Польскае радыё для замежжа ад 30.10.2009
Многія нашыя слухачы бралі ўдзел у гістарычным конкурсе, зьвязаным з удзелам палякаў у Другой сусьветнай вайне. Конкурс быў адным з элемэнтаў шырокага праекту, фінансаванага Міністэрствам замежных справаў Польшчы, пад назовам «Пераадольваючы стэрэатыпы: Маладым беларусам пра польскі ўдзел у Другой сусьветнай вайне». У рамках гэтага праекту надоечы ў Гданьску прайшоў сэмінар з удзелам беларусаў, а раней беларускія ўдзельнікі змаглі наведаць мэмарыяльны комплекс у расейскай мясцовасьці Катынь, дзе былі расстраляныя функцыянэрамі НКУС тысячы польскіх ваеннапалонных афіцэраў. На сэмінары ў Гданьску пабывалі й нашы слухачы, якія прымалі ўдзел у гістарычным конкурсе. Па дарозе ў Беларусь яны зазірнулі ў нашую рэдакцыю. Слова арганізатару конкурсу ў Віцебску Юрасю Сьцяпанаву.
Ю. Сьцяпанаў: Сталыя нашы слухачы ведаюць, што цягам трох летніх месяцаў мы праводзілі тры этапы конкурсу, які тычыўся Другой сусьветнай вайны, а больш дакладна, польскага ўдзелу ў гэтай вчялікай падзеі. Дзясяткі слухачоў прыслалі свае лісты, найлепшыя ўдзельнікі, якія правільна адказалі на пытаньні, атрымалі прызы, а таксама адзін заваяваў узнагароду Гран-пры – паездку ў Польшчу. Але, на жаль, ён ня змог паехаць, і замест яго паехала суўдзельніца конкурсу, якая дапамагала адказваць на пытаньні – Ганна Купцэвіч.
А іншыя ўдзельнікі? З якой нагоды вы ў Польшчы?
Ю. Сьцяпанаў: Мы едзем дадому з падвядзеньня вынікаў міжнароднага праекту “Пераадольваючы бар’еры стэрэатыпаў. Маладым беларусам пра польскі ўдзел у Другой сусьветнай вайне”. Гэты праект зьвязаны з конкурсам, які праводзіўся ў эфіры БСПР. Конкурсы плянаваліся паводле ідэі праекту. Узнагароды, якія атрымалі ўдзельнікі, фундаваліся грамадзкай арганізацыяй з Гданьска “Wiedza Powszechna”, а спонсарам зьяўляецца Міністэрства замежных справаў РП.
Ці зацікаўленьне Польшчай, Другой сусьветнай вайной было раней, ці толькі на патрэбы конкурсу вы напісалі сваю працу?
Г. Купцэвіч, студэнтка, Менск: Я даўно цікаўлюся ня толькі гісторыяй Польшчы, але й яе культурай. І гэта была вялікая частка гісторыі. Пытаньні былі цікавыя, некаторыя больш лёгкія, іншыя больш складаныя.
Каб адказваць на пытаньні, вы шукалі інфармацыю ў падручніках, энцыкляпэдыях, ці ўсе ведалі “з галавы”?
Г. Купцэвіч: У беларускіх падручніках цяжка знайсьці адказы на пытаньні, таму дапамагаў інтэрнэт, дапамагалі кнігі, якія ёсьць у майго дзядзі.
Ці такія конкурсы дапамагаюць беларусам больш пазнаць гісторыю, ці гэта толькі для тых, хто й так ужо шмат ведае?
Цімур, вучань, Віцебск: Я лічу, што шмат ніхто ня можа ведаць. Гэта важна для сябе, для асабістага разьвіцьця. Мне гэта паказала, як разглядаецца вайна з польскага пункту гледжаньня. Шчыра кажучы, для мяне стала нечаканасьцю, калі праходзіў сэмінар па гісторыі Другой сусьветнай вайны, дзе прысутнічалі тры польскія гісторыкі, якія паказвалі, як Польшча ўдзельнічала ў гэтай вайне, як палякі глядзяць на падзеі вайны.
Ніна, настаўніца, Віцебск: Я таксама спрабавала даць адказы на ўсе тры пытаньні конкурсу. Рабіла гэта зь вялікім задавальненьнем, а зьвесткі брала ў інтэрнэце. Што хацела б сказаць пра маладых беларусаў, дык рада, што ўдалося прывабіць да ўдзелу ў міжнародным сэмінары па гісторыі Другой сусьветнай вайны некалькі маіх вучняў – адзін зараз з намі. Яны таксама езьдзілі ў паездку ў Катынь, пашырылі свае веды пра тое, якія трагічныя, іншы раз малапазнаныя старонкі гісторыі ў нас адкрываюцца праз многа гадоў, які погляд на іх. Гэта, канечне, пашырыць іх уяўляеньне, дасьць цікавасьць да гісторыі, у тым ліку да суседняй краіны.
Алена Салаўёва, Bіцебскі жаночы клюб: Мяне вельмі ўразіла тое, што польскай гісторыяй зацікаўлена шмат беларусаў, таму што на гэты сэмінар прыехалі людзі з усёй Беларусі. І паездка ў Катынь – як там расстрэльвалі польскіх афэцэраў, гэтая інфармацыя была важнай.
Ю. Сьцяпанаў: Калі я пабыў на экскурсіі, то зразумеў, наколькі сур’ёзная гэтая праблематыка, як важна нам усім гэта ведаць. На жаль, у Беларусі вельмі мала людзей хаця б нешта чулі пра Катынь, блытаюць многія з Хатыньню. Верагодна, за савецкіх часоў Хатынь і была раскручана, каб аддаліць пытаньне Катыні ад шырокіх колаў грамадзтва. Комплекс уражвае. Бачна, што польскі бок даглядае гэты мэмарыяльны аб’ект. І важна, што людзі зь Беларусі й Расеі туды прыязджаюць. Для многіх гэта адкрыцьцё. Але далёка ня ўсе ў нас ведаюць, якія былі расстрэлы. Увогуле падаўляючая большасьць ня ведае, калі пачалася Другая сусьветная вайна й што Польшча разам з вольным горадам Данцыгам былі першымі ахвярамі гэтай вялікай бойні. Большасьць апэлюе да 22 чэрвеня 1941 г., хаця гэта толькі адзін з этапаў вялікай вайны.
Як падаецца гісторыя ў беларускіх падручніках?
Г. Купцэвіч: Пра пачатак вайны звычайна гаворыцца мала. Называецца дата, гаворыцца, што нямецкае войска напала на Польшчу, даецца прычына, і ўсё.
Цімур: Гісторыя ў падручніках падаецца так, што, напрыклад, савецкія воіны былі добрымі, а нямецкія дрэннымі. Але пасьля сэмінару, удзелу ў конкурсе я зразумеў, што для кожнага народа, які так ці інакш быў зьвязаны з гэтай вайной, гэта значыць нешта сваё, у кожнага свая праўда.
Ю. Сьцяпанаў: Праект праходзіць па некалькіх напрамках. Найперш інфармаваньне грамадзтва празь інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі наконт польскага ўдзелу ў Другой сусьветнай вайне. У сеціве зьяўвіўся сайт, які адмыслова прысьвечаны гістарычным падзеям. На Польскім радыё для замежжа прайшоў шырокі конкурс, і яшчэ адзін пачынаецца. Апроч таго, мы падрыхтавалі групу мультыплікатараў на спэцыяльным сэмінары з удзелам трох польскіх выкладчыыкаў. Частка з тых людзей, якія прайшлі навучаньне, удзельнічала потым у перадачы ведаў пра польскі ўдзел школьнікам у Беларусі. Гэта нефармальныя заняткі з вучнямі розных школ і клясаў на тэму Другой сусьветнай вайны, каб дзеці й моладзь набылі рознабаковыя веды пра мінулы глябальны канфлікт.
Нашымі гасьцьмі былі ўдзельнікі праекту «Пераадольваючы стэрэатыпы: Маладым беларусам пра польскі ўдзел у Другой сусьветнай вайне». Больш падрабязную інфрамацыю пра праект можна знайсьці на сайце www.ww2pl.info.
Натальля Грышкевіч
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |