Катынскі расстрэл

Катынскі расстрэл (Zbrodnia katy?ska, Катыньский расстрел) – масавыя пакаранні польскіх грамадзян (у асноўным, палонных афіцэраў польскай арміі), якія ажыццявілі вясной 1940 года супрацоўнікі НКВД СССР. Як сведчаць апублікаваныя ў 1992 годзе дакументы, расстрэлы праводзіліся па рашэнні асаблівай тройкі НКВД СССР у адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 г. Згодна з абнародаванымі архіўнымі дакументамі, усяго было расстраляна 21 857 польскіх зняволеных.

Ахвяры Катыні. Фрагмент постэра фільма “Катынь” 

Ахвяры Катыні. Фрагмент постэра фільма “Катынь”

Першапачаткова «Катынскім расстрэлам» называлі пакаранні польскіх афіцэраў у Катынскім лесе (Смаленская вобласць) каля Катыні, аднак, пасля знаходжання іншых масавых пахаванняў польскіх грамадзян, а таксама савецкіх архіўных дакументаў, якія сведчылі аб расстрэлах, тэрміны «Катынскі расстрэл» і «Катынскае злачынства» сталі ўжываць у адносінах да праведзеных у красавіку-траўні 1940 года расстрэлаў польскіх грамадзян, якія ўтрымліваліся ў розных лагерах і турмах НКВД СССР.

Упершыню аб знаходжанні масавых пахаванняў у Катынскім лесе заявілі ў 1943 годзе прадстаўнікі Трэцяга рэйха, якія акупіравалі гэтыя тэрыторыі ў ходзе наступлення на СССР. Скліканая Германіяй міжнародная камісія правяла экспертызу і заключыла, што расстрэлы зроблены НКВД вясной 1940 года. У сваю чаргу, Савецкі Саюз адмаўляў сваё дачыненне да здарэння. Пасля вызвалення Смаленска савецкімі войскамі, была створана камісія Мікалая Бурдэнкі, якая, правёўшы ўласнае расследаванне, заключыла, што польскія грамадзяне былі расстраляныя ў Катыні ў 1941 годзе нямецкімі акупацыйнымі войскамі. Гэта заключэнне стала афіцыйнай кропкай гледжання ў СССР і краінах Варшаўскага дагавора да 1990 года, калі кіраўніцтва СССР афіцыйна прызнала адказнасць НКВД. У 2004 годзе Галоўная ваенная пракуратура Расіі пацвердзіла вынясенне «тройкай НКВД» смяротных прысудаў 14 542 польскім ваеннапалонным па абвінавачванні ў здзяйсненні дзяржаўных злачынстваў і дакладна ўстанавіла смерць 1803 чалавек і асобы 22 з іх (пры гэтым яна прымала пад увагу вынікі толькі савецкіх эксгумацый, ігнаруючы нямецкае расследаванне).

katyntypo18

Уваход на польскія вайсковыя могілкі ў Катыні. Здымак Сяргея Серабро

katyntypo37

Чугунныя шыльды с імёнамі расстраляных у Катыні. Здымак Сяргея Серабро

katyntypo70

Алтар і “брацкія” магілы польскіх вайскоўцаў. Здымак Сяргея Серабро

Некаторыя расійскія палітыкі і публіцысты ў цяперашні час (2009) працягваюць прытрымлівацца афіцыйнай савецкай версіі.

«Катынскае пытанне» працягвае заставацца адным з фактараў, якія ўскладняюць расійска-польскія адносіны.

Захоп польскіх афіцэраў

Падзел Польшчы

1 верасня 1939 г. Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і Польшчай (вядомы таксама як Пакт Пілсудскага – Гітлера) ад 1934 г., напала на Польшчу.

3 верасня 1939 года Англія і Францыя, выконваючы прынятыя перад Польшчай абавязацельствы, абвясцілі Германіі вайну, якая атрымала назву «Дзіўная вайна», паколькі 110 французскіх і англійскіх дывізій «абсалютна бяздзейнічалі» супраць 23 нямецкіх дывізій.

17 верасня пасля настойлівых просьбаў нямецкага боку аб хутчэйшай акупацыі Чырвонай Арміяй ўсходніх тэрыторый Польшчы, туды ўступілі сілы РККА. У афіцыйнай ноце Масква тлумачыла гэтыя дзеянні развалам польскай дзяржавы і неабходнасцю абараніць ўкраінскае і беларускае насельніцтва, якое пераважала ў гэтых абласцях.

Аперацыя ажыццяўлялася ў адпаведнасці з размежаваннем сфер інтарэсаў па сакрэтным дадатковым пратаколе да Дагавора аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам.
Чырвоная Армія, прасунуўшыся ў выніку наступлення да так званай лініі Керзона, заняла тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, што ўваходзілі па Рыжскаму мірнаму дагавору 1921 года ў склад Польшчы, а да 1917 года – у склад Расійскай і Аўстра-Венгерскай імперый (Гродзенская, Валынская і іншыя губерніі, Галіцыя).

Тагачасным савецкім кіраўніцтвам гэтая аперацыя неафіцыйна называлася «чацвёртым падзелам Польшчы». Такое найменне часам ўжываецца і ў сучаснай гістарыяграфіі.

Палонныя і інтэрніраваныя

19 верасня 1939 года загадам Народнага камісара ўнутраных спраў СССР №0308 было створана Упраўленне па справах ваеннапалонных і інтэрніраваных (УПВІ) пры НКВД СССР і арганізавана 8 лагераў для ўтрымання польскіх ваеннапалонных (Асташкоўскі, Юхноўскі, Казельскі, Пуціўльскі, Казельшчанскі, Старабельскі, Южскі і Аранскі). Начальнікам упраўлення быў прызначаны маёр П. К. Сапруненка.

Палонныя польскія жаўнеры канваююцца чырвонаармейцамі да памежных чыгуначных станцый. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia 

Палонныя польскія жаўнеры канваююцца чырвонаармейцамі да памежных чыгуначных станцый. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Усяго ў ходзе прасоўвання Чырвонай Арміі было захоплена ад чвэрці мільёна да паўмільёна польскіх грамадзян, сярод якіх былі як вайскоўцы польскай арміі, так і іншыя асобы, якіх кіраўніцтва Савецкага Саюза палічыла «падазронымі» з-за іх імкнення да аднаўлення незалежнасці Польшчы.

Паводле рашэння Палітбюро ЦК ВКП (б) ад 3 кастрычніка 1939 года, радавых і ўнтэр-афіцэраў, ураджэнцаў тэрыторый Польшчы, якія адышлі да СССР, распусцілі па дамах, а больш за 40 тысяч жыхароў заходняй і цэнтральнай Польшчы перадалі Германіі. Астатнія ваеннапалонныя былі размеркаваны наступным чынам:

Катэгорыя

Размяшчэнне

Колькасць

Афіцэрскі склад

Старабельскі (под Харкавам)

4 000 чал.

Афіцэрскі склад

Казельскі

5 000 чал.

Жандармы, паліцэйскія і ім адпаведныя

Асташкоўскі лагер (Калінінская вобласць)

4 700 чал.

Радавыя і малодшы камсастаў

будаўніцтва дарогі Новаград-Валынскі- Львоў

18 000 чал.

Радавыя і малодшы камсастаў

Наркамчэрмет на працу ў Крыварожскім басейне

прыкладна 10 000 чал.

УСЯГО:

 

прыкладна 41 700

Сярод арыштаваных палякаў (грамадзянскіх) былі такія вядомыя ў будучыні дзеячы, як будучы прэзідэнт Польшчы Войцэх Ярузэльскі і будучы прэм’ер-міністр Ізраіля Менахем Бэгін. Генерал Уладзіслаў Андэрс утрымліваўся ва ўнутранай турме НКВД на Лубянцы.

Зімой 1940 года палонныя былі высланы ў Сібір на лесапавал; ў пачатку вясны да 26 тысяч сем’яў ваеннапалонных, а таксама прадстаўнікі некаторых іншых катэгорый польскага насельніцтва (асаднікі) былі дэпартаваныя на спецпасяленні, галоўным чынам у Паўночны Казахстан і Сібір.
У той жа час, ад афіцэраў, якія ўтрымліваліся ў трох лагерах – Асташкоўскім, Казельскім і Старабельскім, – перасталі прыходзіць лісты, якія раней рэгулярна даходзілі да сем’яў праз Міжнародны Чырвоны Крыж. З красавіка-траўня 1940 г. сям’і гэтых афіцэраў больш не атрымалі ніводнага ліста.

Расстрэл

Як сведчаць апублікаваныя ў 1992 годзе дакументы, 3 сакавіка 1940 (дата ўсталяваная па нумары запіскі) народны камісар унутраных спраў Лаўрэнцій Берыя прапанаваў Палітбюро:

”У лагерах для ваеннапалонных НКВД СССР і ў турмах заходніх абласцей Украіны і Беларусі ў цяперашні час утрымліваецца вялікая колькасць былых афіцэраў польскай арміі, былых работнікаў польскай паліцыі і разведвальных органаў, членаў польскіх нацыяналістычных контррэвалюцыйных партый, удзельнікаў ускрытых контррэвалюцыйных паўстанцкіх арганізацый, перабежчыкаў і інш. Усе яны з’яўляюцца заклятымі ворагамі савецкай улады, перапоўненымі нянавісці да савецкага ладу.
<…>

У лагерах для ваеннапалонных ўтрымліваецца ўсяго (не лічачы салдат і ўнтэр-афіцэрскага складу) 14736 былых афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, паліцыянтаў, жандармаў, турэмшчыкаў, асаднікаў і разведчыкаў, па нацыянальнасці звыш 97% – палякі.
<…>

Зыходзячы з таго, што ўсе яны з’яўляюцца закаранелымі, непапраўнымі ворагамі савецкай улады, НКВД СССР лічыць неабходным:
<…>

Справы аб ваеннапалонных, якія знаходзяцца ў лагерах, – 14 700 чалавек былых польскіх афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, паліцэйскіх, разведчыкаў, жандармаў, асаднікаў і турэмшчыкаў, а таксама справы аб арыштаваных і членах розных к-р шпіёнскіх і дыверсійных арганізацыяў, былых памешчыках, фабрыкантах, былых польскіх афіцэраў, чыноўніках і перабежчыках, што знаходзяцца ў турмах заходніх абласцей Украіны і Беларусі ў колькасці 11 000 чалавек, – разгледзець у асобым парадку, з ужываннем да іх вышэйшай меры пакарання – расстрэлу”.

запіска Берыі

Запіска Берыі Сталіну. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

5 сакавіка было прынята адпаведнае рашэнне Палітбюро:

“Справы <…> разгледзець у асобым парадку, з ужываннем да іх вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Разгляд справы правесці без выкліку арыштаваных і без прад’яўлення абвінавачвання, пастановы аб заканчэнні следства і абвінаваўчага зняволення. <…> Разгляд спраў і вынясенне рашэння ўскласці на тройку, у складзе т.т. Мяркулава, Кабулава і Баштакова (начальнік 1-га спецаддзела НКВД СССР)”.

Решение Политбюро ЦК ВКП(б) от 5 марта 1940 г.

Рашэнне Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 г. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia

Да канца сакавіка ў НКВД была завершана распрацоўка плана па вывазу польскіх ваеннапалонных з лагераў і турмаў да месцаў расстрэлу. Зняволеных з усіх украінскіх турмаў везлі на расстрэл у Кіеў, Харкаў і Херсон, з беларускіх – у Мінск.

Для знішчэння зняволеных Асташкоўскага лагера была прыгатавана Калінінская турма, загадзя вызваленая ад іншых зняволеных. Адначасова непадалёк ад Калініна, у пасёлку Меднае, экскаватары вырылі некалькі велізарных ямаў.

З пачатку красавіка ваеннапалонных пачалі вывозіць на расстрэл эшалонамі па 350-400 чалавек. Этапіруемыя зняволеныя лічылі, што іх рыхтуюць адпусціць на свабоду, таму настрой у іх шэрагах быў узнёслы.

Маёр Адам Сольскі, адпраўлены па этапу з Казельскага лагера 7 красавіка, запісваў у сваім (пасля знойдзеным нямецкай камісіяй Г. Бутца) дзённіку:

“20 красавіка. З 12 гадзін стаім ў Смаленску на запасным шляху.
21 красавіка. Пад’ём у турэмных вагонах і падрыхтоўка на выхад. Нас кудысьці перавозяць у машынах. Што далей? З світання дзень пачынаецца неяк дзіўна. Перавозка ў боксах «ворана» (страшна). Нас прывезлі кудысьці ў лес, падобна на дачнае месца. Пільны ператрус. Цікавіліся маім заручальным пярсцёнкам, забралі рублі, папругу, перачынны ножык, гадзіннік, які паказваў 6.30 … “

На гэтым дзённік абрываецца.

Непасрэдна ў Катыні расстрэл ажыццяўляўся наступным чынам: ахвяр звязвалі (часам таксама накідвалі на галаву шынель) і падводзілі да рва, пасля чаго стралялі з пісталета ў патыліцу. У Харкаве і Калініне расстрэлы праводзіліся ў турмах. Выкарыстоўваліся ў асноўным пісталеты «Вальтэр» і «Браўнінг» пад патрон «Браунінг» калібра 7,65 мм (нямецкае паходжанне куль паслужыла потым прадметам шматлікіх спекуляцый).

Пакаранні доўжыліся з пачатку красавіка да сярэдзіны траўня 1940 года ў рамках «Аперацыі па разгрузцы лагераў».

Паводле дадзеных, названых у запісцы старшыні КДБ Шалепіна (1959), усяго было расстраляна 21 857 чалавек, з іх у Катыні – 4 421 чалавек, у Харкаве – 3 820 чалавек, у Калініне – 6 311 чалавек і 7 305 чалавек – у лагерах і турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Месца расстрэла, па дадзеных «Запіскі …» Шалепіна

Колькасць, чалавек

у Катынскім лесе (Смаленская вобласць)

4 421

у Старабельскім лагеры каля Харкава

3 820

у Асташкоўскім лагеры (Калінінская вобласць)

6 311

у іншых лагерах і турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі

7 305

Усяго

21 857

Гэтая акцыя стала ўдарам па ўсёй польскай інтэлігенцыі, паколькі сярод пакараных былі як кадравыя афіцэры, так і афіцэры ваеннага часу – мабілізаваныя адвакаты, журналісты, інжынеры, настаўнікі, урачы і г. д., уключаючы універсітэцкіх прафесараў, якіх толькі ў Казельскім лагеры знаходзілася 20 чалавек.

Адначасова па асабістым загадзе Гітлера, аналагічныя акцыі адбываліся і ў нацысцкім «Генерал-губернатарстве». З 1 сакавіка да канца траўня там было арыштавана каля 3 тысяч найбольш вядомых палякаў – навукоўцаў, фабрыкантаў, грамадскіх дзеячаў і г. д. Усе яны былі расстраляныя ў Пальмірах, пад Варшавай.

Гітлер казаў: “Безумоўна, варта памятаць, што польскае дваранства павінна знікнуць, як бы жорстка гэта ні гучала. Яго неабходна знішчыць паўсюдна. (…) Двух гаспадароў, якія стаяць побач, не можа і не павінна быць. Таму ўсе прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі падлягаюць знішчэнню”.

Віртуальна наведайце Мемарыял у Катыні

Экскурсія ў катыньскі мемарыял 

Пытанне аб «зніклых» афіцэрах

Восенню 1940 года афіцэраў польскага Генеральнага штаба перавялі з Гразавецкага лагера ў Маскву. Група афіцэраў, якія не мелі антырускіх настрояў, была пераведзеная ў Бутырскую турму і на Лубянку, а затым прывезена на падмаскоўнае лецішча. Там Берыя і Меркулаў, па ўспамінах Юзэфа Чапскага, сабралі палякаў для абмеркавання з імі пытання аб арганізацыі ядра Польскай Чырвонай Арміі. У ходзе дыскусій было паднята пытанне і пра зніклых з Казельска, Старабельска і Асташкова польскіх афіцэраў. Юзаф Чапскі так апісвае далейшае ў сваёй кнізе ўспамінаў «На бесчалавечнай зямлі»:

“У кастрычніку 1940 г. – за восем месяцаў да пачатку савецка-германскай вайны – бальшавікі перавезлі ў спецыяльны лагер недалёка ад Масквы некалькі афіцэраў нашага штаба, сярод якіх быў падпалкоўнік Берлінг, і прапанавалі ім арганізаваць польскую армію, каб ваяваць супраць немцаў. Берлінг з адабрэннем паставіўся да гэтай прапановы, зрабіўшы пры гэтым адну істотную агаворку, каб у гэтую армію маглі ўступіць усе афіцэры і іншыя польскія вайскоўцы незалежна ад іх палітычных поглядаў. У сустрэчы ўдзельнічалі Берыя і Меркулаў.

- Ну канешне ж, – заявілі яны, – палякі ўсіх палітычных поглядаў будуць мець права ўступіць у гэтую армію.

- Вельмі добра, – адказаў Берлінг, – у лагерах ў Казельску і Старабельску знаходзяцца выдатныя кадры для гэтай арміі.

На што Меркулаў заўважыў:

- Не, не гэтыя. Мы зрабілі з імі вялікую памылку”.

Польскі пісьменнік Рамуальд Святэк аднак цытуе рапарт польскага палкоўніка Е. Гарчынскага, напісаны ў 1943 г. (ужо ў дні эксгумацыі ў Катыні), дзе фраза прыведзеная ў некалькі іншай рэдакцыі:

«Калі мы сказалі камісару Берыя, што вялікая колькасць першакласных афіцэраў для актыўнай службы знаходзіцца ў лагерах ў Старабельску і Казельску, ён заявіў: “Складзіце іх спіс, аднак няшмат з іх засталося, паколькі мы зрабілі вялікую памылку, перадаўшы вялікую іх частку немцам”.

Пасля нападу Германіі на СССР сітуацыя змянілася. Сталін устанавіў дыпламатычныя адносіны з саюзным цяпер польскім урадам у выгнанні. Па ўказе аб амністыі ад 8 жніўня 1941 года захопленым у палон і інтэрніраваным польскім грамадзянам была прадастаўлена амністыя і права свабоднага перамяшчэння па тэрыторыі Савецкага Саюза. Пачалося фарміраванне польскага войска ў СССР.

3 снежня 1941 года Сталін і Молатаў сустрэліся з кіраўніком польскага ўрада генералам Сікорскім і генералам Андэрсам. Пры гэтым адбыўся такі дыялог (цытуецца па польскім афіцыйным запісе):

Сікорскі: “Я заяўляю вам, спадар прэзідэнт, што ваша распараджэнне аб амністыі не выконваецца. Большая колькасць нашых людзей, прычым найбольш каштоўных для арміі, знаходзіцца яшчэ ў лагерах і турмах.

Сталін (запісвае): Гэта немагчыма, бо амністыя тычылася ўсіх, і ўсе палякі вызваленыя. (Апошнія словы адрасаваны Молатаву. Молатаў падтаквае) (…).

Сікорскі: У мяне з сабой спіс, дзе значыцца каля 4 000 афіцэраў, вывезеных гвалтоўна, і якія знаходзяцца ў дадзены момант у турмах і лагерах, і нават гэты спіс не поўны, таму што змяшчае толькі тыя прозвішчы, якія названы па памяці. Я даручыў праверыць, ці няма іх у Польшчы, з якой у нас пастаянная сувязь. Аказалася, што там няма ні аднаго з іх, таксама, як і ў лагерах ваеннапалонных у Германіі. Гэтыя людзі знаходзяцца тут. Ні адзін з іх не вярнуўся.

Сталін: Гэта немагчыма. Яны ўцяклі.

Андэрс: Куды яны маглі ўцячы?

Сталін: Ну, у Маньчжурыю”.

Між тым Андэрс, які стаў кіраўніком польскай арміі на тэрыторыі СССР, рабіў усё магчымае, каб адшукаць «зніклых» афіцэраў, і нават камандзіраваў з гэтай мэтай аднаго з сваіх падначаленых, Юзэфа Чапскага (які сядзеў раней у Старабельскім лагеры). Пазней ён успамінаў у сваіх мемуарах:

“Мяне ўсё больш грызла трывога. З боку савецкіх уладаў – маўчанне ці ўніклівыя фармальныя адказы. А тым часам з’явіліся страшныя чуткі пра лёс зніклых. Што іх вывезлі на паўночныя выспы за Палярным кругам, што іх утапілі ў Белым моры і т. п.”.

Фактам было тое, што ні пра аднаго са 15000 зніклых палонных не было з вясны 1940 года ніякіх вестак і нікога з іх, літаральна – ні аднаго, не ўдалося адшукаць.

Толькі вясной 1943 года свету адкрылася страшная тайна, свет пачуў слова, ад якога да гэтага часу патыхае жахам, – Катынь.

Пераклад артыкула з Энцыклапедыі Wikipedia «Катынский расстрел»
Пераклад і ўкшталтаванне
ww2pl.info

Чытайце таксама:

  • «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 — 1948»
  • Выстава “Помню. Катынь 1940” у Віцебску
  • У Мінску адкрылася выстава пра Катынь
  • Учора скончылася вайна…
  • Катынскія дакумэнты рассакрэчаныя (фота)
  • line
    footer
    © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
    Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes