У лютым 1943 г. нямецкая палявая паліцыя па ўказаннях мясцовых жыхароў выявіла пахаванні ў Катыні і пачала расследаванне; 29 сакавіка пачалася эксгумацыя, а 13 красавіка было афіцыйна абвешчана аб знаходцы пахаванняў расстраляных польскіх афіцэраў. З гэтага моманту ўзяла старт масіраваная прапагандысцкая кампанія. Эксгумацыя, якой кіраваў прафесар Герхардт Бутц, працягвалася да 7 чэрвеня, з прыцягненнем міжнароднай камісіі, якая складалася з еўрапейскіх ўрачоў з падкантрольных Германіі краін, а таксама са Швейцарыі. У эксгумацыі ў катынскім лесе прымалі таксама ўдзел палякі з Тэхнічнай камісіі Полькаскага Чырвонага Крыжа. І палякі, і міжнародныя эксперты падтрымалі высновы, зробленыя Г. Бутцам.
Выяўленне пахаванняў
У сакавіку 1942 г. палякі, якія працавалі ў будаўнічым узводе № 2005, які дыслакаваўся ў раёне Казіных Гор, па ўказаннях мясцовых жыхароў раскапалі пахаванні і паведамілі аб гэтым немцам, але ў той час тыя ніяк не адрэагавалі на гэтую інфармацыю. Не выклікалі цікавасці таксама даклад мясцовага камандзіра, палкоўніка Арэнса, аб знойдзенай ім (разрытай воўкам) магіле і чуткі аб расстрэлах.
18 лютага 1943 года нямецкая палявая паліцыя прыступіла да раскопак магіл у Катынскім лесе і допыту мясцовых жыхароў, а 29 сакавіка была пачата масавая эксгумацыя. Кіраваў ёю прафесар універсітэта Брэслаў Герхардт Бутц. Былы бургамістр Смаленска Мяньшагын, які наведаў Катынь 17 красавіка, так апісвае карціну, якая адкрылася яму:
Адкрыццё пахаванняў растраляных польскіх вайскоўцаў. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
“У іх (раскапаных магілах) рускія ваеннапалонныя выграбалі апошнія рэшткі рэчаў, якія засталіся. А па краях ляжалі трупы. Усе былі апранутыя ў шэрыя польскія мундзіры, у капялюшыкі-канфедэраткі. Ва ўсіх былі рукі завязаныя за спіной. І ўсе мелі дзіркі ў раёне патыліцы. (…)
Асобна ляжалі трупы двух генералаў. Адзін – Смаравінскі з Любліна, і другі – Багатарэвіч з Модлін, – каля іх ляжалі іх дакументы. Каля трупаў былі раскладзеныя іх лісты. На лістах адрас быў: Смаленская вобласць, Казельск, паштовая скрынка – ці то 12, ці то 16 (…). На канвертах на ўсіх быў штэмпель: Масква, Галоўны паштамт”.
Нямецкая прапагандысцкая кампанія
13 красавіка германскае радыё перадало экстранае паведамленне, у якім паведамлялася, што пад Смаленскам знойдзена масавае пахаванне ліквідаваных НКВД 10 тысячах польскіх афіцэраў: «была знойдзена магіла шырынёй 28 метраў, у ёй знаходзіліся 3000 трупаў польскіх афіцэраў, пакладзеныя адзін на аднаго ў дванаццаць слаёў. На афіцэрах было звычайнае абмундзіраванне, некаторыя звязаныя, у кожнага – кулявая адтуліна на патылицы». Далей паведамлялася, што на трупах захаваліся дакументы, што сярод забітых знойдзена цела генерала Смаравінскага, што знаходзяцца ўсё новыя і новыя трупы, і што са знаходкай ўжо азнаёмлены нарвежскія журналісты.
Адкрыццё пахаванняў растраляных польскіх вайскоўцаў. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Гэта паведамленне паслужыла сігналам да пачатку шумнай прапагандысцкай кампаніі вакол Катыні. У прыватнасці, было арганізавана наведванне Катыні некалькімі групамі польскіх грамадзян, журналістаў з розных краін, саюзных ваеннапалонных і г. д. У духу свайго звычайнага антысемітызму (які падаграваўся ў дадзеным выпадку асабістымі і настойлівымі ўказаннямі Гітлера), гебельсаўская прапаганда раздувала тэму ўдзелу яўрэяў у катынскіх расстрэлах, сцвярджаючы, быццам палякаў забілі «кіруючыя работнікі мінскага аддзялення НКВД» Леў Рыбак, Аўраам Барысавіч, Хаім Фінберг і інш. На самой справе яўрэйскія імёны былі ўзятыя наўздагад з архіваў мінскага НКВД, што дасталіся немцам. Колькасць знойдзеных у Катыні палякаў вызначалася прапагандай у 12 тысяч. Выведзена была гэтая лічба абстрактна: з агульнай колькасці афіцэраў, якія трапілі ў савецкі палон, аднялі колькасць жывых (у арміі Андэрса), а астатніх палічылі ляжачымі ў Катыні.
Масква адрэагавала 16 красавіка, абвінаваціўшы Нямеччыну ў «гнюсных паклёпніцкіх выдумках» і заявіўшы, што забойства здзейснілі самі немцы. Пры гэтым прызнавалася, што забітыя знаходзіліся ў савецкім палоне: «Нямецка-фашысцкія паведамленні з гэтай нагоды не пакідаюць ніякага сумнення ў трагічным лёсе былых польскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў 1941 годзе ў раёнах на захад ад Смаленска на будаўнічых работах і трапілі разам са многімі савецкімі людзьмі, жыхарамі Смаленскай вобласці, у рукі нямецка-фашысцкіх катаў летам 1941 года пасля адыходу савецкіх войскаў з раёна Смаленска».
У той жа дзень, Нямецкі Чырвоны Крыж афіцыйна звярнуўся ў Міжнародны Чырвоны Крыж (МЧК) з прапановай прыняць удзел у расследаванні злачынства ў Катыні. Практычна адначасова, 17 красавіка 1943 г., польскі ўрад у выгнанні, са свайго боку, звярнуўся ў МЧК з просьбай расследаваць гібель афіцэраў у Катыні; адначасова ён даручыў свайму паслу ў Маскве звярнуцца за тлумачэннямі да савецкага ўрада. МЧК (у адпаведнасці з статутам) адказаў, што ён пашле камісію на тэрыторыю СССР толькі ў тым выпадку, калі адпаведную просьбу выкажа ўрад СССР. Але Масква катэгарычна адмовілася ўдзельнічаць у расследаванні «ва ўмовах фашысцкага тэрору на акупіраванай немцамі тэрыторыі». Пасля гэтага 24 красавіка Гебельс заявіў, што «удзел Саветаў можа быць дапушчаны толькі ў ролі абвінавачанага».
25 красавіка СССР разарваў адносіны з польскім урадам, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў прапагандысцкай кампаніі гітлераўцаў.
Гебельс, выступаючы 17 красавіка на чарговай канферэнцыі, на якой праходзіў інструктаж прэсы і радыё, з задавальненнем адзначыў, што «катынская справа прыняла такі размах, якога ён спачатку не чакаў». Ён падкрэсліў, што вялікай памылкай савецкага боку была заява аб «археалагічных знаходках» з Гнёздаўскага гарадзішча, якія немцы нібыта і выдалі за парэшткі палякаў. «Другой памылкай было тое, што яны сказалі, што гаворка ідзе пра польскіх афіцэраў, якія трапілі ў нямецкі (па сэнсе,"савецкі") палон, бо цяпер палякі звяртаюцца з шматлікімі запытамі нават асабіста да Сталіна аб месцазнаходжанні гэтых афіцэраў». «Мы прымусілі ворага балбатаць і павінны падтрымліваць гэтую балбатню шляхам вылучэння ўсё новых сцвярджэнняў. Паколькі цяпер варта чакаць міжнародных камісій, мы, натуральна, не павінны казаць наўздагад, а вылучаць толькі абгрунтаваныя сцверджанні», – настаўляў Гебельс.
Фашысцкі прапагандысцкі плакат
Міністр прапаганды выказаў надзею, што катынскай справай удасца «ўнесці даволі вялікі раскол у фронт праціўніка». Галоўная думка, якая павінна стаць лейтматывам прапаганды, – што «бальшавікі не змяніліся (…) што гэта тыя ж крыважэрныя сабакі, якія накінуліся на рускае дваранства, якія забілі латвійскае дваранства і латвійскую буржуазыю (…), якія і ў іншых частках Еўропы сталі б гэтак жа лютаваць».
Пры гэтым Гебельс заявіў: «Некаторыя нашы людзі павінны быць там раней, каб падчас прыбыцця Чырвонага Крыжа ўсё было падрыхтавана і каб пры раскопках не натыкнуліся б на рэчы, якія не адпавядаюць нашай лініі. Мэтазгодна было б абраць аднаго чалавека ад нас і аднаго ад ОКВ, якія ўжо цяпер падрыхтавалі б у Катыні свайго роду пахвілінную праграму». Галоўнай акалічнасцю, «не адпавядаючай нашай лініі», і якая надзвычай засмучала нямецкую прапаганду, было нямецкае паходжанне патронаў, якімі расстралялі палякаў. Толькі пасля яна было афіцыйна прызнана, і ёй было дадзена тлумачэнне.
Сцвярджэнні савецкага ўрада сустракалі скептычныя пярэчанні, адзначаныя ў мемуарах Чэрчыля: здавалася цалкам неверагодным, каб ва ўзнікшай у сувязі з адступленнем рускіх сумятні палякі не паспрабавалі разбегчыся, і ў выніку хоць камусьці з іх удалося б дабрацца да радзімы. Нягледзячы на ўсе намаганні савецкіх прапагандыстаў, версія аб расстрэле польскіх ваеннапалонных НКВД адразу ж была прынята ў Польшчы і ва ўсім свеце як нешта відавочнае. Сам па сабе факт знікнення тысяч польскіх афіцэраў, спынення перапіскі з імі вясной 1940 года, няздольнасць Сталіна выразна растлумачыць іх лёс – з’яўляліся ўскоснымі, але важнымі ўлікамі, якія даказвалі ў вачах не толькі ворагаў, але і саюзнікаў СССР, што на гэты раз гебельсаўская прапаганда блізкая да ісціны. Пры гэтым, саюзнікі імкнуліся замяць катынскую тэму і ўгаворвалі палякаў у Лондане «не дакучаць Сталіну».
Тэхнічная камісія Польскага Чырвонага Крыжа
Немцы з прапагандысцкіх меркаванняў імкнуліся як мага шырэй прыцягнуць да працы ў Катыні міжнародную грамадскасць – і, у прыватнасці, Польскі Чырвоны Крыж (ПЧК) – арганізацыю, аўтарытэтную як у самой Польшчы, так і для эмігранцкага ўрада; акрамя таго, палякі былі неабходныя немцам для чытання знойдзеных дакументаў і ідэнтыфікацыі забітых. ПЧК абвясціў, што будзе супрацоўнічаць з немцамі «ў межах, прадугледжаных міжнароднай канвенцыяй». Немцы спрабавалі прыцягнуць ПЧК і да прапагандысцкай працы, але ПЧК выставіў ўмовы, якія немцы не прынялі.
15 красавіка ў Катынь прыбыла «Тэхнічная камісія» ПЧК, якая складалася з 9 чалавек, большасць якіх была цесна звязана з Супрацівам; 17-га чысла палякі прыступілі да працы, увесь час знаходзячыся пад шчыльным кантролем і назіраннем немцаў. Камісія працавала да 7 чэрвеня, калі немцы спынілі раскопкі «з-за наступу спякоты» (пры гэтым засталася няўскрытай большая частка магілы №8, апошняя з выяўленых; палякі лічылі, што гэта зроблена спецыяльна, каб не была абвергнута афіцыйная лічба ў 12 тысяч ахвяр).
Эксгумацыя катыньскіх магіл. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Менавіта польская камісія зрабіла асноўную працу па ідэнтыфікацыі забітых, якой кіраваў кракаўскі прафесар Вадзінскі. Пакідаючы могілкі, палякі ўсклалі вянок на адну з магіл і, ушанаваўшы памяць забітых, падзякавалі за супрацоўніцтва немцаў і рускіх рабочых. Згодна са службовай справаздачай, «члены камісіі ПЧК атрымалі магчымасць разам агледзець як рвы, так і дакументы». У справаздачы камісіі паказваецца на пастаянны кантроль з боку немцаў; тым не менш, напрыклад, палякі асабіста дасталі 46 трупаў з магілы, якую рабочыя ўжо збіраліся засыпаць.
У справаздачы таксама адзначалася, што немцы не давалі палякам самастойна праглядаць знойдзеныя дакументы, але ўсё знойдзенае складвалася ў пакеты і ў запячатаным выглядзе адвозілася ў штаб, дзе пакеты ў іх прысутнасці і ўскрывалі. У палякаў, аднак, не ўзнікла падазрэнняў у падробцы дакументаў. У прыватнасці, палякі адзначылі, што немцы не хавалі яўрэйскіх імёнаў шэрагу забітых, хаця гэты факт і супярэчыў іх прапагандысцкім устаноўкам, па якіх яўрэі маглі фігураваць выключна ў ролі катаў.
Усяго ў Катыні былі знойдзеныя 3 184 дакументы (лісты, паштоўкі, дзённікі, кавалкі газет); усе яны мелі даты не пазней 6 траўня 1940 г. Кавалкі газет немцы ў большасці выкідалі ў лес, і палякі іх свабодна падбіралі; у асноўным гэта аказаўся «Glos Radziecki», савецкая газета на польскай мове за вясну 1940 г. З мясцовымі жыхарамі палякі размаўлялі свабодна, прычым, па іх словах, жыхары «цалкам пацвярджалі нямецкую версію як аб тым, што Казіныя Горы – даўно вядомае месца пакарання, так і пра тое, што польскія афіцэры былі расстраляныя бальшавікамі». Падрабязныя запісы такога роду размоў і апавяданняў ёсць у кнізе польскага пісьменніка Юзэфа Мацкевіча (удзельнік эксгумацыі).
Рэчы расстраляных знойдзеныя ў магілах. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Высновы польскай камісіі супалі з высновамі немцаў: палякі былі забітыя ў красавіку-траўні 1940 г. Нягледзячы на факт нямецкага паходжання куль, які немцы, як адзначаецца ў справаздачы, спрабавалі ўсяляк схаваць, у ПЧК не было сумненняў у вінаватасці НКВД: «так і давераныя супрацоўнікі НКУС – выканаўцы катынскага злачынства – маглі мець зброю любога паходжання», адзначалі палякі.
Міжнародная камісія
28-30 красавіка прыбыла міжнародная камісія, якая складалася з 12 судовых медыкаў, у асноўным з акупіраваных або саюзных з Германіяй краін (Бельгіі, Галандыі, Балгарыі, Даніі, Фінляндыі, Венгрыі, Італіі, Францыі, Чэхіі, Харватыі, Славакіі, а таксама Швейцарыі).
Камісія даследуе знайдзеныя рэчы расстраляных польскіх вайскоўцаў. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Справаздачу камісіі падпісалі ўсе сябры, акрамя прафесара Кастэда (Францыя), які, не жадаючы гуляць на карысць немцаў, ад удзелу ў камісіі адмовіўся, быў прызначаны туды Лавалем у загадным парадку, але і затым у працы камісіі не ўдзельнічаў пад падставе апендыцыту. Двое з членаў камісіі пасля вайны сцвярджалі, што справаздача была падпісана пад ціскам немцаў. Гэта былі прадстаўнікі краін, у якіх да ўлады прыйшлі камуністы: прафесар Гаек (Чэхаславакія) і Маркаў (Балгарыя); апошні быў арыштаваны «за ўдзел у правакацыйнай катынскай справе». З іншага боку, у 1946 годзе прафесар Франсуа Навіль (Швейцарыя) афіцыйна пацвердзіў усе высновы камісіі, адкінуўшы сцвярджэнні, што на камісію аказваўся ціск. У 1973 г. прафесар Пальміеры, член камісіі ад Італіі, таксама катэгарычна сцвярджаў, што заключэнне камісіі было прынята цалкам свабодна і аднадушна, і назваў яго «неабвержным».
Вынікі нямецкага расследавання
Асноўныя палажэнні справаздачы міжнароднай камісіі зводзіліся да наступнага:
- Апытаныя камісіяй мясцовыя сведкі «сярод іншага пацвердзілі, што на працягу сакавіка і красавіка 1940 г. чыгуначныя эшалоны з польскімі афіцэрамі амаль штодня прыбывалі на станцыю Гнёздава і там разгружаліся. Ваеннапалонных везлі на грузавіках у бок Катынскага леса. Пасля гэтага ніхто ніколі іх больш не бачыў». Камісія адзначыла, што спосаб звязвання палякаў «ідэнтычны таму, які быў усталяваны на трупах рускага грамадзянскага насельніцтва, таксама эксгумаваных у Катынскім лесе, але пахаваных у больш даўні час. Стрэлы ў патыліцу, якімі былі забітыя гэтыя рускія, былі зробленыя таксама вопытнай рукой». Усе забітыя стрэлам у патыліцу. Забітыя ў зімовым абмундзіраванні. Дрэвы, што раслі на магіле, перасаджаны 3 гады таму. На той жа тэрмін паказваюць змяненні ў чарапах забітых, згодна з вопытам д-ра Орсаса (венгерскі член камісіі). У цэлым, «з паказанняў сведкаў і мяркуючы па лістах, дзённіках, газетах і г. д., знойдзеных на трупах, вынікае, што расстрэлы адбываліся ў сакавіку і красавіку 1940 года».
Труп польскага маёра 1 палка імя Ю. Пілсудзкага. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Больш падрабязнасцяў утрымлівае нямецкая справаздача Герхарда Бутца. Яго высновы фармулююцца наступным чынам:
- З 8 брацкіх магіл вынята і нанова пахавана 4 143 трупы. У 70% выпадкаў іх удалося ідэнтыфікаваць. На ўсіх трупах з магіл 1-7 было зімовае адзенне, у прыватнасці шынялі, футравыя і скураныя курткі, швэдары і шалікі. Трупы з магілы №8 былі ў летняй вопратцы. З гэтым узгадняецца факт, што ў магілах 1-7 былі знойдзены фрагменты газет за сакавік-красавік 1940 г., а ў магіле №8 – газеты за пачатак траўня. На трупах не было слядоў насякомых (відавочна, паразітаў), што пацвярджае, што пахаванні рабіліся ў халодную пару года.
- Акрамя газет было знойдзена таксама шмат іншых дакументаў (лістоў і г. д.), а таксама асабістых рэчаў. На ахвярах часта знаходзілі табакеркі ручной працы, часам яшчэ напоўненыя, драўляныя і сярэбраныя партсігары, а таксама муштукі з выразанымі манаграмамі і годам 1939 ці 1940 і надпісам «Казельск». У гэтым лагеры знаходзілася большасць забітых афіцэраў; гэта пацвярджаецца тым, што знойдзеныя на ахвярах лісты ад сваякоў і сяброў былі галоўным чынам адрасаваны на Казельск.
- Стан трупаў не дае магчымасці дакладна ўсталяваць час іх смерці; але знойдзеныя дакументы за пачатак 1940 года і раней «не пакідаюць сумнення, што пакаранне афіцэраў адбывалася ў Катынскім лесе вясной 1940 года». Зрэзы дрэў, пасаджаных на магіле, паказваюць, што яны былі перасаджаны 3 гады таму. Тую ж даціроўка дае па чэрапе д-р Орсас.
- Усе пакараныя былі забітыя ў патыліцу нямецкімі кулямі 7,65 мм калібра, маркі «Geco 7,65 D» (па-нямецку: Gustav Genschow & Co. абяззброенай Германіі 20-х гг., у вялікай колькасці экспартаваліся фірмай «у Польшчу, у прыбалтыйскія дзяржавы і ў Савецкі Саюз (у даволі значнай колькасці да 1928 года, а потым у больш абмежаванай колькасці)». Расстрэлы адбываліся па-за магіламі, магчыма на краі іх; расстрэльвалі ў стаячым становішчы, прычым двое падтрымлівалі расстрэльваемага пад пахі.
- Рукі ахвяраў былі звязаны плеценым шнурам (фабрычнай вытворчасці, які ўжываецца для фіранак або штор) таўшчынёй 3-4 мм. Пятля была задумана так, што пры спробе раз’яднаць рукі вузел аўтаматычна зацягваўся яшчэ тужэй. У большасці целаў з магілы №5 і ў адзінкавых выпадках у іншых магілах, акрамя звычайнага звязвання рук, дадаткова былі замотаныя галовы (уласнымі шынялямі або мундзірамі). Шнур, якім пры гэтым ахоплівалі абмотку на шыі, вольным канцом злучалі з вузлом на руках, так што кожны рух пры спробе вызваліць галаву або рукі аўтаматычна зацягваў пятлю. Звязанымі ў асноўным аказаліся маладыя афіцэры, супраціву якіх, відаць, баяліся. Аналагічным чынам былі звязаны і расстраляныя раней савецкія грамадзяне. На некаторых ахвярах былі знойдзеныя сляды ўдараў савецкім чатырохгранным штыком, якім, як мяркуецца, падганялі ахвяр на дарозе да месца пакарання (згадка аб чатырохгранных штыкавых адтулінах сустракаецца і ў адным савецкім акце; нямецкі ж штык быў плоскім). У многіх выпадках ахвяры насілі сляды пабояў кулаком або прыкладом вінтоўкі (пералом ніжняй сківіцы).
Рукавы шынэлю расстралянага перавязаныя шнурам. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Варта адзначыць, што метад даціроўкі па стане чэрапа, які прымяніў прафесар Орсас, у далейшым «не знайшоў дастатковага наступнага пацвярджэння медыцынскай практыкай».
Катынскі расстрэл
…Падборам камісій займаўся і Гебельс: "Увогуле адусюль павінны быць пасланыя паўафіцыйныя асобы або камісіі… Увогуле работы па раскопцы і ідэнтыфікацыі павінны па магчымасці праводзіцца па меры патрэбы толькі тады, калі туды прыбывае якая-небудзь камісія". Але яго, зразумела, займалі і тыя, хто будзе паказваць доказы камісіям: "Нямецкія афіцэры, якія возьмуць на сябе кіраўніцтва, павінны быць выключна палітычна падрыхтаванымі і вопытнымі людзьмі, якія могуць дзейнічаць спрытна і ўпэўнена. Такімі ж павінны быць і журналісты… Некаторыя нашы людзі павінны быць там раней, каб падчас прыбыцця Чырвонага Крыжа ўсё было падрыхтавана і каб пры раскопках не натыкнуліся б на рэчы, якія не адпавядаюць нашай лініі". Тут вам не туманны пераказ фразы Берыі пра "памылку", тут канкрэтна ўказваецца, што ў магілах могуць быць рэчы, якія разваляць усю версію Гебельса. Гэта доказ №8 версіі Сталіна.
Выстава рэчаў расстраляных для замежных журналістаў заарганізаваная фашыстамі. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Але вось нарэшце міжнародная камісія была створана і прыехала ў Катынскі лес да нямецкага прафесара Г. Бутца, які працаваў у гэтым лесе з самага пачатку. Спецыялісты былі з 12 краін. Адзін швейцарац, астатнія з краін-сатэлітаў Германіі. Гэта былі ўрачы – судовыя медыкі. Працавалі яны два дні (29 і 30 красавіка 1943) і, здавалася б, ім, медыкам, належала б зрабіць заключэнне аб даце расстрэлу на аснове ўласных прафесійных ведаў. Але Г. Бутц і "спрытныя" нямецкія афіцэры прапанавалі ім зрабіць заключэнне на аснове адсутнасці на целах загінуўшых лістоў і ўсяго іншага з датамі пазней вясны 1940 года. Трэба сказаць, што гэта даволі арыгінальны спосаб прад’явіць доказы – аб’явіць доказам адсутнасць доказу! Мы гэтым спосабам неадкладна скарыстаемся. Але пакуль працягнем. Дык вось, міжнародная камісія судмедэкспертаў падпісала пратакол аб тым, што яна ўстанавіла. Гэты пратакол быў 4 траўня апублікаваны "Фелькишер беобахтер". Але, як наракае Мадайчык, "не зрабіў вялікага ўражання". Аднак брыгада Гебельса неяк сціпла замоўчвае, як пісаўся і як падпісваўся пратакол міжнароднай камісіі. Таму мы маем права даць слова падручным Сталіна, у дадзеным выпадку – членам гэтай міжнароднай камісіі.
Г. Бутц дэманструе экспертам і журналістам дакументы з кішэняў ахвяраў.
Чэхаславацкі прафесар судовай медыцыны Ф. Гаек так апісваў ў 1952 годзе прынцып фарміравання камісіі: "Тагачаснае міністэрства ўнутраных спраў пратэктарата перадало мне загад гітлераўскіх акупантаў накіравацца ў Катынскі лес, указваючы пры гэтым, што калі я не паеду і спашлюся на хваробу (што я і рабіў), то мой учынак будзе разглядацца як сабатаж і ў лепшым выпадку я буду арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер". Строгай была брыгада Гебельса. (Гэта вам не НКВД у справе Мяньшагіна са сваім "мы зойдзем у наступны раз"). І вось гэтая "міжнародная камісія" з пагрозай канцэнтрацыйнага лагера "у лепшым выпадку" прыступіла да напісання пратаколу са "сваімі высновамі" па катынскай справе. "Даволі цікава, – піша Гаек, – адбывалася таксама складанне тагачаснай справаздачы з подпісамі судова-медыцынскіх экспертаў з акупіраваных еўрапейскіх краін. Некаторыя не валодалі ў такой ступені нямецкай мовай, каб здолець напісаць навуковую справаздачу. Напісаў яе і стылізаваў нямецкі лекар з Брэслаўля Бутц…"
Амбасадар Францыі ў Берліне Фернан дэ Брынон пад час візіту ў Катынь каля магілаў генералаў Смаравіньскага і Багатырэвіча. Красавік 1943 года. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Не менш цікава адбывалася і падпісанне справаздачы, аб чым сведчыць ужо іншы член міжнароднай камісіі, балгарскі судмедэксперт Марка Маркаў. Раніцай 1 траўня 1943 года міжнародная камісія, правёўшы ў Катыні 2 дня і ўскрыўшы 9 трупаў, вылецела назад, але замест Берліна самалёт нечакана прызямліўся на глухім адасобленым аэрадроме. "Аэрадром быў відавочна ваенным, – распавёў доктар Маркаў. – Там мы абедалі, і адразу пасля абеду нам прапанавалі падпісаць экзэмпляры пратакола. Нам прапанавалі іх падпісаць менавіта тут, на гэтым ізаляваным аэрадроме!"…
Катынская справа ў Нюрнбергу
З 20 лістапада 1945 года па 1 кастрычніка 1946 года ў Нюрнбергу праходзіў судовы працэс над 23 галоўнымі ваеннымі злачынцамі ў Міжнародным ваенным трыбунале (МВТ). 13 лютага 1946 года намеснік галоўнага савецкага абвінаваўцы, палкоўнік Ю. В. Пакроўскі, прад’явіў падрабязнае абвінавачванне па Катынскай справе, заснаванае на матэрыялах камісіі Бурдэнкі і ўскладаўшае віну за арганізацыю расстрэлаў на нямецкі бок. 1-3 ліпеня 1946 года суд выслухаў сведкаў. Абароне ўдалося без цяжкасці разбіць доказы савецкага абвінавачвання. Так, палкоўнік Ф. Арэнс, які кватараваў са сваім штабам у Катынскім лесе і якога савецкае абвінавачванне аб’явіла арганізатарам расстрэлаў, не толькі даказаў сваю недатычнасць, але і ператварыўся ў галоўнага сведку абароны. У выніку, катынскі эпізод у прысудзе не фігураваў, што было расцэнена як “маўклівае прызнанне савецкай віны”.
Пераклад артыкула з Энцыклапедыі Wikipedia
«Немецкое расследование Катынского дела (1943)»
Пераклад і ўкшталтаванне ww2pl.info
Каментаваць
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |