны. Японія – вайсковы саюзнік Германіі па Антикамінтэрнаўскім пакце, і перад СССР узнікае пагроза вайны на два фронта.
Новае кіраўніцтва НКІД адразу ж робіць «заходы» ў бок Берліна, намякаючы на неабходнасць дасягнення палітычнага пагаднення.
26 чэрвеня ў перамовах савецкага прадстаўніка Астахава з супрацоўнікам германскага МЗС Шнурэ ўпершыню робіцца намёк на раздзел Польшчы. Шнурэ заявіў літаральна:
«Яшчэ лягчэй было б дамовіцца адносна Польшчы …»,
а Астахаў, са свайго боку, адзначыў, што
«Данцыг так ці інакш адыйдзе да рэйху, і што пытанне аб калідоры якімсьці чынам павінна быць вырашана на карысць рэйха».
8 жніўня Астахаў паведамляе Молатаву, што немцы гатовыя дамовіцца з СССР па ўсіх пытаннях, звязаных з памежнымі краінамі «ад Балтыйскага да Чорнага мора»; у дачыненні да Польшчы яны ствараюць уражанне, што не зацікаўлены ў лёсе «рускай Польшчы» (са змяненнямі на карысць немцаў), а таксама імкнуцца «адмежавацца ад аспірацыі на Украіну. За гэта яны жадалі б мець ад нас пацвярджэнне нашай незацікаўленасці да лёсу Данцыга, а таксама былой германскай Польшчы (быць можа, з прыбаўкай па лініі Варты ці нават Віслы) і (у парадку дыскусіі) Галіцыі».
10 жніўня адбываецца новая сустрэча Астахава са Шнурэ, які заявіў, што інтарэсы Германіі ў Польшчы «строга абмежаваныя» і не сутыкаюцца з савецкімі інтарэсамі, і што, калі Германіі давялося б вырашаць польскую праблему сілай зброі, то яна аддала б перавагу буйнамаштабнаму пагадненню з Масквой, якое ўлічвала б узаемныя інтарэсы бакоў.
Вячаслаў Молатаў міністр замежных спраў Савецкага Саюзу з траўня 1939 года. Здымак www.loc.gov
На пасяджэнні Палітбюро ўвечары 11 жніўня Молатаў адзначае, што Гітлер не хавае сваіх планаў у дачыненні да новага падзелу Рэчы Паспалітай, што дае магчымасць СССР вярнуць украінскія і беларускія тэрыторыі і стварыць буферную дзяржаву паміж Германіяй і СССР. Сталін пытаецца, ці можна як-небудзь «звязаць» немцаў у гэтым пытанні, калі ён пагодзіцца на іх прапанову заключыць палітычнае пагадненне. Молатаў адказвае сцвярджальна, бо «немцы вельмі спяшаюцца». Пасля гэтага Сталін заяўляе аб «ненадзейнасці» заходніх партнёраў, а Молатаў – пра прыкметы падрыхтоўкі новага «Мюнхена». Пэўнага рашэння на пасяджэнні не прынята, аднак фактычна Молатаў атрымлівае карт-бланш на пачатак «гандлю» з немцамі: у той жа дзень ён накіроўвае Астахаву тэлеграму, у якой прапануе павесці размову аб падзеле Усходняй Еўропы:
«Пералік аб’ектаў, названых у Вашым лісце ад 8 жніўня, нас цікавіць…».
Астахаў перадае яе змест Шнурэ; да гэтых аб’ектаў ён прылічыў і Польшчу, але не змог даць адказ на дадатковыя пытанні адносна яе.
Тым часам 12 жніўня адкрываюцца савецка-англа-французскія перамовы, якія хутка зайшлі ў тупік. На думку шэрагу заходніх і сучасных расійскіх даследчыкаў, савецкі прадстаўнік Варашылаў свядома вёў да такога выніку ў адпаведнасці з рукапіснай інструкцыяй Сталіна, звёўшы пытанне да патрабавання пропуску савецкіх войскаў праз Польшчу і Румынію, – патрабавання, адкрыта непрымальнага для гэтых краін (яны асцерагаліся саветызацыі больш, чым нямецкага ўварвання, рэальныя наступствы якога тады не ўяўляліся).
«З немцамі нам пагражае страта сваёй свабоды, з рускімі – сваёй душы»,
– заявіў Бек. Па версіі заходніх і шэрагу сучасных расійскіх гісторыкаў, асноўнай прычынай правалу перамоваў была асцярога, што за патрабаваннем савецкага боку даць яму права ўступіць на тэрыторыі Польшчы і дзяржаў Прыбалтыкі ў выпадку ўзнікнення пагрозы Савецкаму Саюзу хаваецца імкненне да саветызацыі гэтых краін. Савецкія ж гісторыкі сцвярджалі, што перамовы праваліліся з-за таго, што СССР даў план разгортвання сваіх сіл супраць магчымага агрэсара (паводле якога павінна быць задзейнічана да 136 дывізій), аднак прадстаўнікі Вялікабрытаніі і Францыі не далі такіх планаў і не забяспечылі згоды Польшчы на праход праз яе тэрыторыю савецкіх войскаў у выпадку канфлікту з Германіяй.
Адначасова з маскоўскімі перамовамі англійскі ўрад вядзе ў Лондане перамовы з нямецкімі прадстаўнікамі аб заключэнні пагаднення, якое прызнавала б асаблівыя германскія інтарэсы ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе.
23 жніўня 1939 года народны камісар замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў і міністр замежных спраў нацысцкай Германіі Іаахім фон Рыбентроп падпісваюць ў Маскве Дагавор аб ненападзе. У ходзе перамоваў Сталін выказвае жаданне з усёй яснасцю вызначыць сферы інтарэсаў дзвюх краін ва Усходняй Еўропе. Рыбентроп адказвае, што, паколькі паміж Германіяй і Польшчай у любы момант можа ўспыхнуць вайна, пажадана ўзгадніць дэмаркацыйную лінію, каб пазбегнуць сутыкнення германскіх і рускіх інтарэсаў.
Вячаслаў Молатаў падпісвае Дагавор аб ненападзе, за ім назірае Рыбентроп і ўсміхаецца Сталін, 23 жніўня 1939 года. Здымак з nara.gov
У выніку з’яўляецца артыкул 2 сакрэтнага дадатковага пратакола, непасрэдна датычны Польшчы, які абвяшчаў:
У выпадку тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы абласцей, якія ўваходзяць у склад Польскай Дзяржавы, мяжа сфер інтарэсаў Германіі і СССР будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нарава, Вісла і Сана. Пытанне, ці з’яўляецца ва ўзаемных інтарэсах пажаданым захаванне незалежнай Польскай Дзяржавы і якія будуць межы гэтай дзяржавы, можа быць канчаткова высветлена толькі на працягу далейшага палітычнага развіцця. Ва ўсякім выпадку, абодва Урада будуць вырашаць гэтае пытанне ў парадку прыязнай ўзаемнай згоды.
Сакрэтны дадатковы пратакол немецка-савецкага Дагавора аб ненападзе з подпісамі Молатава і Рыбентропа. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
У ноце аб аб’яўленні вайны СССР у чэрвені 1941 года ўскосна згадваюцца вусныя дамоўленасці паміж Германіяй і СССР, якія нібыта тычыліся адмовы СССР ад акупацыі Прыбалтыкі (але не Польшчы):
“У Маскве падчас размежавання сфер уплыву ўрад Савецкай Расіі заявіў міністру замежных спраў рэйха, што ён не мае намеру займаць, бальшавізаваць або анэксаваць дзяржавы, якія ўваходзяць у сферу яго ўплыву, за выключэннем тых, якія знаходзяцца ў стане раскладання абласцей былой Польскай дзяржавы”.
Аднак гэта сцвярджэнне не знаходзіць пацвярджэння ў іншых крыніцах.
Адначасова дасягнута дамоўленасць, што Літва адыходзіць да нямецкай, а Латвія і Эстонія – да савецкай сфер інтарэсаў.
Фрагмент карты, паводле якой дзялілася Польшча з подпісамі Молатава і Рыбентропа
У Вікітэцы ёсць поўны тэкст Дагавора аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам.
Аднак неўзабаве Сталін удакладняе дэмаркацыйную лінію на карысць СССР: 27 жніўня Молатаў выклікае германскага пасла Шуленбурга і заяўляе, што лінія падзелу прынята паспешліва, і патрабуе ўдакладнення: яе неабходна перасунуць да ракі Піса, з уключэннем у савецкую сферу Беластока. Гітлер неадкладна згаджаецца.
Дзеянні савецкіх і нямецкіх войскаў на польскай тэрыторыі ў верасні 1939 года
1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Францыя і Англія, звязаныя з Польшчай ваенным дагаворам, 3 верасня абвясцілі Германіі вайну, але англа-французскія войскі, якія стаялі на заходняй мяжы Нямеччыны, не распачалі ніякіх актыўных дзеянняў.
У 11 гадзін раніцы 1 верасня саветнік германскай амбасады ў Маскве Г. Хільгер паведаміў Молатаву аб пачатку вайны з Польшчай і перадаў просьбу начальніка генштаба германскіх ВПС аб дазволе выкарыстоўваць радыёстанцыю ў Мінску ў якасці радыёмаяка для лётчыкаў: у вольны ад перадач час яна павінна была перадаваць бесперапынную лінію з украпанамі пазыўнымі «Рыхард Вільгельм 1.0», а акрамя таго, падчас перадач – па магчымасці часта слова «Мінск». Сталін пагадзіўся перадаваць толькі слова «Мінск», павялічыўшы для гэтага час перадач на 2 гадзіны.
3 верасня Рыбентроп даручыў Шуленбургу пацвердзіць савецкаму кіраўніцтву, што германская армія мае намер разграміць польскую на працягу некалькіх тыдняў:
«Затым мы ўтрымаем пад ваеннай акупацыяй раёны, якія, як было ўстаноўлена ў Маскве, уваходзяць у германскую сферу ўплыву».
Аднак, паколькі па ваенных меркаваннях, Германіі давядзецца дзейнічаць і ў савецкай зоне, то варта прапанаваць Молатаву, «каб руская армія выступіла ў прыдатны момант супраць польскіх сілаў у рускай сферы ўплыву і, са свайго боку, акупіравала гэтую тэрыторыю. Па нашых меркаваннях, гэта не толькі дапамагло б нам, але таксама, у адпаведнасці з маскоўскімі дамовамі, было б і ў савецкіх інтарэсах». Адказ Молатава паказаў немцам, што Масква не мае намеру спяшацца.
Разам з тым ён падкрэсліў, што
«перасячэнне аднаго з бакоў дэмаркацыйнай лініі не павінна перашкодзіць непасрэднай рэалізацыі намечанага плану».
У той жа час у СССР ішла масіраваная прапагандысцкая кампанія па падрыхтоўцы насельніцтва да будучага ўварвання. Як паведамляў Шуленбург, «савецкі ўрад робіць усё магчымае, каб змяніць стаўленне насельніцтва да Германіі. Прэсу як падмянілі. Не толькі спыніліся ўсе выпады супраць Германіі, але і падзеі знешняй палітыкі, што падаюцца цяпер, заснаваныя ў пераважнай большасці на германскіх паведамленнях, а антыгерманская літаратура адбіраецца з кніжнага продажу і т. п.».
У адпаведным сэнсе Сталіну належала зарыентаваць і сусветны камуністычны рух, які ўспрыняў вайну як антыфашысцкую барацьбу. 7 верасня ён заявіў кіраўніку Камінтэрна Дзімітраву:
«Вайна ідзе паміж двума групамі капіталістычных краін (бедныя і багатыя ў дачыненні калоній, сыравіны і г. д.) за перадзел свету, за панаванне над светам! Але мы не супраць, каб яны пабіліся добра і аслабілі адзін аднаго. [...] Камуністы капіталістычных краін павінны выступаць рашуча супраць сваіх урадаў, супраць вайны. [...] Знішчэнне гэтай дзяржавы [Польшчы] ў цяперашніх умовах азначала б адной буржуазнай фашысцкай дзяржавай менш! Што дрэннага было б, калі ў выніку разгрому Польшчы мы распаўсюдзілі сацыялістыч(ную) сістэму на новыя тэрыторыі і насельніцтва».
Па даручэнні Сталіна была падрыхтавана дырэктыва Сакратарыята Выканкама Камінтэрна (ВККІ) ад 9 верасня, у якой было сказана:
«Міжнародны пралетарыят не можа ні ў якім выпадку абараняць фашысцкую Польшчу, якая адвергла дапамогу Савецкага Саюза і якая прыгнятае іншыя нацыянальнасці».
Многія шэраговыя камуністы еўрапейскіх краін, якія не асвоіліся з паваротам савецкай палітыкі, імкнуліся ў Польшчу, каб прыняць удзел у барацьбе з фашызмам; аднак Сакратарыят ВККІ ў сваім рашэнні ад 15 верасня адмоўна адгукнуўся аб гэтай ініцыятыве, адлюстраваўшы сітуацыю як спробу англа-французскага імперыялізму ў чарговы раз выкарыставаць нацыянальныя інтарэсы малых народаў Еўропы ў якасці разменнай манеты ў барацьбе з германскім імперыялізмам.
На гэты час у СССР ужо пачыналіся мабілізацыйныя мерапрыемствы. 4 верасня было прынята рашэнне аб мабілізацыі чатырох узростаў прызыўнікоў. 5 верасня было абвешчана, што чарговае звальненне з шэрагаў РККА затрымліваецца на месяц; 6 верасня ў шэсць ваенных акругаў была накіравана дырэктыва аб правядзенні «Вялікіх вучэбных збораў» (БУЗ) – фактычна частковай мабілізацыі.
Вацлаў Гжыбоўскі польскі амбасадар у Савецкім Саюзе. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
5 верасня польскі амбасадар В. Гжыбоўскі прасіў Молатава аб забеспячэнні ваеннымі матэрыяламі і транзіце ваенных грузаў праз СССР у Польшчу; Молатаў адмовіў у транзіце, заявіўшы, што ў сітуацыі, якая склалася ў міжнароднай абстаноўцы, Савецкі Саюз не хоча быць уцягнутым у вайну. На наступны дзень германскае МЗС паведаміла ў Маскву:
«Мы маем намер і далей накіроўваць нямецкія гандлёвыя судны ў Мурманск і чакаем, што савецкі ўрад аблегчыць разгрузку, пагрузку і транспарціроўку грузаў па чыгунцы ў Ленінград, куды будуць заходзіць для пагрузкі нямецкія судны».
Масква адказала станоўча на абедзве просьбы. Варта заўважыць, што да таго моманту захоўваў фармальнае дзеянне савецка-польскі Пакт аб ненападзенні, 2 артыкул якога абвяшчаў, што ў выпадку агрэсіі другі дагаворны бок абавязваецца не аказваць ні прама, ні ўскосна дапамогі і падтрымкі нападаючай дзяржаве.
Ужо 9 верасня перадавыя нямецкія танкавыя дывізіі апынуліся ў Варшаве, але былі там спыненыя. Варшавяне сталі на абарону сталіцы; частка войскаў польскіх армій «Модлін» і «Познань» прарвалася да Варшавы, узмацніўшы яе гарнізон. Спачатку было абвешчана аб узяцці Варшавы; германскае афіцыйнае камюнікэ перадавала словы генерала фон Браўхіча, што Польшча цалкам разгромленая, і ў ваенных дзеяннях на ўсходнім фронце няма неабходнасці. Гэта было ўспрынята ў Маскве як пэўны сігнал. Молатаў неадкладна перадаў «свае віншаванні і прывітанні ўраду Германскай імперыі». У той жа дзень былі падрыхтаваныя дырэктывы наркома абароны Варашылава і начальніка генштаба РККА Шапашнікава ваенсаветам Беларускай і Кіеўскай ваенных акругаў, якія прадпісвалі «да канца 11 верасня 1939 года ўпотай засяродзіць і быць гатовымі да рашучага наступу з мэтай маланкавым ударам разграміць войскі праціўніка».
Паколькі палякі адступалі да румынскай мяжы, дзе планавалася стварэнне плацдарма для контрнаступлення, то для прадухілення гэтага дырэктыва загадвала
«нанесці магутны і маланкавы ўдар па польскіх войсках, надзейна прыкрываючы свой левы фланг і адрэзаўшы польскія войскі ад румынскай мяжы…».
Планаваўся шырокі флангавы абыход палякаў і заход у тыл, маючы на ўвазе шырокамаштабны палон жывой сілы адначасова з масіраваным наступам пад прыкрыццём моцнай знішчальнай авіяцыі ва ўзаемадзеянні з бамбардзіровачнай, штурмавой авіяцыяй, а таксама артылерыяй. Адначасова быў падрыхтаваны і загад Берыя №00931, які вызначаў парадак афармлення арыштаў ваеннапалонных (гэты парадак быў адпрацаваны яшчэ ў жніўні).
Галоўнае, што непакоіла Маскву ў той момант, – гэта заява Браўхіча, які абвясціў заканчэнне вайны за поўным разгромам праціўніка і намякаў на магчымасць перамоваў з палякамі аб перамір’і. Між тым Рыбентроп тэлеграфаваў у Маскву, што Германія збіраецца біць польскую армію «ўсюды, дзе яе сустрэне», аднак пры гэтым запэўніў, што Маскоўскія пагадненні застаюцца ў поўнай сіле; з прычыны чаго, Шуленбургу вынікала неадкладна аднавіць гутаркі з Молатавым «адносна савецкай ваеннай інтэрвенцыі». Молатаў, са свайго боку, паабяцаў, што РСЧА выступіць на працягу бліжэйшых дзён.
Вальтэр фон Браўхіч – кіраўнік сухапутных войскаў Нямеччыны. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Аднак на наступны дзень, калі высветлілася, што Варшава супраціўляецца, а мабілізацыя і разгортванне РСЧА займаюць шмат часу, ён узяў назад сваё абяцанне. Адначасова ён папракнуў Шуленбурга за камюнікэ аб заканчэнні вайны:
«Савецкі ўрад планаваў скарыстацца далейшым прасоўваннем германскіх войскаў і заявіў, што Польшча развальваецца на кавалкі, і што з прычыны гэтага Савецкі Саюз павінен прыйсці на дапамогу ўкраінцам і беларусам, якім “пагражае” Германія. Гэта падстава прадставіць інтэрвенцыю Савецкага Саюза добрапрыстойнай у вачах мас і дасць Савецкаму Саюзу магчымасць не выглядаць агрэсарам. Гэты шлях быў Савецкаму Саюзу перакрыты ўчорашнім паведамленнем ДНБ (Германскага Інфармацыйнага Агенцтва) аб тым, што, згодна з заявай генерал-палкоўніка Браўхіча, вядзенне ваенных дзеянняў на германскім усходнім фронце ўжо не з’яўляецца неабходным. Паведамленне стварала ўражанне, што германа-польскае перамір’е непазбежна. Калі, аднак, Германія заключыць перамір’е, Савецкі Саюз не можа пачынаць “новую вайну”.
Рыбентроп загадаў адказаць, што заява Браўхіча – «непаразуменне».
11 верасня на базе Беларускага і Кіеўскага ваенных акругаў было створана два фронта – беларускі (камандуючы – камандарм 2-га рангу М. П. Кавалёў) і ўкраінскі (камандуючы – камандарм 1-га рангу С. К. Цімашэнка). У немцаў былі запрошаны разведдадзеныя аб польскай арміі.
14 верасня Молатаў заявіў Шуленбургу, што «Чырвоная Армія дасягнула стану гатоўнасці хутчэй, чым гэта чакалася. Савецкія дзеянні таму могуць пачацца раней названага ім падчас апошняй размовы тэрміну. Улічваючы палітычнае матываванне савецкай акцыі (падзенне Польшчы і абарона рускіх “меншасцяў”), было б вельмі важна не пачынаць дзейнічаць да таго, як упадзе адміністрацыйны цэнтр Польшчы – Варшава».
Ён пацікавіўся, калі гэта адбудзецца, бо, пакуль Варшава абараняецца, савецкі ўрад не можа абгрунтаваць увод сваіх войскаў «распадам польскай дзяржавы». Будучы заклапочаны перш за ўсё прапагандысцкім абгрунтаваннем уварвання, Молатаў прапаноўваў Шуленбургу наступную формулу: «Польшча развалілася, і з прычыны гэтага ў Савецкага Саюза паўстала неабходнасць прыйсці на дапамогу ўкраінцам і беларусам, якім “пагражала” Германія. Гэты довад, сцвярджаў Молатаў, неабходны для таго, каб Савецкі Саюз змог апраўдаць сваё ўмяшанне ў вачах шырокіх мас і не паўстаў агрэсарам».
Рыбентроп загадаў адказаць Молатаву, што «Варшава будзе занята ў бліжэйшыя дні [...] Германія прывітала б пачатак савецкіх ваенных аперацый менавіта зараз».
СССР павінен вызваліць Нямеччыну ад ліквідацыі польскай арміі на ўсім працягу да савецкіх межаў, інакш у савецкай «сферы інтарэсаў» можа ўзнікнуць «палітычны вакуум». Для каардынацыі ваенных аперацый прапануецца сустрэча дэлегацый бакоў у Беластоку. З іншага боку, ён выказаў пратэст супраць меркаванага абгрунтавання ўварвання:
«Насуперак сапраўдным нямецкім намерам [...] гэта супярэчыла б дамоўленасцям, дасягнутым у Маскве і нарэшце [...] прадставіла б дзве дзяржавы праціўнікамі».
У той жа дзень, 14 верасня, у войскі быў перададзены загад аб надыходзе. У 4.20 15 верасня Ваенны савет Беларускага фронту выдаў баявы загад №01, у якім гаварылася, што
«беларускі, украінскі і польскі народы сцякаюць крывёю ў вайне, распачатай кіруючай памешчыцка-капіталістычнай хеўрай Польшчы з Нямеччынай. Рабочыя і сяляне Беларусі, Украіны і Польшчы паўсталі на барацьбу са сваімі пракавечнымі ворагамі – памешчыкамі і капіталістамі. Галоўным сілам польскай арміі германскімі войскамі нанесена цяжкае паражэнне. Арміі Беларускага фронту на світанні 17 верасня 1939 года пераходзяць у наступ з задачай – садзейнічаць паўстаўшым рабочым і сялянам Беларусі і Польшчы ў звяржэнні прыгнёту памешчыкаў і капіталістаў і не дапусціць захопу тэрыторыі Заходняй Беларусі Германіяй».
Спрабуючы ўцягнуць СССР у ваенныя дзеянні супраць Польшчы, германскае кіраўніцтва рабіла намёкі адносна магчымага стварэння на тэрыторыі Польшчы, не занятай германскай арміяй, незалежнай украінскай дзяржавы. У дзённіку начальніка штаба ОКХ Гальдзера ёсць такая нататка:
“Галоўнакамандуючы прыбыў з нарады ў фюрэра. Магчыма, рускія не будуць ні ў што ўмешвацца. Фюрэр хоча стварыць дзяржаву Украіна”.
Вернер фон дэр Шуленбург, амбасадар Нямечыны ў Савецкім Саюзе ў 1939-1941 гадах. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
15 верасня Рыбентроп папрасіў германскага пасла ў СССР Шуленбурга перадаць савецкаму кіраўніцтву наступную перасцярогу:
“Калі не будзе пачата руская інтэрвенцыя, непазбежна паўстане пытанне аб тым, ці не з’явіцца ў раёне, які ляжыць на ўсход ад германскай зоны ўплыву, палітычны вакуум. Паколькі мы, са свайго боку, не маем намеру прадпрымаць у гэтых раёнах якія-небудзь дзеянні палітычнага або адміністрацыйнага характару, якія стаяць адасоблена ад неабходных ваенных аперацый, без такой інтэрвенцыі з боку Савецкага Саюза [ва ўсходняй Польшчы] могуць узнікнуць умовы для фарміравання новых дзяржаў”.
16 верасня ў 6 гадзін вечара Молатаў заявіў Шуленбургу, што
«Ваенная інтэрвенцыя Савецкага Саюза адбудзецца, верагодна, заўтра ці паслязаўтра. Сталін у цяперашні час кансультуецца з ваеннымі кіраўнікамі, і гэтым вечарам ён, у прысутнасці Молатава, пакажа мне [Молатаву] дзень і час савецкага наступлення».
Ён паўтарыў праект прапагандысцкага абгрунтавання ўварвання; пры гэтым ён «пагадзіўся з тым, што планаваная савецкім урадам падстава змяшчала ў сабе ноту, крыўдную для пачуццяў немцаў, але прасіў, прымаючы пад увагу складаную для савецкага ўрада сітуацыю, не дазваляць падобным дробязям уставаць на нашым шляху. Савецкі ўрад, на жаль, не бачыў якой-небудзь іншай падставы, бо да гэтага часу Савецкі Саюз не турбаваўся аб сваіх меншасцях у Польшчы і павінен быў так ці інакш апраўдаць за мяжой сваё цяперашняе ўмяшанне».
Да гэтага часу ў частках ўжо пачалі чытаць загад аб выступе Чырвонай Арміі ў «вызваленчы паход»; праводзіліся мітынгі і сходы, прысвечаныя гэтай падзеі:
«Надышоў час вызваліць працоўных – нашых братоў украінцаў, беларусаў, ад прыгнёту польскіх паноў. Паклянёмся ж, таварышы, што мы будзем біць ворага так, як знішчалі яго ў гады Грамадзянскай вайны».
Пераклад артыкула з Энцыклапедыі Wikipedia «Польский поход РККА (1939)»
Пераклад і ўкшталтаванне ww2pl.info
Каментаваць
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |