Абарона польскай пошты ў Гданьску (па-польску Obrona Poczty Polskiej w Gdansku, па-руску Защита польской почты в Гданьске) – адзін з першых баёў Другой сусветнай вайны і польскай кампаніі, які адбыўся 1 верасня 1939 года і падчас якога штатныя супрацоўнікі польскага паштовага аддзялення ў Гданьску на працягу 15 гадзін абаранялі будынак пошты ад войскаў СС.
Перадгісторыя.
У 1920 годзе Гданьск (Данцыг) зноў стаў вольным горадам (пад юрысдыкцыяй Лігі Нацый). Большую частку яго насельніцтва складалі немцы (палякаў было толькі 10%), таму ўсё ўпраўленне горада будавалася на нямецкі манер. Дзяржаўнай мовай таксама з’яўляўся нямецкая. У адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем ад 9 лістапада 1920 года Польшча прадстаўляла і абараняла інтарэсы грамадзян Гданьска (Данцыга) за мяжой, а сама тэрыторыя вольнага горада ўваходзіла ў польскую мытную прастору. У 1924 годзе Польшча атрымала згоду Лігі Нацый на стварэнне транзітнага ваеннага склада на паўвыспе Вестэрплатэ і размяшчэнне невялікага гарнізона для яго аховы.
Згодна з Парыжскім пагадненнем, да Польшчы таксама пераходзіла неад’емнае права карыстання Гданьскім портам для экспарту і імпарту тавараў, а таксама арганізацыя сваёй паштовай, тэлеграфнай і тэлефоннай службаў.
Пячатка Дырэкцыі пошт і тэлеграфаў 2-й Рэчы Паспалітай у Гданьску. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
У 1921 годзе была створана Дырэкцыя пошт і тэлеграфаў 2-й Рэчы Паспалітай у Гданьску. Яна размясцілася ў Старым горадзе, у будынку на плошчы Яна Гевелія, 1/2, вядомым сярод гараджан як «польская пошта». У падпарадкаванні Дырэкцыі знаходзіліся наступныя паштовыя ўстановы:
Мундур паштовых служачых з Музея пошты Ўроцлава. Здымак з phila.pl
У ноч на 5 студзеня 1925 года ў прадмесцях Гданьска было ўстаноўлена 10 паштовых скрыняў з польскім гербам і надпісам «Толькі для лістоў у Польшчу». Ужо на наступную ноч гэтыя скрыні падвергліся вандалізму з боку нямецкіх нацыяналістаў, якія размалявалі іх чорна-бела-чырвонымі палосамі.
Адкрыццё 5 студзеня 1925 года ў Гданьску польскага паштампта №3 (пазней №1). Здымак Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
У 1939 годзе ў будынку Гданьска-1 працавала каля 110 чалавек. Небяспека германскай агрэсіі, варожае стаўленне ўладаў вольнага горада, пастаянныя напады мясцовых штурмавікоў СА, гітлерюгенда і іншых баявых груп (пры поўнай падтрымцы нямецкай паліцыі) прымусілі польскую адміністрацыю сур’ёзна задумацца аб абароне свайго галоўнага паштамта.
Прэтэнзіі Германіі на вольны горад сталі адной з галоўных падстаў для нападу на Польшчу. 1 верасня 1939 года немцы абвясцілі аб уключэнні Данцыга ў склад рэйха і прыступілі да ліквідацыі ўсіх польскіх інстытутаў на яго тэрыторыі. Галоўнымі з іх былі паштовае ведамства і ваенна-транзітны склад на Вестэрплатэ, якія сталі першымі мэтамі нямецкага наступлення ў Другой сусветнай вайне. Польскі гарнізон у Вестэрплатэ быў атакаваны ўзброенай групоўкай з 3500 нямецкіх салдатаў, падтрыманых цяжкай артылерыяй (у тым ліку 210-мм гаўбіцамі), пікіруючымі бамбардыроўшчыкамі П-87, а таксама падвяргаўся шматлікім абстрэлам з лінкора «Шлезвіг-Гальштэйн».
Маркі польскай пошты ў Гданьску, што выпускаліся да 1939 года: адна з надпісам (па цэнтры) і дзве з надрукоўкай «PORT GDA?SK» на марках Польшчы. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
План абароны паштамта №1.
Польскія ўлады з трывогай назіралі за нямецкімі памкненнямі ў дачыненні да Гданьска. Пры гэтым яны ясна разумелі, што ўвод войскаў у вузкі Паморскі калідор надзвычай небяспечны: у выпадку германскага ўдару з захаду і з Усходняй Прусіі ўсе гэтыя часткі былі б асуджаныя на знішчэнне. У 1936 годзе генерал Тадэвуш Кутшэба распрацаваў план ваеннай інтэрвенцыі ў Гданьск на выпадак фашысцкага путчу. План прадугледжваў абарону некаторых польскіх аб’ектаў, у першую чаргу ваенна-транзітны склада на Вестэрплатэ і будынка паштамта №1. Апошні павінен быў выстаяць шэсть гадзін. Па плане ўсе аб’екты, акрамя Вестэрплатэ, абаранялі грамадзянскія работнікі, рэзервісты або члены тайнай арганізацыі «Стралецкі саюз», якія прайшлі добрую ваенную падрыхтоўку.
Да красавіка 1939 года арганізацыю самаабароны ўзначальваў Альфонс Флісыкоўскі, падрэферэнт Дырэкцыі пошт і тэлеграфаў, ветэран савецка-польскай вайны. Пасля абвастрэння міжнароднага становішча ў сакавіку 1939 года байцы самаабароны ўстанавілі практыку начных дзяжурстваў. З красавіка камандаванне прыняў падпаручнік Конрад Гудзерскі (псеўданім Конрад, або Інжынер Конрад), дасланы 2-м аддзелам Галоўнага штаба Войска Польскага. У Гданьску станавілася ўсё больш неспакойна. Асцерагаючыся нападаў, польскія паштальёны выходзілі ў горад толькі па двое. Напрыканцы ліпеня генеральны камісар Рэчы Паспалітай у Гданьску распарадзіўся эвакуіраваць ў Польшчу сем’і польскіх работнікаў і паштовых служачых. Увесь жнівень прайшоў у падрыхтоўцы да абароны. Былі прыбраныя ўсе дрэвы, якія раслі вакол будынка. Для ўзмацнення асабістага складу з Гдыні і Быдгошча дадаткова былі накіраваныя дзесяць работнікаў – унтэр-афіцэры рэзерву.
План захопу Гданьска-1.
Немцы, у сваю чаргу, таксама рыхтаваліся да захопу польскага паштамта. Яшчэ ў сакавіку па загадзе з Берліна ўлады вольнага горада прыступілі да стварэння ўласных узброеных сілаў. Камандаванне над імі прыняў генерал Фрыдрых Эберхардт, які спецыяльна прыбыў з Германіі. У ліпені 1939 года былі сфармаваныя два палкі мясцовай паліцыі (па-нямецку: Landespolizei). Тайна ўзмацняліся асабістым складам і зброяй падраздзяленні СА і СС. У чэрвені 1939 года ў Гданьск быў сакрэтна перакінуты 3-і батальён 4-га палка СС «Остмарк», узмоцнены мясцовымі добраахвотнікамі і перайменаваны ў SS Heimwehr Danzig (у кастрычніку 1939 года гэта падраздзяленне ўвайшло ў склад дывізіі СС «Мёртвая галава»). У распараджэнні гэтага падраздзялення меліся аўстрыйскія бронемашыны ADGZ, тайна перакінутыя сюды з Вены (адна ці дзве машыны былі перададзены падраздзяленню СС «Судэтэнланд»). У пачатку ліпеня пад выглядам «дапаможнай паліцыі» быў сфарміраваны батальён СС «Е» пад камандай Курта Аймана. Пасля і батальён, і яго камандзір вызначыліся жорсткімі расправамі над палякамі. Камандаваць аперацыяй павінен быў камендант паліцыі парадку палкоўнік Вілі Бетке, а ўся адказнасць за яе легла на шэфа гданьскай паліцыі оберфюрэра СС Іагана Шэфера.
Штандар SS-Heimwehr Danzig. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
3 ліпеня паліц-обермейстэр Эрых Гёртц з 2-га аддзела паліцыі прадставіў распрацаваны ім план нападу на будынак Гданьска-1. Сам камісарыят гданьскай паліцыі, у якім працаваў Гёртц, размяшчаўся ў прылеглым да паштамта з паўднёвага боку крыле старога гарнізоннага шпіталя. Гёртц прапанаваў пачаць штурм менавіта адсюль; наступ у лоб ён лічыў занадта небяспечным. Тут на першым і другім паверхах былі ўсталяваныя кулямёты. Тры групы па 15-20 чалавек павінны былі прайсці і/або знішчыць агароджу з боку двара і ўварвацца ў будынак. На прылеглых да будынка паштамта вуліцах немцы таксама абсталявалі кулямётныя гнёзды: з поўначы – у будынку на вуліцы Шчэроца, 6; з захаду – на другім і трэцім паверхах дамоў на вуліцы Тартачнай, 6 і 12; нарэшце, з поўдня абстрэл павінен быў весціся з дому на вуліцы Сукеннічай, 4. У агульнай складанасці ў аперацыі прымалі ўдзел каля 180 чалавек, складаўшых асаблівае падраздзяленне з паліцэйскіх, а таксама салдатаў Аймана і Эберхардта.
Перад штурмам.
28 жніўня польскія абаронцы паштамта ў глыбокай тайне даставілі ў будынак зброю – тры лёгкіх кулямёта Льюіса, каля 40 пісталетаў, некалькі карабінаў і гранат. 30 жніўня польскі галоўны штаб канчаткова адмовіўся ад ваеннай аперацыі ў Гданьску. Гэта азначала і адмову ад абароны большасці польскіх аб’ектаў у горадзе. Да гэтага часу дакладна невядома, ці тычыўся загад Вацлава Стахевіча будынка на плошчы Яна Гевелія і ці атрымаў яго падпаручнік Конрад. З допытаў захопленых немцамі абаронцаў паштамта вынікае, што яны чакалі абяцаную дапамогу.
У ноч на 1 верасня 1939 года ў будынку паштовага ведамства на плошчы Яна Гевелия, 1/2, знаходзіліся 43 паштовых работнікі, адзін чыгуначнік і дзесяць дасланых на падмогу з Гдыні і Быдгошча, а таксама 67-гадовы вартаўнік будынка Ян Піпка, яго жонка Малгажата (працавала прыбіральшчыцай) і іх прыёмная дачка, 10-гадовая Эрвіна Бажыхоўска. Гэтай жа ноччу, адразу ж пасля выступлення Гітлера па радыё, у будынку было абвешчана надзвычайнае становішча. Быў распячатаны і абвешчаны таемны план «Tj» – план абароны паштамта №1. Камандаванне абаронай прыняў на сябе Конрад. Роўна ў 4 гадзіны раніцы немцы адключылі будынак ад электрычнасці і перарвалі тэлефонную сувязь. Адразу ж адбыўся сход абаронцаў Гданьска-1. Перад тымі, хто не ўваходзіў у тайную арганізацыю, выступіў падпаручнік Конрад. Ён патлумачыў, што прызначаны камандзірам абароны будынка, а яго намеснікам з’яўляецца Альфонс Флісыкоўскі. Дырэктар Гданьскай акругі пошт і тэлеграфаў доктар Ян Міхонь зачытаў інструкцыю, якая прадпісвала абараняцца на працягу шасці гадзін. Потым Конрад выдаў зброю і загадаў наглуха заблакаваць усе ўваходы і выхады будынка.
Абарона паштамта №1.
На досвітку 1 верасня, у 4 гадзіны 45 хвілін, жыхары Гданьска пачулі гукі кананады – гэта «Шлезвіг-Гальштэйн» пачаў абстрэл Вестэрплатэ. Адначасова з залпамі лінкора раздаўся моцны выбух побач з паштамтам. Бомба, кінутая з падвалу камісарыята паліцыі, імгненна разарвала агароджу тылавой часткі будынка, пасля чаго ў дзірку, што ўтварылася, накіраваліся дзве штурмавыя групы, якія спрабавалі з ходу ўварвацца ўнутр. Трэцяя група ўзарвала вароты ў агароджы з боку вуліцы Сукеннічай. Палякі адказалі агнём з кулямётаў і пісталетаў, а таксама закідалі тых, хто нападаў з ручнымі гранатамі. Немцам ўсё ж такі ўдалося высадзіць дзверы і заняць пасылачны зал, але з дапамогай кулямётаў і гранат абаронцы паштамта вымусілі іх адступіць. Нямецкія страты склалі два чалавекі забітымі і сем параненымі (уключаючы камандзіра адной з груп лейтэнанта Альфрэда Хаймліха, які атрымаў сур’ёзнае раненне і неўзабаве памёр у шпіталі). Аднак будынак па-ранейшаму знаходзіўся пад моцным агнём праціўніка, у тым ліку і бронемашынаў SS Heimwehr Danzig.
Штурм SS будынку Польскай пошты з дапамогай браневіка ADGZ. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Неўзабаве абаронцы пачулі падазроны стук з другога паверха. Выявілася, што немцы з 2-га аддзела паліцыі прабілі сцяну. Падпаручнік Конрад закідаў іх гранатамі, але і сам атрымаў смяротнае раненне. Камандаванне абаронай прыняў лёгкапаранены Альфонс Флісыкоўскі. Чарговыя атакі палякі адбілі каля 9 і 10 гадзін раніцы. Таксама безвынікова скончыліся для немцаў спробы атакаваць будынак бронемашынамі.
Нямецкая кінахроніка пра штурм Польскай пошты ў Гданьску
Занепакоены ўпартасцю абаронцаў польскай пошты палкоўнік Бетке звязаўся са штабам генерала Эберхардта і папрасіў аб дапамозе. Да 11 гадзін сюды прыбылі дзве гарматы калібра 75 мм і з адлегласці 50-60 м адкрылі агонь па будынку. Аднак агонь у адказ вымусіў артылерыстаў змяніць пазіцыю, а затым і зусім спыніць агонь. У 13 гадзін у атаку зноў накіраваліся бронемашыны, якія здолелі падабрацца прама да агароджы. За імі схавалася пяхота, якая спрабавала закідаць гранатамі вокны. Нягледзячы на недахоп боепрыпасаў, абаронцам зноў удалося не дапусціць пранікнення немцаў у будынак. Многія нямецкія гранаты, адляцеўшы ад сцен і рамаў, падалі на зямлю і ўзрываліся пасярод атакуючых, што выклікала сярод іх паніку і паспешлівае адступленне. Раззлаваны Бетке спыніў атакі, каб эвакуіраваць жыхароў бліжэйшых дамоў. Адначасова ён праз мегафон заявіў, што калі абаронцы паштамта не здадуцца на працягу двух гадзін, будынак будзе разбураны разам з імі. У гэты ж час сапёры, дасланыя Эберхардтам, прарылі падкоп і заклалі пад сцяной будынка 600-кілаграмовы зарад. Прыбыла таксама гаўбіца калібра 105 мм, якую разгарнулі ў 150 метрах ад паштамта на вуліцы Кросна.
а) Штурмавікі дэмантуюць польску паштовую скрынку 1 верасня 1939 года. б) Фрагмент паштовай скрынкі на знішчаным будынку Польскай пошты. Здымак з phila.pl
Абстрэл будынка пошты з гаўбіцы. Здымак з 1wrzesnia39.pl
Фашысты ідуць на штурм будынка Польскай пошты. Здымак з 1wrzesnia39.pl
Паколькі абаронцы пошты не капітулявалі, каля 17 гадзін Бетке загадаў падарваць будынак. Дом скалатнула ад магутнага выбуху. Адначасова пачаўся агонь з усіх трох гармат. Палякі перабраліся ў падвал. Калі ўсе перашкоды былі знішчаны, немцы ўварваліся ў будынак і занялі ўсе паверхі, але падвал ўсё яшчэ абараняўся. Нарэшце, каля 18 гадзін, немцы падцягнулі агнямёты і падпалілі паштамт. У палаючым падвале зажыва згарэлі тры абаронцы паштамта – Брунон Маршалкоўскі, Станіслаў Рэкоўскі і Браніслаў Шульц, а таксама яшчэ двое, апазнаць якіх не ўдалося. У выніку цяжкіх апёкаў пазней, у шпіталі, сканалі Юзэф Міткоўскі, Алойзы Франц, Бернард Бінебезэль, Стэфан Цывінскі і вартаўнік Ян Піпка. Тут жа, праз сем тыдняў страшных пакутаў, памерла і 10-гадовая Эрвінка Бажыхоўска, якую немцы спалілі з агнямёту, калі яна спрабавала выбрацца з палаючага будынка.
Капітуляцыя.
Далейшае супраціўленне было немагчыма. Каля 19 гадзін на выхадзе з будынка з’явіўся Ян Міхонь з белым сцягам. Ён быў застрэлены. Такі ж лёс напаткаў і наступнага парламенцёра, Юзэфа Вонсіка. Астатнім абаронцам немцы дазволілі пакінуць палаючы дом і адвезлі іх у камеры Прэзідыўма паліцыі на Акопавай вуліцы, а праз некалькі дзён – у гімназію «Вікторыя-шуле» на вуліцы Хольцгасэ. Там да 15 верасня дапытвалі, катавалі і пакаралі смерцю гданьскіх палякаў – 28 паштовых служачых і Марыю Піпкову, жонку вартаўніка. Шаснаццаць параненых і абпаленых немцы адправілі ў шпіталь гестапа.
Капітуляцыя абаронцаў Польскай пошты. Здымак з 1wrzesnia39.pl
Будынак пошты пасля капітуляцыі. Здымак з 1wrzesnia39.pl
Паштовыя служачыя пасля капітуляцыі. Здымак з Энцыклапедыі Wikipedia
Не ўсе абаронцы паштамта апынуліся ў руках немцаў. У той момант, калі яны з паднятымі рукамі выходзілі праз галоўны ўваход, шэсць чалавек здолелі трапіць на задні двор. Па даху гаража яны перабраліся на суседні будынак на вуліцы Сукеннічай, 9, і праз вокны ўлезлі ў пустыя кватэры, з якіх усе жыхары былі эвакуіраваныя. Там яны памыліся і пераапрануліся ў грамадзянскую вопратку, пасля чаго кожны ратаваўся, як мог. Дзейнічалі ўцекачы, аднак, не вельмі ўмела, і іх ўцёкі былі хутка знойдзены: вярнуўшыся ў сваё жыллё, немцы знайшлі там польскія паштовыя мундзіры з пасведчаннямі асобы ў кішэнях. 2 верасня ў адной з аблаў немцы схапілі Альфонса Флісыкоўскага. Праз некалькі дзён гестапа арыштавала таксама Ляона Фуза. Астатнія чацвёра – Анджэй Гуральскі, Францішак Мялеўчык, Уладзіслаў Мілеўчык і Аўгусцін Млынскі – здолелі перажыць вайну.
Судовы працэс.
Супраць абаронцаў польскага паштамта пачалося следства. Ініцыятарам яго стаў Ханс Вернер Гізэке, саветнік ваеннага суда групы Эберхардта, які 1 верасня з’яўляўся афіцэрам сувязі штаба групы і займаўся адпраўкай гаўбіцы ў дапамогу Бетке. Гізэке заявіў, што, абараняючы сваю ўстанову з зброяй у руках, польскія паштавікі дапусцілі «партызанскія дзеянні», што па германскіх законах караецца смерцю. На працягу некалькіх дзён Гізэке дапытаў усіх абаронцаў паштамта, у тым ліку параненых. Задаваў ён толькі два пытанні: «Вы ўдзельнічалі ў абароне будынка 1/2 на плошчы Яна Гевелія? Вы стралялі пры гэтым?»
Пасля заканчэння допытаў Гізэке вынес пастанову аб арышце і сфармуляваў абвінаваўчае заключэнне. Судовы працэс пачаўся 8 верасня 1939 года. Перад ваенна-палявым судом, на якім старшыняваў доктар Курт Бодэ, паўсталі толькі 28 абаронцаў польскага паштамта ў Гданьску. Дзесяць параненых, якія знаходзіліся ў шпіталі, было вырашана судзіць пазней. Пасля некалькіх гадзін судовага разбіральніцтва ўсе абвінавачаныя былі асуджаныя да смяротнага пакарання. Такая ж судовая расправа адбылася і 29 верасня над астатнімі дзесяццю паштавікамі. Прысуд ваеннага суда зацвердзіў генерал Фрыдрых Эберхардт.
Прысуджаныя накіравалі прашэнне аб памілаванні на імя генерала Вальтэра фон Браўхіча, але той адхіліў прашэнне. 5 кастрычніка 1939 года 38 польскіх паштавікоў былі расстраляныя на гданьскай Заспе, недалёка ад ваеннага палігона, а іх целы закапаныя ў загадзя падрыхтаванай брацкай магіле. Расстрэл здзейснілі эсэсаўцы з SS Heimwehr Danzig. Адным з камандуючых пакараннем быў штурмбанфюрэр СС Макс Паўлі, тагачасны камендант лагера Штутгаф, пасля прысуджаны да пакарання смерцю праз павешанне брытанскім ваенным трыбуналам.
Магілу абаронцаў польскай пошты знайшлі толькі ў 1991 годзе падчас будаўнічых прац. Пасля эксгумацыі і спецыяльных даследаванняў парэшткі перазахавалі на могілках ахвяраў гітлерызму ў Заспе – там, дзе ўжо былі пахаваныя іх таварышы, якія загінулі, памерлыя ад ранаў і забітыя гестапа, або ў Штутгафе. Тут жа спачываюць шыманкоўскія чыгуначнікі і члены іх сем’яў.
Барацьба за справядлівасць.
Пасля вайны сем’і і сваякі загінуўшых абаронцаў Гданьскага польскага паштамта пачалі барацьбу за адмену нямецкіх прысудаў і рэабілітацыю асуджаных. Барацьба гэтая расцягнулася на доўгія гады, бо фармальна Гданьск не з’яўляўся тэрыторыяй Польшчы і ранейшых яго ўладных інстытутаў ужо не існавала. Сем’і звярталіся, перш за ўсё, у Галоўную камісію па расследаванні гітлераўскіх злачынстваў у Польшчы, затым у Галоўную камісію па раскрыцці злачынстваў супраць польскага народа. Яны таксама падключылі некалькіх нямецкіх журналістаў і чыноўнікаў. Асноўная праблема складалася ў нежаданні судовых інстытутаў ФРГ прыцягваць да адказу нацысцкіх злачынцаў, усе яны падлягалі так званай «ціхай амністыі». Вальтэр фон Браўхіч памёр у 1948 годзе, не дажыўшы да суда.
Удзельнікі суда над паштавікамі Ханс Вернер Гізэке і Курт Бодэ прайшлі пасля вайны працэдуру денацыфікацыі і зрабілі добрую кар’еру ў заходнегерманскай юрыспрудэнцыі: Гізэке стаў дырэктарам зямельнага суда ў Франкфурце-на-Майне, а Бодэ быў суддзёй, а затым віцэ-прэзідэнтам Вярхоўнага зямельнага суда ў Брэмене.
Толькі ў 1960 годзе, па іску грамадзяніна ФРГ – сына загінуўшага паштавіка Казімежа Рагачоўскага, – пракуратура пачала следства. Яно працягвалася два гады, удалося дабіцца толькі адмены прысуду. Падаў іск таксама грамадзянін ЗША Джордж (Ежы) Фуз, сын Ляона Фуза. Гэтая судовая справа працягвалася шмат гадоў. І Гізэке, і Бодэ сканалі, не дажыўшы да завяршэння судовага разбіральніцтва. Суд адхіліў пазоў Фуза аб кампенсацыі.
Тэму трагедыі гданьскіх паштавікоў неаднаразова ўздымалі ў сваіх публікацыях пісьменнік Гюнтэр Грас (чый дзядзька-кашуб быў адным з расстраляных абаронцаў паштамта), які прысвяціў абароне паштамта фрагмент свайго рамана «Бляшаны барабан», а таксама журналіст Міхаэль Наўман. Пасля знаходжання ў 1991 годзе парэшткаў расстраляных на Заспе паштавікоў гэтая тэма зноў прыцягнула ўвагу прэсы і грамадства. Сваё прыватнае расследаванне распачаў нямецкі журналіст Дытэр Шэнк – паліцэйскі і супрацоўнік Інтэрпола, які выйшаў на пенсію. Вынікам яго працы стала кніга «Польская пошта ў Гданьску. Аб адной нямецкай судовай расправе». Яе публікацыя ў 1995 годзе стала грамадскай падзеяй у Германіі.
Пісьменнік Гюнтэр Грас. Здымак evan.vnexpress.net
25 траўня 1998 года абодва прысуды па справе абаронцаў паштамта былі адмененыя зямельных судом у Любеку, куды па парадзе Шэнка падалі свае пазовы дочкі Флісыкоўскага і Цыгальскага. Суд прызнаў, што пры разглядзе справы Бодэ дапусціў сур’ёзныя парушэнні дзеючага ў той час права. Усе абаронцы паштамта былі рэабілітаваныя, пры гэтым было пацверджана, што:
Ніжэй прыводзіцца поўны спіс удзельнікаў абароны будынка польскага почтамта №1.
Якія загінулі 1 верасня 1939 года:
Памерлі ў шпіталі ад атрыманых ранаў і апёкаў:
Расстраляныя на Заспе 5 кастрычніка 1939 года:
Паштальён Сільвестр Плашынскі. Здымак з phila.pl
Лёс Ляона Фуза. Ляон Фуз (нар. 21 лютага 1895), старэйшы тэхнік, здолеў сыйсці падчас капітуляцыі. Аднак 7 верасня быў схоплены немцамі і змешчаны ў лагер Штутгаф. У снежні 1939 года быў распазнаны як адзін з абаронцаў будынка паштамта № 1 і расстраляны ў лагеры або ў Пясніцэ.
Перажылі вайну:
Увекавечванне памяці гданьскіх паштавікоў.
Работнікі аддзялення Гданьск-1, члены прафесійнага паштовага саюза, у 1946 годзе былі ўзнагароджаны самым ганаровым польскім ордэнам – «Віртуці мілітары». З 1999 года ўсе абаронцы – ганаровыя грамадзяне Гданьска.
У будынку польскага почтамта №1 у Гданьску, што абараняўся ў 1939 годзе, цяпер працуе музей пошты і тэлекамунікацый, які быў адкрыты 1 верасня 1979 года, у дзень 40-й гадавіны трагічных падзей. Плошча перад будынкам (раней плошча Яна Гевелія) перайменаваная ў плошчу Абаронцаў польскага паштамта (па-польску plac Obro?c?w Poczty Polskiej). У тым жа 1979 годзе на плошчы перад будынкам ўстаноўлены помнік работы скульптара Вінцэнта Кучма (Wincenty Ku?ma). Помнік уяўляе сабой фігуру смяротна параненага паштовага служачага, якому багіня Ніка падае вінтоўку. З яго паштовай сумкі высыпаюцца лісты. Помнік выраблены з нержавеючай сталі. Аўтарамі бронзавай эпітафіі з’яўляюцца Марыя і Зігфрыд Карпальскія.
Помнік абаронцам паштампта №1 у Гданьску. Здымак ww2pl.info
У 1979 годзе паштовае ведамства Польскай Народнай Рэспублікі выпусціла марку і паштова-дабрачынны блок, прысвечаныя 40-годдзю нападу нацысцкай Германіі на Польшчу і абароне польскай пошты ў Гданьску.
Праекты і выдадзеныя маркі ў гонар абаронцаў Польскай пошты ў Гданьску. Здымак з phila.pl
Абарона почтамта Гданьск-1 у кінематографе.
Драматычным падзеям верасня 1939 года ў Гданьску прысвечаны фільм Станіслава Ружэвіча «Вольны горад» (1958), узнагароджаны сярэбраным медалём на VII Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў у Вене ў 1959 годзе. Праз дзевяць гадоў рэжысёр вярнуўся да тэмы гераічнай абароны польскага ўзбярэжжа ў верасні 1939 года, зняўшы карціну «Вестэрплатэ».
Фрагмент фільму “Вольны горад” рэж. Станіслава Ружэвіча з атакай на паштампт.
У 1979 годзе заходнегерманскі кінарэжысёр Фолькер Шлёндарф экранізаваў раман Гюнтэра Граса «Бляшаны барабан». У фільме ёсць эпізоды абароны паштамта.
Гданьскі пачтампт №1 сёння
Паштампт №1 у Гданьску. Здымак ww2pl.info
Пераклад артыкула з Энцыклапедыі Wikipedia «Оборона польской почты в Гданьске»
Пераклад і ўкшталтаванне ww2pl.info
Каментаваць
| © Праект "Маладым беларусам пра польскі ўдзел у ІІ сусветнай вайне", 2009-2011 | Выкарыстанне матэрыялаў
Cтворана на Wordpress | Дызайн Elegant Themes |