Цягам найбліжэйшага часу БР ПР для замежжа правядзе новы конкурс, датычны польскага ўдзелу ў Другой сусветнай вайне. Ён прысвечаны не гістарычным падзеям, а канкрэтным людзям. Не прэзідэнтам ці генералам, а гэтак званым простым палякам. Тым не менш гэта Асобы з вялікай літары. Іх жыцці – гэта ўзоры для сучаснікаў і будучых пакаленняў.
Наш новы конкурс вельмі просты. Вось яго ўмовы.
Калі ласка, распавядзіце пра Ірэну Сэндлераву і Марэка Эдэльмана. Напішыце, што гэта за постаці. Адзначце, чым праславіліся згаданыя людзі.
Памер працы пра знакамітых польку і паляка павінен быць да пяці машынапісных старонак. Вы можаце скласці адказы на любой з чатырох славянскіх моў, на якіх вяшчае наша радыё: на беларускай, польскай, рускай ці ўкраінскай.
Калі ласка, высылайце свае адказы на віцебскую скрынку БР ПР для замежжа да 30 лістапада 2009 года ўключна. У снежні, пры падвядзенні вынікаў, будзе ўлічваецца дата паштовага штэмпеля на вашым канверце. Так што старайцеся адправіць свае працы ў час.
Конкурсныя ўзнагароды ўжо падрыхтаваныя. Сярод іх ёсць майкі, ліхтарыкі, фляжкі, мапы ды некаторыя іншыя прызы, звязаныя з ваенна-гістарычнай тэматыкай. Падарункі фундуюцца польска-беларускім праектам “Пераадольваючы стэрыятыпы: маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне”.
Разлічваем, што прызёраў будзе не менш за дзесяць чалавек. Зразумела, імі стануць аўтары/аўтаркі найбольш цікавых прац. Перакананыя, варта паспрабаваць!
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |