Абарона Хельскай касы – адна з найбольш працяглых бітваў Польскай кампаніі Другой сусветнай вайны. Каля 3000 салдатаў Хельскага ўмацаванага раёна пад камандаваннем капітана 1 рангу («камандора», па-польску Komandor) Владзімежа Штэйера (па-польску W?odzimierz Steyer) абаранялі ваенна-марскую базу польскага флоту Хель супраць нямецкіх войскаў з 9 верасня да 2 кастрычніка 1939 года.
Да вайны. З 1928 года горад Хель з’яўляўся польскім ваенным портам, у той час як паўночная частка касы з пачатку 1920-х знаходзілася пад кіраўніцтвам польскай арміі. У 1936 годзе гэтая тэрыторыя афіцыйна атрымала назву «Умацаваны раён Хель» (па-польску Rejon Umocniony Hel), які ўвайшоў у склад Групы Абароны Узбярэжжа (па-польску Grupa Obrony Wybrze?a); тут было размешчана каля 3000 салдатаў. Сістэма абароны базы ўключала ў сябе 4 гарматы «Бофорс» калібра 152,4 мм (батарэя №31 імя Г. Ласкоўскага), дзве батарэі, кожная з дзвюх гармат калібра 105 мм (№ 32 і № 33), чатыры супрацькарабельных і супрацьпаветраных батарэі з дзвюх гармат калібра 75 мм кожная (№ 21, № 41, № 42, № 43), дзве батарэі СПА з дзвюх гармат калібра 75 мм кожная (№ 22, № 23), адну батарэю СПА з васьмі 40-мм гармат (№ 24), а таксама два 120-см рэфлектары.
Здымак з самалёту Хельскай касы. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Абараняць Хель павінен быў 4-ы батальён «Хель» Корпуса Аховы Памежжа. Планам абароны прадугледжвалася ў першую чаргу абарона партоў (Хеля і Гдыні), а таксама дзеянні на нямецкіх камунікацыях паміж Усходняй Прусіяй і астатняй тэрыторыяй Германіі. Для прадухілення высадкі праціўніка вакол Хельскай касы павінны былі заняць пазіцыі падводныя лодкі (План «Ворэк»).
Абарона. З першага дня вайны (1 верасня) на Хель абрынуліся атакі авіяцыі. Цягам першага тыдня вайны немцы вымусілі часткі польскай арміі «Паможэ» адступіць з «польскага калідора», і з 9 верасня прыступілі непасрэдна да атак умацаванага раёна. Да 20 верасня, пасля разгрому арміі «Паможэ» ў Тухольскіх лясах і капітуляцыі астатніх польскіх гарнізонаў узбярэжжа (Вестэрплатэ, Гдыня), Хель засталася адзіным ачагом супраціву ў гэтым раёне.
Адна з 152,4-мм польскіх гармат Бафорс батарэі ім. Ласкоўскага Хельскага ўмацаванага раёна, якія ўдзельнічалі ў абароне Хельскай касы. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Дзеянні на моры. Абарона касы Хель была цесна звязаная з дзеяннямі польскага флоту. Яшчэ да пачатку баявых дзеянняў тры эсмінцы са складу польскага флоту («Бужа», «Блыскавіца», «Гром») перайшлі ў Англію (т. з. план «Пекін»). Такім чынам, да 1 верасня 1939 года на базе Хель знаходзіліся: 1 эсмінец («Віхер») і 1 мінны загараджальнік («Грыф»), 5 падводных лодак («Вілк», «Жбік», «Рысь», «Сеп», «Ожэл»), а таксама некалькі больш дробных караблёў. Германскі флот, які меў на Балтыцы сілы ў складзе: 2 старых лінейных караблі («Шлезвіг – Гальштэйн» і «Сілезія»), трох лёгкіх крэйсераў («Кёльн», «Нюрнберг», «Лейпцыг»), 9 эсмінцаў, 7 падводных лодак, а таксама шэрагу больш дробных караблёў, валодаў настолькі вялікай перавагай, што 2 верасня немцы нават адвялі лёгкія крэйсеры, якія апынуліся лішнімі, на захад.
Баявыя дзеянні для польскага флоту, пакінутага на Балтыцы, пачаліся ўжо 1 верасня з атак нямецкіх самалётаў. Аднак польскі флот усё-такі прыступіў да выканання даваенных планаў: падводныя лодкі занялі сектары патрулявання згодна з планам «Ворэк», а надводныя судны сабраліся ў гавані Хеля. На працягу наступнага дня германская авіяцыя працягвала інтэнсіўныя бамбардзіроўкі як па караблях, так і па наземных мэтах. Тым не менш, вялікіх вынікаў яна не дасягнула, і раніцай 3 верасня абаронцы Хеля падчас артылерыйскай дуэлі пашкодзілі германскі эсмінец «Леберэхт Маас». Аднак у сярэдзіне таго ж дня «Грыф» і «Віхер» былі патоплены ў гавані Хеля ў выніку чатырох налётаў германскай авіяцыі. Экіпажы абодвух караблёў перайшлі на сушу; з «Грыфа» атрымалася зняць тры 120-мм гарматы «Бофорс», якія складалі батарэю берагавой абароны № 34.
Heinkel He 111 бамбардуюць Польшчу. Здымак з Федэральнага архіву Нямеччыны
Асаблівае значэнне ў абароне Хельскай касы мела пастаноўка мін. Нават страціўшы свае найбольш буйныя караблі, палякі працягвалі свае спробы выставіць мінныя палі на подступах да Хеля, а таксама падтрымлівалі свае войскі агнём з мора. Так, ноччу 6 верасня тры польскіх тральшчыкі выставілі каля Данцыга (Гданьска) да 60 мін; 12 верасня яны падтрымалі сваімі гарматамі абаронцаў Аксіўскай выспы. У ноч на 14 верасня яны зноў выставілі міннае поле, а раніцай правялі абстрэл варожых пазіцый. Аднак апоўдні таго ж дня ў выніку налёту авіяцыі праціўніка польскі флот страціў два тральшчыкі; астатнія караблі былі пашкоджаныя і да падзення Хеля выкарыстоўваліся ў якасці батарэй
Выкарыстоўваліся для пастаноўкі мін і падводныя лодкі (на адной з іх 1 кастрычніка падарваўся нямецкі тральшчык М-85). Акрамя таго, яны правялі некалькі няўдалых атак супраць нямецкіх судоў у Данцыгскай бухце. 14 верасня ім быў аддадзены загад прарывацца ў Вялікабрытанію або Швецыю. Двум падводным лодкам («Вілк» і «Ожэл») атрымалася прарвацца праз дацкія пралівы, і ў далейшым яны ваявалі ў складзе англійскага флоту; яшчэ тры («Рысь», «Сеп», «Жбік») былі інтэрніраваныя ў шведскіх партах. 1 кастрычніка, перад самым падзеннем Хеля, з порта здолеў сыйсці вартавы катэр «Баторый». Яму ўдалося дасягнуць Швецыі, дзе ён і быў інтэрніраваны.
У абароне Хельскай касы ўдзельнічала і польская марская авіяцыя. Некалькі гідрасамалётаў «Lublin R-XIII/hydro» праводзілі разведку, а адзін з іх у ноч на 8 верасня нават здзейсніў налёт на Данцыг. Усе гэтыя самалёты былі знішчаны на зямлі германскай авіяцыяй 8 верасня.
Гарматы батарэі ім. Ласкоўскага Хельскага ўмацаванага раёна. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Германскія караблі, у тым ліку старыя лінкоры «Шлезвіг–Гальштэйн» і «Сілезія», абстрэльвалі паўвыспу з 18 верасня, аднак без асаблівага поспеху. 25 верасня яны ўступілі ў артылерыйскую дуэль з батарэяй імя Ласкоўскага (камандзір З. Пшыбышэўскі); не дасягнуўшы поспеху, немцы адступілі. 27 верасня падчас яшчэ адной такой дуэлі «Шлезвіг – Гальштэйн» атрымаў невялікія пашкоджанні ад пападання 152,4-мм снарада. Батарэі СПА ўмацаванага раёна апынуліся нашмат больш эфектыўнымі, збіўшы падчас бітвы, па розных звестках, ад 46 да 53 самалётаў праціўніка.
Нямецкія маракі інспектуюць пашкоджанні лінкора «Шлезвіг-Гальштэйн» пасля бою з польскай артылерыяй падчас бітвы за Хельскую касу. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Абарона на сушы. 12 верасня нямецкія войскі захапілі Гдыню (за выключэннем Аксіўскай выспы, дзе супраціў працягваўся да 19 верасня); прарваўшы абарону палякаў, яны выйшлі да Балтыйскага мора ў Пуцка. У выніку польскія часткі, якія абараняліся на Хельскай касе, апынуліся адрэзанымі ад астатніх ачагоў супраціву на ўзбярэжжы. Акрамя байцоў 4-га батальёна «Хель» корпуса памежнай аховы, на касу адыйшлі і салдаты іншых частак, якія абаранялі ўзбярэжжа, напрыклад, ваеннаслужачыя марскога авіядывізіёна з-пад Пуцка, якія пазбавіліся сваіх самалётаў.
Завязнуўшы ў польскай абароне, немцы былі вымушаныя падцягнуць для агнявой падтрымкі палявую артылерыю, а таксама браняпоезд. 25 верасня, пасля таго, як немцы захапілі вёску Халупы (цяпер уваходзіць у склад горада Владзіславава), польскія ваенныя інжынеры падарвалі на самым вузкім месцы Хельскай касы боегалоўкі тарпед, аддзяліўшы яе, такім чынам, ад мацерыка. Акрамя таго, гэтыя ж боегалоўкі выкарыстоўваліся ў якасці імправізаваных мін.
Капітуляцыя абаронцаў Хельскай касы. Здымак з hela.com.pl
30 верасня, правёўшы масіраваны артылерыйскі абстрэл, нямецкія войскі перайшлі ў наступ на перашыйку, які злучаў порт Хеля з сушай, і прарвалі польскі фронт. На наступны дзень, 1 кастрычніка 1939 года, праціўнік падыйшоў да Кутніцы (такім чынам, у яго руках апынулася каля траціны касы) і пачаў падрыхтоўку да канчатковага штурму. Прымаючы да ўвагі недахоп боепрыпасаў і адсутнасць надзеі на дапамогу, камандуючы польскім ваенна-марскім флотам контр-адмірал Юзэф Унруг аддаў загад скласці зброю; акт аб капітуляцыі Хеля быў падпісаны ў сопацкім «Гранд-гатэлі». 2 кастрычніка Хельскую касу занялі германскія часткі. Пасля гэтага адзінай групоўкай польскіх войскаў, якая аказвала арганізаваны супраціў немцам, засталася асобная аператыўная група «Палессе», якая канчаткова капітулявала пад Коцкам толькі да 6 кастрычніка 1939 года.
Выгляд на Хельскую касу са спадарожніку.
Пераклад артыкула з Энцыклапедыі Wikipedia «Оборона Хельской косы»
Пераклад і ўкшталтаванне ww2pl.info
Каментаваць
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |