Польшча адзначае 70-я ўгодкі савецкай агрэсіі

17 верасьня 1939 году Чырвоная армія па загадзе Сталіна напала на Польшчу. Сёньня спаўняецца 70 гадоў з дня тых падзеяў. 

З акупантам змагалася 25 батальёнаў Корпусу аховы памежжа. Цяжкія баі адбыліся пад Вільніяй, Горадняй, Берасьцем і Беластокам.

Тагачасны жыхар Драгічына Эдвард Буйна прыгадвае, як саветы ўваходзілі ў горад.

Эдвард Буйна: Невялікая танкавая калёна ўехала ў Драгічын з боку Сямятычаў. Мы пабеглі, каб пабачыць савецкіх жаўнераў. Яны затрымаліся каля гімназіі. Цікаўных прыходзіла ўсё больш і больш. Савецкі афіцэр улез на танк і сказаў прыблізна так: палячкі, вы ня бойцеся, мы прыйшлі вас вызваліць ад панскага прыгнёту. З гэтай пары будзеце жыць у Савецкім Саюзе шчасьліва й спакойна. Польшчы няма й ня будзе.

Расейскія гісторыкі ня могуць адназначна ацаніць савецкае ўмяшальніцтва ў Польшчы. Прафэсар гісторыі Аляксандар Шубін з Расейскай акадэміі навук сказаў Польскаму радыё, што, на яго думку, савецкае ўмяшальніцтва з аднаго боку было патрэбнае, а зь іншага маральна асуджальнае.

Аляксандар Шубін: Гэта быў прагматычны крок, які, паводле мяне, спрыяў даволі супярэчнаму ўзмацненьню баявой здольнасьці Савецкага Саюзу ў той гістарычны пэрыяд. Савецкі Саюз выкарыстаў сытуацыю, калі саюзьнікі здрадзілі Польшчы, і перамог Войска польскае. Аднак, на маю думку, усё ж такі гэта быў акт агрэсіі.

У Альштынскім акадэмічным мястэчку Кортава прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі адчыніў Алею памяці катынскіх ахвяраў.

- Гэта была агрэсія, якая скараціла супраціў у змаганьнях зь гітлераўскім акупантам і зьмяніла мапу тагачаснай Эўропы, – сказаў прэзыдэнт.

Ён прыгадаў момант, калі было прынятае рашэньне аб расстрэле польскіх афіцэраў у Катыні.

Лех Качыньскі: Пятага сакавіка 1940 году, роўна 13 гадоў перад сваёй сьмерцю, Сталін выдаў загад пазбавіць жыцьця каля 30 тысяч асобаў.

Пасьля прамовы прэзыдэнт адкрыў памятную дошку, прысьвечаную ахвярам злачынства й пасадзіў памятны дуб.

Беларуская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа

Чытайце таксама:

  • «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 — 1948»
  • Выстава “Помню. Катынь 1940” у Віцебску
  • У Мінску адкрылася выстава пра Катынь
  • Учора скончылася вайна…
  • Катынскія дакумэнты рассакрэчаныя (фота)
  • line
    footer
    © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
    Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes