Конкурс ладзіцца Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа і недзяржаўнымі арганізацыямі Віцебска і Гданьска з нагоды 70-годдзя пачатку ІІ сусветнай вайны. Ён будзе праходзіць у тры месячныя этапы. Першы з іх адбудзецца цягам чэрвеня. Другі этап пройдзе ў ліпені. Трэці – у жніўні.
Пасля кожнага з этапаў 5 пераможцаў атрымаюць цікавыя ўзнагароды, у тым ліку гран-пры – радыёпрыёмнік з рознымі дыяпазонамі (і з кароткімі хвалямі таксама). Чакаецца, што вынікі першага этапу будуць абвешчаныя па радыё 10 ліпеня. Пераможцы другога стануць вядомыя 7 жніўня. Прызёры апошняга этапу будуць названыя ў "Рэдакцыйнай пошце" ПР для замежжа 11 верасня.
Апроч таго, прынамсі адна асоба, якая паспяхова справіцца з усімі трыццаццю пытаннямі і заданнямі конкурсу, за кошт арганізатараў паедзе ўвосень 2009 года ў Польшчу. Мяркуецца, што яна цягам некалькіх дзён наведае сталіцу і марское ўзбярэжжа.
Усе ўзнагароды фундуюцца ў межах міжнароднага грамадскага праекта "Пераадольваючы бар’еры стэрэатыпаў: маладым беларусам пра польскі ўдзел у II сусветнай вайне", які рэалізуецца пры дапамозе Міністэрства замежных спраў РП.
I конкурсны этап:
- Калі пачалася і завяршылася Другая сусветная вайна?
- Якія тры краіны здзейснілі акт агрэсіі ў дачыненні да Польшчы ў верасні 1939 года?
- На якія дзяржаўныя ўтварэнні ажыццявілі напад германскія войскі 1 верасня 1939 года?
- Пералічыце назвы ўсіх 9 армій і прынамсі адной аперацыйнай групы, якія абаранялі Польшчу ў верасні 1939 года.
- Чым вядомае Вестэрплятэ?
- Назавіце імя вядомага беларускага пісьменніка, які ў складзе марской пяхоты Войска Польскага ў 1939 годзе абараняў Гдыню.
- Дзе і колькі часу адбывалася найбуйнейшая бітва вераснёўскай кампаніі?
- Якая польская крэпасць працяглы час абаранялася ў верасні 1939 года?
- Распавядзіце пра польскую абарону Варшавы, Львова і Горадні.
- Колькі польскіх грамадзян загінулі, былі паранены і ўзяты ў палон падчас ваенных аперацый вераснёўскай кампаніі?
II конкурсны этап:
- Як называлася дзяржаўнае ўтварэнне, якое заснавалі гітлераўскія захопнікі на польскай тэрыторыі, не далучанай да "трэцяга рэйху"?
- Назавіце не менш за тры канцэнтрацыйных лагеры, арганізаваных германскімі акупантамі на тэрыторыі колішняй ІІ Рэчы Паспалітай.
- Якую палітыку вялі германскія акупацыйныя ўлады ў дачыненні жыдоўскага насельніцтва польскіх земляў?
- Сімвалам гераізму польскага народа стаў Максіміліян Кольбе. Чаму?
- Раскажыце, чым вядомая Катынь у гісторыі Другой сусветнай вайны.
- Дзе размяшчаўся польскі эміграцыйны ўрад падчас Другой сусветнай вайны?
- Які ўдзел узялі палякі ў змаганні антыгітлераўскіх сіл у Нарвегіі?
- Назавіце месцы баявой славы польскіх салдат у Афрыцы.
- Чым вядомае Монтэ-Касіна ў гісторыі Другой сусветнай вайны?
- Якія краіны вызваляла 1 танкавая дывізія пад камандаваннем польскага генерала Станіслава Мачэка?
III конкурсны этап:
- Які ўдзел узялі палякі ў “бітве за Англію” ў 1940 годзе?
- У баях за тэрыторыю якога французскага пратэктарата ў Афрыцы ўдзельнічаў польскі ваенна-марскі карабель “B?yskawica”?
- Распавядзіце пра жыдоўскі супраціў падчас нямецка-фашысцкай акупацыі II Рэчы Паспалітай.
- Якія вынікі мела Крымская канферэнцыя ў дачыненні да Польшчы?
- Што такое АК?
- Распавядзіце пра Варшаўскае паўстанне.
- Што такое арышт “шаснаццаці”?
- Паведамце даты заняцця войскамі антыгітлераўскай кааліцыі наступных гарадоў: Люблін, Варшава, Лодзь, Кракаў, Быдгашч, Познань, Кольберг, Гдыня, Данцыг, Брэслаў.
- Назавіце сталіцы дзяржаў, якія разам з Савецкай Арміяй занялі часткі Войска Польскага.
- Колькі грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай знішчылі падчас ІІ сусветнай вайны гітлераўскія і сталінскія акупанты?
Каб Ваша праца хутчэй трапіла на конкурс, калі ласка, дасылайце свае адказы на беларускую абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015.